Деяния 14

1

У Іканіі яны ўвайшлі разам у Юдэйскую сынагогу і гаварылі так, што ўверавала вялікае мноства Юдэяў і Элінаў.

2

А Юдэі, якія ня верылі, падбілі і ўзбурылі супраць братоў сэрцы язычнікаў.

3

Але яны прабылі там досыць доўга, мужна дзеючы ў імя Госпада, Які, у сьведчаньне слову мілаты Сваёй, тварыў рукамі іхнімі азнакі і цуды.

4

Тым часам люд у горадзе падзяліўся: і адны былі на баку Юдэяў, а другія на баку апосталаў.

5

Калі ж язычнікі і Юдэі са сваімі начальнікамі кінуліся на іх, каб зьняважыць і пабіць іх каменьнем,

6

яны, дазнаўшыся пра гэта, адышлі ў Лікаонскія гарады Лістру і Дэрвію і ў іхняе навакольле,

7

і там дабравесьцілі.

8

У Лістры адзін чалавек, не валодаючы нагамі, сядзеў, бо кульгавы быў ад улоньня маці сваёй, і ніколі не хадзіў.

9

Ён слухаў прамоўцу Паўла, які, зірнуўшы на яго і ўбачыўшы, што ён мае веру на атрыманьне ацаленьня,

10

сказаў гучным голасам: табе кажу ў імя Госпада Ісуса Хрыста: стань на ногі твае проста! І той адразу ўскочыў і пачаў хадзіць.

11

А люд, убачыўшы, што зрабіў Павал, узвысіў свой голас, кажучы па-лікаонску: багі ў вобразе чалавечым зышлі да нас.

12

І называлі Варнаву Зэўсам, а Паўла Гермэсам, бо ён начальнічаў у слове,

13

а жрэц ідала Зэўса, пастаўленага перад іхнім горадам, прывёўшы да брамы валоў і прынёсшы вянкі, хацеў разам з народам прынесьці ахвяры.

14

Але апосталы Варнава і Павал, пачуўшы пра гэта, разадралі сваё адзеньне і, кінуўшыся ў народ, зычным голасам казалі:

15

мужы! што гэта вы робіце? і мы — падобныя на вас людзі, і зьвястуем вам, каб вы навярнуліся ад гэтых марных да Бога жывога, Які стварыў неба і зямлю і мора і ўсё, што ў іх;

16

Які ў мінулых пакаленьнях дапусьціў усім народам хадзіць сваімі шляхамі,

17

хоць і не пераставаў сьведчыць пра Сябе добрымі дзеямі, даючы нам зь неба дажджы і поры ўраджайныя і напаўняючы ежай і радасьцю сэрцы нашыя.

18

І кажучы гэта, яны ледзьве ўгаварылі людзей ня прыносіць ім ахвяры і ісьці кожнаму дамоў. Тым часам як яны, застаючыся там, вучылі,

19

з Антыахіі і Іканіі прыйшлі некаторыя Юдэі і, калі апосталы адважна прапаведавалі, пераканалі людзей адступіцца ад іх, кажучы: яны ня кажуць нічога праўдзівага, а ўсё хлусяць. І падбухторыўшы люд, пабілі Паўла камянямі і вывалаклі за горад, думаючы, што ён мёртвы.

20

Калі ж вучні сабраліся каля яго, ён устаў і пайшоў у горад, і на другі дзень адышоў з Варнавам у Дэрвію.

21

Абвясьціўшы Дабравесьце гэтаму гораду і прыдбаўшы многа вучняў, яны пайшлі назад празь Лістру, Іканію і Антыахію,

22

мацуючы душы вучням, умаўляючы заставацца ў веры і павучаючы, што праз многія скрухі належыць нам увайсьці ў Царства Божае.

23

А рукапаклаўшы ім прасьвітараў у кожнай царкве, яны памаліліся з постам і перадалі іх Госпаду, у Якога ўверавалі.

24

Потым, прайшоўшы празь Пісідыю, прыйшлі ў Памфілію;

25

і, прапаведаўшы слова Гасподняе ў Пэргіі, выйшлі ў Аталію,

26

а адтуль адплылі ў Антыахію, адкуль былі аддадзены мілаце Божай на дзею, якую і справілі.

27

Дабраўшыся туды і склікаўшы царкву, яны расказалі пра ўсё, што Бог учыніў зь імі і як Ён адчыніў дзьверы веры язычнікам;

28

і заставаліся там не малы час з вучнямі.