Йоан 19

1

Тады Пілат узяў Ісуса і загадаў біць Яго.

2

І воіны, сплёўшы вянок цярновы, усклалі Яму на галаву, і апранулі Яго ў пурпуру,

3

і казалі: радуйся, Цару Юдэйскі! І білі яго па шчоках.

4

Пілат зноў выйшаў і сказаў ім: вось я выводжу Яго да вас, каб вы ведалі, што я не знаходжу ў Ім ніякае віны.

5

Тады выйшаў Ісус у цярновым вянку і ў пурпуры. І сказаў ім Пілат : вось, Чалавек!

6

Калі ж убачылі Яго першасьвятары і служкі, дык закрычалі: укрыжуй, укрыжуй Яго! Пілат кажа ім: вазьмеце Яго вы і ўкрыжуйце, бо я не знаходжу ў Ім віны.

7

Юдэі адказвалі яму: мы маем закон, і паводле закону нашага Ён павінен памерці, бо зрабіў Сябе Сынам Божым.

8

Пілат, пачуўшы гэтае слова, яшчэ больш напалохаўся,

9

і зноў увайшоў у прэторыю, і сказаў Ісусу: адкуль Ты? Але Ісус ня даў яму адказу.

10

Пілат кажа Яму: мне не адказваеш? ці ня ведаеш, што я маю ўладу Цябе крыжаваць і ўладу маю Цябе адпусьціць?

11

Ісус адказваў: ты ня меў бы над Мною ніякае ўлады, калі б ня было дадзена табе зьверху; таму большы грэх на тым, хто перадаў Мяне табе.

12

З гэтага часу Пілат намагаўся адпусьціць Яго. А Юдэі крычалі: калі адпусьціш Яго, ты ня прыяцель кесару; кожны, хто робіць сябе царом, супрацівіцца кесару.

13

Пілат, пачуўшы гэтае слова, вывеў Ісуса і сеў на судзілішчы, на месцы, якое называецца Ліфастратон , а па-Габрэйску Гаввафа.

14

Тады была пятніца перад Пасхаю, і гадзіна шостая. І сказаў Пілат Юдэям: вось, Цар ваш!

15

Але яны закрычалі: вазьмі, вазьмі, укрыжуй Яго! Пілат кажа ім: каб Цара вашага крыжаваць? Першасьвятары адказвалі: няма ў нас цара апроч кесара.

16

Тады нарэшце ён аддаў Яго ім на крыжаваньне. І ўзялі Ісуса і павялі.

17

І, нясучы крыж Свой, Ён выйшаў на месца, называнае Лобным, па-габрэйску Галгофа ;

18

там укрыжавалі Яго і зь Ім двух іншых, па адзін і па другі бок, а пасярэдзіне Ісуса.

19

А Пілат напісаў і надпіс паставіў на крыжы. Напісана было: Ісус Назарэй, Цар Юдэйскі.

20

Гэты надпіс чыталі многія Юдэі, бо месца, дзе быў укрыжаваны Ісус, было недалёка ад горада, і напісана было па-габрэйску, па-грэцку, па-рымску.

21

А першасьвятары Юдэйскія сказалі Пілату: ня пішы: Цар Юдэйскі, а што Ён казаў: Я Цар Юдэйскі.

22

Пілат адказваў: што я напісаў, тое напісаў.

23

А воіны, калі ўкрыжавалі Ісуса, пабралі адзежу Ягоную і падзялілі на чатыры долі, кожнаму воіну доля, і хітон; а хітон быў не пашыты, а ўвесь тканы зьверху.

24

І вось сказалі адзін аднаму: ня будзем разьдзіраць яго, а кінем на яго жэрабя, чый будзе; — хай збудзецца сказанае ў Пісаньні: "падзялілі рызы Мае між сабою і за адзежу Маю кідалі жэрабя". Так учынілі воіны.

25

Каля крыжа Ісуса стаялі Маці Ягоная, і сястра Маці Ягонай Марыя Клеопава, і Марыя Магдаліна.

26

Ісус, убачыўшы Маці і вучня, які тут стаяў, якога любіў, кажа Маці Сваёй: Жанчына! вось, сын Твой.

27

Потым кажа вучню: вось, Маці твая! І з гэтага часу вучань гэты ўзяў Яе да сябе.

28

Пасьля таго Ісус, ведаючы, што ўжо ўсё сталася, каб збылося Пісаньне, кажа: піць.

29

Тут стаяў посуд, поўны воцату. Воіны, намачыўшы воцатам губку і накалоўшы на ісоп, паднесьлі да вуснаў Ягоных.

30

І калі Ісус скаштаваў воцату, сказаў: збылося! І нахіліўшы галаву, аддаў дух.

31

Але як што тады была пятніца, дык Юдэі, каб не пакінуць целаў на крыжы ў суботу, бо тая субота была дзень вялікі, прасілі Пілата, каб перабіць у іх галені і зьняць іх.

32

І вось, прыйшлі воіны, і ў першага перабілі галені, і ў другога, укрыжаванага зь Ім;

33

а, падышоўшы да Ісуса, як убачылі Яго ўжо мёртвага, не перабілі ў яго галені,

34

а адзін воін кап’ём працяў Яму рэбры, і адразу выцекла кроў і вада.

35

І хто бачыў, засьведчыў, і праўдзівае сьведчаньне ягонае; ён ведае, што кажа ў ісьціне, каб вы паверылі;

36

бо гэта сталася, хай збудзецца Пісаньне: "косьць Ягоная хай ня будзе зламана".

37

Гэтаксама і ў іншым месцы Пісаньне кажа: "паглядзяць на Таго, Каго працялі".

38

Пасьля гэтага Язэп з Арыматэі, вучань Ісуса, але тайны — ад страху перад Юдэямі, прасіў у Пілата, каб зьняць Цела Ісусава; і Пілат дазволіў. Той пайшоў і зьняў Цела Ісусава.

39

Прыйшоў таксама і Мікадым, які прыходзіў раней да Ісуса ўначы, і прынёс сумесь з альясу і сьмірны, літраў каля ста.

40

І вось, узялі яны Цела Ісусавае і ўгарнулі яго ў палатно з пахошчамі, як звычайна хаваюць Юдэі.

41

На тым месцы, дзе Ён быў укрыжаваны, быў сад, і ў садзе была магіла новая, у якую яшчэ ніхто ня быў пакладзены:

42

там паклалі Ісуса дзеля пятніцы Юдэйскай, бо магіла была блізка.