Деяния 20

1

Калі спыніўся бунт, Павал, паклікаўшы вучняў і даўшы ім настаўленьні і разьвітаўшыся зь імі, выйшаў у Македонію.

2

Прайшоўшы тыя землі і наставіўшы вернікаў шчодрымі словамі, прыйшоў у Эладу;

3

Там прабыў ён тры месяцы; калі ж, з прычыны ўзрушэньня супраць яго Юдэяў ён хацеў выправіцца ў Сірыю, дык прыйшло яму на думку вярнуцца праз Македонію.

4

Зь ім сьледавалі да Асіі Сасіпатр Піраў, Вэрыянін, і Фесалонікійцы Арыстарх, Сэкунд, і Гаій Дэрвянін і Цімафей, і Асійцы Тыхік і Трахім.

5

Яны, апярэдзіўшы, чакалі нас у Траадзе.

6

А мы пасьля дзён праснаковых адплылі зь Піліпаў і дзён за пяць прыбылі да іх у Трааду, дзе прабылі сем дзён.

7

У першы ж дзень тыдня, калі вучні сабраліся на ламаньне хлеба, Павал, намерыўшыся выправіцца на другі дзень, гутарыў зь імі і прадоўжыў слова да поўначы.

8

У сьвятліцы, дзе мы сабраліся, было многа сьвяцільняў.

9

Падчас доўгай гутаркі Паўлавай адзін юнак, якога звалі Яўціх і які сядзеў на акне, забыўся ў глыбокім сьне і, пахіснуўшыся, сонны выпаў уніз з трэцяга паверха і падняты быў мёртвы.

10

Павал, сышоўшы, прыпаў да яго і, абняўшы яго, сказаў: ня трывожцеся, бо душа ягоная ў ім.

11

Падняўшыся ўгору і разламаўшы хлеб і зьеўшы, гутарыў доўга, аж да сьвітаньня, і потым пайшоў.

12

Тым часам хлопца прывялі жывога, і нямала ўцешыліся.

13

Мы пайшлі наперад на карабель і паплылі ў Ас, каб забраць адтуль Паўла; бо ён так загадаў нам, маючы ў намеры сам ісьці пеша.

14

а калі ён сышоўся з намі ў Асе, дык, узяўшы яго, мы прыбылі ў Матыліну.

15

І адплыўшы адтуль, на другі дзень мы спыніліся насупраць Хіёса, а яшчэ на другі прысталі да Самоса і, пабываўшы ў Трагіліі, на другі дзень прыбылі ў Міліт;

16

бо Паўлу надумалася абмінуць Эфэс, каб не замарудзіцца яму ў Асіі, таму што ён сьпяшаўся, калі можна, у дзень Пяцідзясятніцы быць у Ерусаліме.

17

А зь Міліта паслаўшы ў Эфэс, ён заклікаў прасьвітараў царквы,

18

і,калі яны прыйшлі да яго, ён сказаў ім: вы ведаеце, як я зь першага дня, калі прыйшоў у Асію, увесь час быў з вамі,

19

працуючы Госпаду з усякай пакорнай мудрасьцю і многімі сьлязьмі, сярод спакушэньняў, якія выпалі мне празь ліхія намыслы Юдэяў;

20

як я не прапусьціў нічога карыснага, пра што вам не прапаведаваў бы і чаму ня вучыў бы вас прылюдна і ў дамах,

21

абвяшчаючы Юдэям і Элінам пакаяньне перад Богам і веру ў Госпада нашага Ісуса Хрыста.

22

І вось, сёньня я пабуджаны Духам іду ў Ерусалім, ня ведаючы, што там здарыцца са мною;

23

толькі Дух Сьвяты ва ўсіх гарадах сьведчыць, кажучы, што кайданы і пакуты чакаюць мяне.

24

Але я ні на што не зважаю і не даражу сваім жыцьцём, толькі б з радасьцю зьдзейсьніць абавязак мой і служэньне, якое я прыняў ад Госпада Ісуса, прапаведаваць Дабравесьце мілаты Божай.

25

І сёньня, вось, я ведаю, што ўжо не пабачыце болей аблічча майго ўсе вы, сярод якіх хадзіў я, прапаведуючы Царства Божае.

26

Таму сьведчу вам у дзень сёньняшні, што чысты я ад крыві ўсіх;

27

бо я ня ўхіляўся абвяшчаць вам усю волю Божую.

28

Дык вось, пільнуйце сябе і ўвесь статак, у якім Дух Сьвяты паставіў вас ахавальнікамі, пасьвіць Царкву Госпада і Бога, якую Ён здабыў Сабе Крывёю Сваёю.

29

Бо я ведаю, што пасьля адыходу майго увойдуць да вас лютыя ваўкі, якія не шкадуюць статку;

30

і з вас саміх паўстануць людзі, якія будуць казаць навыварат, каб павесьці вучняў за сабою.

31

Таму чувайце, памятаючы, што я тры гады дзень і ноч бесьперастанку са сьлязьмі вучыў кожнага з вас.

32

І сёньня даручаю вас, браты, Богу і слову мілаты Ягонай, Які можа станавіць вас болей і даць вам спадчыну з усімі асьвечанымі.

33

Ні срэбра, ні золата, ні ўбраньня я ні ад кога не зажадаў:

34

самі ведаеце, што патрэбам маім і патрэбам тых, што былі са мною, паслужылі рукі мае гэтыя.

35

Ва ўсім паказаў я вам, што, працуючы, трэба падтрымліваць слабых і памятаць словы Госпада Ісуса, бо Ён Сам сказаў: "больш дабрашчасна — даваць, чым браць".

36

Сказаўшы гэта, ён стаў на калені свае і з усімі імі памаліўся.

37

Тады вялікі плач быў ва ўсіх, і, прыпадаючы Паўлу на грудзі, цалавалі яго,

38

смуткуючы найболей ад сказанага ім слова, што ўжо не пабачаць аблічча ягонага. І праводзілі яго да карабля.