Йоан 2

1

На трэці дзень было вясельле ў Кане Галілейскай, і Маці Ісусава была там.

2

Быў таксама запрошаны Ісус і вучні Ягоныя на вясельле.

3

І як нехапала віна, дык Маці Ісусава кажа Яму: віна няма ў іх.

4

Ісус кажа Ёй: што Мне і Табе, жанчына? яшчэ ня прыйшла гадзіна Мая.

5

Маці Ягоная сказала слугам: што скажа Ён вам, тое і зрабеце.

6

А было там шэсьць каменных посудаў на ваду, якія стаялі паводле звычаю ачышчэньня Юдэйскага, умяшчаючы ў сябе па дзьве ці па тры меры.

7

Ісус кажа ім: напоўніце посуды вадою. І напоўнілі іх па бераг.

8

І кажа ім: цяпер чэрпайце і нясеце да распарадчыка вясельля. І панесьлі.

9

А калі распарадчык скаштаваў вады, якая зрабілася віном, — а ён ня ведаў, адкуль гэтае віно, ведалі толькі слугі, якія чэрпалі ваду, — тады распарадчык кліча маладога

10

і кажа яму: кожны чалавек падае спачатку добрае віно, а калі паўпіваюцца, тады горшае; а ты добрае віно зьбярог дагэтуль.

11

Так заклаў Ісус пачатак цудаў у Кане Галілейскай і зьявіў славу Сваю; і ўверавалі ў Яго вучні Ягоныя.

12

Пасьля гэтага прыйшоў Ён у Капернаум, Сам і Маці Ягоная, і браты Ягоныя і вучні Ягоныя, і прабылі там няшмат дзён.

13

Набліжалася Пасха Юдэйская, і Ісус прыйшоў у Ерусалім

14

і знайшоў, што ў храме прадавалі валоў, авечак і галубоў, і сядзелі мяняйлы грошай.

15

І зрабіўшы бізун зь вяровак, выгнаў з храма ўсіх, і авечак і валоў таксама, і грошы ў мяняйлаў рассыпаў, а сталы іхнія абярнуў;

16

І сказаў прадаўцам галубоў: вазьмеце гэта адсюль, і з дома Айца Майго не рабеце дома гандлёвага.

17

Пры гэтым вучні Ягоныя прыгадалі, што напісана: "рупнасьць за дом Твой зьядае Мяне".

18

На гэта Юдэі сказалі Яму ў адказ: якою азнакаю дакажаш Ты нам, што маеш уладу так рабіць?

19

Ісус сказаў ім у адказ: разбурце храм гэты, і Я за тры дні ўзьвяду яго.

20

На гэта сказалі Юдэі: гэты храм будаваўся сорак шэсьць гадоў, і Ты за тры дні ўзьвядзеш яго?

21

А Ён казаў пра храм Цела Свайго.

22

А калі ўваскрэс Ён зь мёртвых, дык вучні Ягоныя ўспомнілі, што Ён казаў гэта, і паверылі Пісаньню і слову, якое сказаў Ісус.

23

І калі Ён быў у Ерусаліме на сьвяце Пасхі, дык многія, бачачы цуды, якія Ён тварыў, паверылі ў імя Ягонае.

24

Але Сам Ісус не давяраў Сябе ім, бо ведаў усіх,

25

і ня меў патрэбы, каб хто засьведчыў пра чалавека; бо Сам ведаў, што ў чалавеку.