Деяния 8

1

А Саўл ухваляў забойства яго. У тыя дні паўстала вялікае ганеньне на царкву ў Ерусаліме, і ўсе, апрача апосталаў, расьсеяліся па розных месцах Юдэйскіх і Самарыйскіх.

2

А Сьцяпана пахавалі мужы богабаязныя і ўчынілі вялікі плач па ім.

3

А Саўл глуміў царкву і, заходзячы ў дамы і, выцягваючы мужчын і жанчын, аддаваў у цямніцу.

4

А тым часам тыя, што расьсеяліся, хадзілі і зьвеставалі слова.

5

Так Піліп прыйшоў у горад Самарыйскі і прапаведаваў ім Хрыста;

6

народ аднадушна слухаў, што гаварыў Піліп, і чуў і бачыў, якія ён тварыў цуды;

7

бо нячыстыя духі з многіх апанаваных імі выходзілі зь вялікім крыкам, а многія паралізаваныя і кульгавыя ацаляліся.

8

І была радасьць вялікая ў тым горадзе.

9

А быў у горадзе адзін чалавек, якога звалі Сымон, які перад тым вядзьмарыў і зьдзіўляў люд Самарыйскі, удаючы зь сябе кагосьці вялікага;

10

яго слухалі ўсе, ад малога да вялікага, кажучы: гэты ёсьць вялікая сіла Божая.

11

А слухалі яго таму, што ён доўгі час зьдзіўляў іх чарадзействамі.

12

Але калі паверылі Піліпу, які зьвеставаў пра Царства Божае і пра імя Ісуса Хрыста, дык хрысьціліся і мужчыны і жанчыны.

13

Увераваў і сам Сымон і ахрысьціўшыся не адыходзіў ад Піліпа; і, бачачы, як тварыліся вялікія сілы і азнакі, дзіву даваўся.

14

Апосталы, якія былі ў Ерусаліме, пачуўшы, што Самаране прынялі слова Божае, паслалі да іх Пятра і Яна,

15

якія прыйшоўшы памаліліся за іх, каб прынялі Духа Сьвятога:

16

бо Ён ня зыходзіў яшчэ ні на кога зь іх, а толькі былі яны ахрышчаны ў імя Госпада Ісуса;

17

тады ўсклалі рукі на іх, і яны прынялі Духа Сьвятога.

18

А Сымон, убачыўшы, што праз ускладаньне рук апосталаў падаецца Дух Сьвяты, прынёс ім грошы,

19

кажучы: дайце і мне ўладу гэтую, каб той, на каго Я ўскладу рукі, прымаў Духа Сьвятога.

20

Але Пётр сказаў яму: срэбра тваё хай будзе на згубу з табою, бо ты намысьліў дар Божы здабыць за грошы.

21

Няма табе ў гэтым часткі і долі, бо сэрца тваё няслушнае перад Богам;

22

дык пакайся ў гэтым грэху тваім і маліся Богу: можа, даруецца табе намысел сэрца твайго;

23

бо бачу цябе поўнага жоўці горкай і ў путах няпраўды.

24

А Сымон сказаў у адказ: памалецеся вы за мяне Госпаду, каб не спасьцігла мяне анішто з таго, што вы сказалі.

25

А яны, засьведчыўшы і ўзьвясьціўшы слова Гасподняе, пайшлі назад у Ерусалім і ў многіх селішчах Самарыйскіх прапаведавалі Дабравесьце.

26

А Піліпу анёл Гасподні сказаў: устань і ідзі на поўдзень, на дарогу, якая вядзе зь Ерусаліма ў Газу, на тую, якая пустая.

27

Ён устаў і пайшоў; і вось, муж Эфіопскі, кажэнік, вяльможа Кандакіі, царыцы Эфіопскай, ахоўца ўсіх яе скарбаў, які прыязджаў у Ерусалім на пакланеньне,

28

вяртаўся і, седзячы на калясьніцы сваёй, чытаў прарока Ісаю.

29

Дух сказаў Піліпу: падыдзі і прыстань да гэтае калясьніцы.

30

Піліп падышоў і, пачуўшы, што ён чытае прарока Ісаю, сказаў: ці разумееш, што чытаеш?

31

Ён сказаў: як магу разумець, калі хто не наставіць мяне? І папрасіў Піліпа ўзысьці і сесьці зь ім.

32

А месца зь Пісаньня, якое ён чытаў, было гэтае: "як авечку, вялі Яго на закол, і, як ягня, перад стрыгалём ягоным, маўчыць, так Ён не размыкаў вуснаў Сваіх;

33

у прыніжэньні Яго суд Ягоны адбыўся, а род Яго хто высьветліць? бо забіраецца ад зямлі жыцьцё Ягонае".

34

А кажэнік сказаў Піліпу ў адказ: прашу цябе сказаць : пра каго прарок кажа гэта? ці пра сябе, ці пра каго іншага?

35

Піліп разамкнуў вусны свае і, пачаўшы з гэтага Пісаньня, апавядаў яму пра Ісуса.

36

Тым часам, едучы па дарозе, яны прыехалі да вады, і кажэнік сказаў: вось, вада: што перашкаджае мне ахрысьціцца?

37

А Піліп сказаў яму: калі верыш ад шчырага сэрца, можна. Той сказаў у адказ: веру, што Ісус ёсьць Сын Божы.

38

І загадаў спыніць калясьніцу; і сышлі абодва ў ваду, Піліп і кажэнік; і ахрысьціў яго.

39

А калі яны выйшлі з вады, Дух Гасподні падхапіў Піліпа, і кажэнік ужо ня бачыў яго, і паехаў сваёю дарогаю, радуючыся.

40

А Піліп апынуўся ў Азоце і, як праходзіў, зьвеставаў усім гарадам, пакуль прыйшоў у Кесарыю.