Деяния 16

1

Дайшоў ён да Дэрвіі і Лістры. І вось, там быў адзін вучань, якога звалі Цімафеем, маці ў якога была Юдэйка навернутая, а бацька Элін,

2

і пра якога сьведчылі браты, што былі ў Лістры і Іканіі.

3

яго захацеў Павал ўзяць з сабою; і ўзяўшы, абрэзаў яго дзеля Юдэяў, якія былі ў тых мясьцінах; бо ўсе ведалі пра бацьку ягонага, што ён быў Элін.

4

А праходзячы праз гарады, яны наказвалі вернікам выконваць пастановы, складзеныя апосталамі і прасьвітарамі ў Ерусаліме.

5

І цэрквы мацаваліся вераю і штодня ўзрасталі ў ліку.

6

Прайшоўшы праз Фрыгію і Галатыйскую краіну, яны ня былі дапушчаны Духам Сьвятым прапаведаваць слова ў Асіі.

7

Дайшоўшы да Місіі, намерыліся ісьці ў Віфанію, але Дух не дапусьціў іх.

8

Абмінуўшы Місію, сышлі яны ў Трааду.

9

І была ноччу ўява Паўлу: стаў нейкі муж, Македонец, просячы ў яго і кажучы: прыйдзі ў Македонію і памажы нам.

10

Пасьля гэтай уявы адразу мы пастанавілі сабе выправіцца ў Македонію, разумеючы, што заклікаў нас Гасподзь зьвеставаць там.

11

І вось, выправіўшыся з Траады, мы напрасткі прыбылі ў Самафракію, а на другі дзень у Неапаль,

12

а адтуль у Філіпы: гэта першы горад у той частцы Македоніі, калонія; у гэтым горадзе мы прабылі некалькі дзён.

13

А ў дзень суботні мы выйшлі за горад да ракі, дзе звычайна назначалася быць маленьню, і сеўшы, гутарылі з жанчынамі, якія там сабраліся.

14

І адна жанчына з горада Фіятыр, якую звалі Лідзія, гандлярка парфіраю, шаноўніца Бога, слухала; і Гасподзь расхінуў сэрца ейнае слухаць тое, што казаў Павал.

15

Калі ж ахрысьцілася яна і дамашнія ейныя, дык прасіла ў нас, кажучы: калі вы прызналі мяне вернаю Госпаду, увайдзеце ў дом мой і жывеце ў мяне. І пераканала нас.

16

Сталася так, што, калі мы ішлі ў малітоўны дом, сустрэлася нам адна служанка, апантаная духам вяшчунскім, якая вяшчунствам давала вялікі прыбытак гаспадарам сваім.

17

Ідучы за Паўлам і за намі, яна крычала, кажучы: гэтыя людзі — рабы Бога Ўсявышняга, якія абвяшчаюць нам шлях збавеньня.

18

Гэтак рабіла яна многа дзён. Павал, абурыўшыся, павярнуўся і сказаў духу: імем Ісуса Хрыста загадваю табе выйсьці зь яе. І дух выйшаў у тую ж хвіліну.

19

Тады гаспадары ейныя, бачачы, што прапала надзея на прыбытак іхні, схапілі Паўла і Сілу, і павалаклі на плошчу да начальнікаў.

20

І, прывёўшы іх да ваяводаў, сказалі: гэтыя людзі, Юдэі, падбухторваюць наш горад

21

і прапаведуюць звычаі, якіх нам, Рымлянам, ня трэба ні прымаць, ні выконваць.

22

Людзі таксама паўсталі на іх; а ваяводы, сарваўшы зь іх вопратку, загадалі біць іх кіямі

23

і, даўшы ім шмат удараў, кінулі ў цямніцу, загадаўшы ахоўніку цямніцы пільна вартаваць іх;

24

атрымаўшы гэтакі загад, ён кінуў іх ва ўнутраную цямніцу і ногі ім ушчаміў у калоду.

25

Пад поўнач Павал і Сіла, молячыся, славілі песьняй Бога; а вязьні слухалі іх.

26

Раптам стаўся вялікі землятрус, так што захістаўся падмурак цямніцы; адразу адчыніліся ўсе дзьверы, і на ўсіх кайданы паслаблі.

27

Ахоўнік цямніцы, прачнуўшыся і ўбачыўшы, што дзьверы цямніцы адчыненыя, дастаў меч і хацеў закалоць сябе, думаючы, што вязьні ўцяклі.

28

Але Павал абвясьціў гучным голасам, кажучы: не рабі сабе ніякае шкоды, бо ўсе мы тут.

29

Той папрасіў вагню, убег у цямніцу і ў трымценьні прыпаў да Паўла і Сілы,

30

і, вывеўшы іх вонкі, сказаў: дабрадзеі мае ! што мне рабіць, каб уратавацца?

31

А яны сказалі: веруй у Госпада Ісуса Хрыста, і ўратуешся ты і ўвесь дом твой.

32

І абвясьцілі слова Гасподняе яму і ўсім, хто быў у доме ў яго.

33

І, узяўшы іх у тую гадзіну ночы, ён абмыў раны іхнія і без адкладу ахрысьціўся сам і ўсе ягоныя;

34

і прывёўшы іх у дом свой, участаваў іх вячэрай і ўзрадаваўся з усім домам сваім, што увераваў у Бога.

35

А як настаў дзень, ваяводы паслалі гарадзкіх служак сказаць: адпусьці тых людзей.

36

Ахоўнік вязьніцы аб’явіў пра гэта Паўлу: ваяводы прыслалі адпусьціць вас, дык вось, выйдзіце зараз і ідзеце зь мірам.

37

Але Павал прамовіў да іх: нас, рымскіх грамадзянаў, бяз суду прылюдна білі і кінулі ў цямніцу, а цяпер употайкі выпускаюць? не, хай прыйдуць і самі выведуць нас.

38

Гарадзкія служкі пераказалі гэтыя словы ваяводам, і тыя спалохаліся, пачуўшы, што гэта рымскія грамадзяне,

39

і, прыйшоўшы, перапрасіліся ў іх і, вывеўшы, прасілі пакінуць горад.

40

А яны, выйшаўшы зь цямніцы, прыйшлі ў Лідзію і, убачыўшы братоў, вучылі іх, і выправіліся.