Рымлянаў 3

1

Дык вось, у чым жа перавага быць Юдэем, альбо якая карысьць ад абразаньня?

2

Вялікая, ва ўсіх праявах, а найперш у тым, што ім даверана слова Божае.

3

Бо што ж? калі некаторыя ня верылі, хіба ж няверства іхняе зьнішчыць вернасьць Божую?

4

Зусім не. Бог верны, а кожны чалавек ілжывы, як напісана: "Ты праведны ў словах Тваіх і пераможаш, у судзе Тваім".

5

А калі нашая няпраўда выяўляе праўду Божую, дык што скажам? няўжо будзе Бог несправядлівы, калі паказвае гнеў? — кажу, па-чалавечы разважаючы.

6

Зусім не. Бо як жа тады Богу судзіць сьвет?

7

Бо, калі вернасьць Божая ўзвышаецца маёю нявернасьцю на славу Божую, завошта яшчэ мяне ж судзіць, як грэшніка?

8

І ці ж не рабіць нам зло, каб выйшла на дабро, як некаторыя ўпікаюць нас і кажуць, быццам мы гэтак вучым? Справядлівы суд на такіх.

9

Дык што ж? ці маем мы перавагу? Зусім не; бо мы ўжо даказалі, што як Юдэі, так і Эліны, усе пад грэхам,

10

як напісана: "няма праведнага аніводнага;

11

няма, хто разумеў бы; няма, хто Бога шукаў бы;

12

усе зьбіліся з тропу, нягодныя сталіся ўсе: няма, хто тварыў бы дабро, няма аніводнага".

13

Горла іхняе — дамавіна адчыненая, лісьлівяць яны языком; атрута асьпідаў у іх на губах;

14

вусны ў іх поўныя ліхаслоўя і горычы.

15

Ногі ў іх борздыя на праліваньне крыві;

16

разбурэньне і згубнасьць на іхніх дарогах;

17

яны ня ведаюць шляхоў міру.

18

Няма страху Божага перад вачамі ў іх".

19

А мы ведаем, што закон, калі што гаворыць, гаворыць да тых, хто пад законам, так што замыкаюцца ўсякія вусны, і ўвесь сьвет робіцца вінаваты перад Богам,

20

бо дзеямі закону не апраўдаецца перад Ім ніякая плоць; бо законам спазнаецца грэх.

21

Але сёньня, незалежна ад закону, зьявілася праведнасьць Божая, пра якую сьведчаць закон і прарокі,

22

праведнасьць Божая празь веру ў Ісуса Хрыста ва ўсіх і на ўсіх вернікаў; бо няма розьніцы,

23

бо ўсе зграшылі і пазбаўлены славы Божай,

24

атрымліваючы апраўданьне дарам, паводле мілаты Ягонай, адкупленьнем у Ісусе Хрысьце,

25

Якога Бог прынёс у ахвяру ўмілажальваньня ў Крыві Ягонай празь веру, для паказу справядлівасьці Ягонай ў дараваньні грахоў, учыненых раней,

26

у доўгім цярпеньні Божым, для паказу справядлівасьці Ягонай ў сёньняшні час, — хай зьявіцца Ён справядллівы і апраўдае таго, хто веруе ў Ісуса.

27

Дзе ж тое, чым пахваліцца? зьнішчана. Якім законам? законам учынкаў? Не, а законам веры.

28

Бо мы прызнаём, што чалавек апраўдваецца вераю, незалежна ад дзеяў закону.

29

Няўжо Бог ёсьць Бог Юдэяў толькі, а не й язычнікаў? Вядома, і язычнікаў;

30

бо адзін Бог, Які апраўдае абрэзаных па веры і неабрэзаных празь веру.

31

Дык вось, ці ж мы не касуем закон вераю? Зусім не; а сьцьвярджаем закон.