Йоан 17

1

Пасьля гэтых словаў Ісус узьвёў вочы Свае да неба і сказаў: Войча! прыйшла гадзіна: праславі Сына Твайго, каб і Сын Твой праславіў Цябе,

2

бо Ты даў Яму ўладу над усякаю плоцьцю, каб усяму, што Ты даў Яму, даў Ён жыцьцё вечнае:

3

а гэта ёсьць жыцьцё вечнае, каб спазналі Цябе, адзінага, сапраўднага Бога, і пасланага Табою Ісуса Хрыста.

4

Я праславіў Цябе на зямлі, выканаўшы ўсё, што Ты даручыў Мне зрабіць;

5

І сёньня праславі Мяне Ты, Войча, у Цябе Самога славаю, якую Я меў у Цябе раней стварэньня сьвету.

6

Я адкрыў імя Тваё людзям, якіх Ты даў Мне ад сьвету; яны былі Твае, і Ты даў іх Мне, і яны выканалі слова Тваё;

7

цяпер уразумелі яны, што ўсё, што Ты даў Мне, ад Цябе ёсьць;

8

бо словы, якія Ты даў Мне, Я перадаў ім, і яны прынялі і ўразумелі ў праўдзе, што Я зыйшоў ад Цябе, і ўверавалі, што Ты паслаў Мяне.

9

Я малю за іх: не за ўвесь сьвет малю, а за тых, каго Ты даў Мне, бо яны Твае;

10

і ўсё Маё — Тваё, і Тваё — Маё; і Я праславіўся ў іх.

11

Я ўжо ня ў сьвеце, а яны ў сьвеце, а Я да Цябе іду. Войча Сьвяты! аслані іх у імя Тваё, тых, каго Ты Мне даў, каб яны былі адзіныя як і Мы.

12

Калі Я быў зь імі ў сьвеце, Я асланяў іх у імя Тваё; тых, каго Ты даў Мне, Я захаваў, і ніхто зь іх не загінуў, апрача сына пагібелі, каб збылося Пісаньне.

13

А цяпер да Цябе іду, і гэта кажу ў сьвеце, каб яны мелі ў сабе радасьць Маю поўную.

14

Я перадаў ім слова Тваё, і сьвет зьненавідзеў іх, бо яны не ад сьвету, як і Я не ад сьвету.

15

Не прашу, каб Ты ўзяў іх ад сьвету, а каб асланіў іх ад ліхога;

16

яны не ад сьвету, як і Я не ад сьвету.

17

Асьвяці іх у праўдзе Тваёй: слова Тваё ёсьць праўда.

18

Як Ты паслаў Мяне ў сьвет, так і Я паслаў іх у сьвет;

19

і за іх я прысьвячаю Сябе, каб і яны былі асьвечаныя праўдаю.

20

Не за іх жа толькі прашу, а і за тых, што ўверуюць у Мяне паводле слова іхнага:

21

хай будзе ўсё адзінае: як Ты, Войча, ува Мне, і Я ў Табе, так і яны хай будуць у Нас адзіна, — каб паверыў сьвет, што Ты паслаў Мяне.

22

І славу, якую Ты даў Мне, Я даў ім: хай будуць адзіныя, як Мы адзіныя.

23

Я ў іх, і Ты ўва Мне; хай будуць паяднаныя ў адно, і хай уведае сьвет, што Ты паслаў Мяне і палюбіў іх, як палюбіў Мяне.

24

Войча! якіх Ты даў Мне, хачу, каб там, дзе Я, і яны былі са Мною, хай бачаць славу Маю, якую Ты даў Мне, бо палюбіў Мяне раней, чым пачаўся сьвет;

25

Войча праведны! і сьвет Цябе не спазнаў; а Я спазнаў Цябе, і гэтыя спазналі, што Ты паслаў Мяне;

26

і Я адкрыў ім імя Тваё і адкрыю, каб любоў, якою Ты палюбіў Мяне, ў іх была; і Я ў іх.