Йоан 10

1

Праўду, праўду кажу вам: хто не дзьвярыма уваходзіць у кашару авечую, а пералазіць дзе-небудзь, той злодзей і грабежнік,

2

а хто ўваходзіць дзьвярыма, той пастух авечкам:

3

яму брамнік адчыняе, і авечкі слухаюцца голасу ягонага, і ён кліча авечкі свае па імёнах і выводзіць іх;

4

і калі выведзе свае авечкі, ідзе перад імі, а авечкі за ім ідуць, бо ведаюць голас ягоны;

5

а за чужым ня ідуць, а ўцякаюць ад яго, бо ня ведаюць чужога голасу.

6

Гэтую прытчу сказаў ім Ісус. Але яны не зразумелі, што такое Ён казаў ім.

7

І вось, зноў Ісус сказаў ім: праўду, праўду кажу вам, што Я дзьверы авечкам.

8

Усе, хто колькі іх ні прыходзіла перада Мною, — зладзеі і грабежнікі; але авечкі не паслухаліся іх;

9

Я — дзьверы: хто ўвойдзе Мною, той уратуецца, і ўвойдзе і выйдзе, і пашу знойдзе.

10

Злодзей прыходзіць толькі дзеля таго, каб украсьці, забіць і загубіць; Я прыйшоў дзеля таго, каб мелі жыцьцё і мелі ўдосталь.

11

Я — Пастыр Добры: Пастыр Добры аддае жыцьцё сваё за авечкі;

12

а найміт, ня пастыр, якому аве чкі не свае, бачыць, як воўк падыходзіць, і пакідае авечкі і ўцякае, і воўк рабуе авечкі і разганяе іх;

13

а найміт ўцякае, бо найміт і ня дбае пра авечкі.

14

Я — Пастыр Добры, і ведаю Маіх, і Мае ведаюць Мяне:

15

як Айцец ведае Мяне, так і Я ведаю Айца, і жыцьцё Маё кладу за авечкі.

16

Ёсьць у Мяне і іншыя авечкі, якія ня з гэтай кашары, і тых трэба мне прывесьці: і яны пачуюць голас Мой, і будзе адзін статак і адзін Пастыр.

17

За тое любіць Мяне Айцец, што Я аддаю жыцьцё Маё, каб зноў прыняць яго;

18

ніхто не адбірае яго ў Мяне, а Я Сам аддаю яго: маю ўладу аддаць яго і ўладу мбю зноў прыняць яго; такі наказ атрымаў Я ад Айца Майго.

19

Ад гэтых словаў зноў узьнікла паміж Юдэямі нязгода.

20

Многія зь іх казалі: Ён апантаны дэманам і шалее; чаго слухаеце Яго?

21

Другія казалі: гэта словы не апантанага дэманам; ці ж можа дэман адмыкаць вочы сьляпым?

22

А настала тады ў Ерусаліме сьвята абнаўленьня, і была зіма.

23

І хадзіў Ісус у храме, у прытворы Саламонавым.

24

Тут Юдэі абступілі Яго і казалі Яму: ці доўга Табе трымаць нас у няпэўнасьці? Калі Ты Хрыстос, скажы нам шчыра.

25

Ісус адказваў ім: Я сказаў вам, і ня верыце; дзеі, якія твару Я ў імя Айца Майго, яны сьведчаць пра Мяне;

26

але вы ня верыце, бо вы не з авечак Маіх, як Я сказаў вам;

27

авечкі Мае слухаюцца голасу Майго, і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною,

28

і Я даю ім жыцьцё вечнае, і не загінуць вавек, і ніхто ня вырве іх з рукі Мае;

29

Айцец Мой, Які даў Мне іх, найбольшы за ўсіх, і ніхто ня можа адабраць іх з рукі Айца Майго:

30

Я і Айцец — адно.

31

Тут зноў Юдэі схапілі камяні, каб пабіць Яго.

32

Ісус адказваў ім: многа добрых учынкаў паказаў Я вам ад Айца Майго; за які зь іх вы хочаце пабіць Мяне камянямі?

33

Юдэі сказалі Яму ў адказ: не за добры ўчынак хочам пабіць камянямі Цябе, а за блюзьнерства і за тое, што Ты, чалавек, робіш Сябе Богам.

34

Ісус адказваў ім: ці ж не напісана ў законе вашым: "Я сказаў: вы багі"?

35

Калі Ён назваў багамі тых, каму было слова Божае, і ня можа парушыцца Пісаньне, —

36

ці Таму, Каго Айцец асьвяціў і паслаў у сьвет, вы кажаце "блюзьнерыш", бо Я сказаў: Я Сын Божы?

37

калі Я не твару дзеяў Айца Майго, ня верце Мне;

38

а калі твару, дык калі ня верыце Мне, верце ўчынкам Маім, каб даведацца і паверыць, што Айцец ува Мне і Я ў Ім.

39

Тады зноў намышлялі схапіць Яго, але Ён ухіліўся ад рук іхніх,

40

і пайшоў зноў за Ярдан, на тое месца, дзе раней хрысьціў Ян, і застаўся там.

41

Многія прыйшлі да Яго і казалі, што Ян ня ўчыніў ніякага цуду; але ўсё, што сказаў Ян пра Яго, была праўда.

42

І многія там уверавалі ў Яго.