Рымлянаў 2

1

Вось таму няма апраўданьня табе, кожны чалавеча, што судзіш другога; бо тым самым судом, якім судзіш другога, асуджаеш сам сябе; бо, асуджаючы другога, робіш тое самае.

2

А мы ведаем, што паводле ісьціны ёсьць суд Божы на тых, што такое чыняць.

3

Няўжо думаеш ты, чалавеча, што ўнікаеш суду Божага, калі асуджаеш тых, якія ўчыняюць такое, і сам робячы тое самае?

4

Альбо пагарджаеш багацьцем даброці, лагоднасьці і вялікай цярплівасьці Божай, не разумеючы, што даброць Божая вядзе цябе да пакаяньня?

5

Але, з упартасьці тваёй і нераскаянага сэрца ты сам сабе зьбіраеш гнеў на дзень гневу і абвяшчэньня праведнага суду ад Бога,

6

Які кожнаму аддасьць паводле дзеяў ягоных:

7

тым, якія ўвесь час ў добрых дзеях шукаюць славы, гонару і бесьсьмяротнасьці, — жыцьцё вечнае;

8

а тым, якія ўпарцяцца і супрацівяцца ісьціне, ды аддаюцца няпраўдзе, — лютасьць і гнеў.

9

Смутак і скруха ўсякай душы чалавека, які чыніць ліхое: першаму Юдэю, потым і Эліну!

10

Наадварот жа, слава і гонар і мір кожнаму, хто робіць добрае: першаму Юдэю, потым і Эліну!

11

Бо няма прывабы да асобы ў Бога.

12

Тыя, што без закону зграшылі, без закону і загінуць; а тыя, якія ў законе зграшылі, паводле закону прымуць суд,

13

бо не слухачы закону праведныя перад Богам, а выканаўцы закону апраўданы будуць;

14

бо, калі язычнікі, ня маючы закону, ад прыроды законнае робяць, дык, ня маючы закону, яны самі сабе закон:

15

яны паказваюць, што дзеі закону ў іх напісаны ў сэрцах, пра што сьведчыць сумленьне іхняе і думкі іхнія, якія то вінавацяць, то апраўдваюць адна адну,

16

у дзень, калі паводле зьвеставаньня майго, Бог будзе судзіць таемныя дзеі людзей празь Ісуса Хрыста.

17

Вось, ты называешся Юдэем, і супакойваеш сябе законам, і хвалішся Богам,

18

і ведаеш волю Ягоную, і разумееш лепшае, навучаючыся з закону,

19

і ўпэўнены пра сябе, што ты павадыр сьляпым, сьвятло тым, што ходзяць у цемры,-

20

выхавальнік неразумным, настаўнік дзецям, які мае ўзор розуму і ісьціны ў законе:

21

як жа ты, навучаючы другога, ня вучыш сябе самога?

22

Прапаведуючы ня красьці, крадзеш? кажучы: не распусьнічай, распусьнічаеш? грэбуючы ідаламі, рабуеш сьвятыні?

23

хвалішся законам, а, пераступаючы закон, зьневажаеш Бога?

24

бо дзеля вас, як напісана, імя Божае ганьбуецца ў язычнікаў.

25

Абразаньне карыснае, калі выконваеш закон; а калі ты пераступаеш закон, дык абразаньне тваё сталася неабразаньнем.

26

Дык вось, калі неабразанец выконвае пастановы закону, дык ягонае неабразаньне ці не залічыцца яму за абразаньне?

27

І неабрэзаны ад прыроды, які выконвае закон, ці не асудзіць цябе, пераступніка закону зь Пісаньнем і абразаньнем?

28

Бо ня той Юдэй, хто такі з выгляду, і ня тое абразаньне, якое вонкавае, на плоці;

29

а той Юдэй, хто ўнутрана такі, і тое абразаньне, якое ў сэрцы паводле Духа, а не паводле літары: яму і пахвала не ад людзей, а ад Бога.