Лука 8

1

Пасьля гэтага Ён праходзіў па гарадах і селішчах, прапаведуючы і зьвястуючы Царства Божае, і зь Ім дванаццаць,

2

і некаторыя жанчыны, якіх Ён ацаліў ад злых духаў і хваробаў: Марыя, называная Магдалінаю, зь якое выйшлі сем дэманаў,

3

і Яна, жонка Хузы, домаўпраўцы Ірадавага, і Сусана, і многія іншыя, якія служылі Яму маёмасьцю сваёю.

4

А як сабралася многа людзей, і з усіх гарадоў жыхары сыходзіліся да Яго, Ён пачаў гаварыць прытчаю:

5

Выйшаў сейбіт сеяць насеньне сваё; і калі ён сеяў, іншае ўпала пры дарозе і было патаптана, і птушкі нябесныя падзяўблі яго;

6

а іншае ўпала на камень і, узыйшоўшы, засохла, бо ня мела вільгаці;

7

а іншае ўпала паміж цернямі, і вырасла церне і заглушыла яго;

8

а іншае ўпала на добрую зямлю і, узышоўшы, урадзіла плод стакротны. Сказаўшы гэта, абвясьціў: хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!

9

А вучні Ягоныя спыталіся ў Яго: што азначала прытча гэтая?

10

Ён сказаў: вам дадзена ведаць таямніцы Божага Царства, а астатнім у прытчах, так што яны бачачы — ня бачаць і чуючы — не разумеюць.

11

Вось што азначае прытча гэтая: насеньне ёсьць слова Божае;

12

а што ўпала пры дарозе, гэта ёсьць слухачы, да якіх пасьля прыходзіць д’ябал і забірае слова з сэрца іхняга, каб яны ня ўверавалі і не ўратаваліся,

13

а што ўпала на камень, гэта тыя, якія, пачуўшы слова, прымаюць з радасьцю, але якія ня маюць кораня і часова веруюць, а ў час спакушэньня адпадаюцца;

14

а што ўпала ў церне, гэта тыя, якія слухаюць слова, але, адыходзячы, турботамі, багацьцем і асалодамі жыцьцёвымі заглушаюцца і плоду ня родзяць:

15

а што ўпала на добрую зямлю, гэта тыя, якія, пачуўшы слова, асяляюць яго ў добрым і чыстым сэрцы і родзяць плод у цярплівасьці. Сказаўшы гэта, Ён абвясьціў: хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!

16

Ніхто, запаліўшы сьвечку, не накрывае яе пасудзінаю, альбо ня ставіць пад ложак, а ставіць на сьвечнік, каб уваходзячы, бачылі сьвятло.

17

Бо няма нічога таемнага, што ня выйшла б на яву, ні схаванага, што не зрабілася б вядомым і ня выкрылася б.

18

Дык вось, уважайце, як вы слухаеце: бо хто мае, таму дадзена будзе; а хто ня мае, у таго адымецца і тое, што ён думае мець.

19

І прыйшлі да Яго Маці і браты Ягоныя, і не маглі падысьці да Яго з прычыны люднасьці.

20

І далі знак Яму: Маці і браты Твае стаяць звонку, хочучы бачыць Цябе.

21

Ён сказаў ім у адказ: маці Мая і браты Мае — гэта слухачы слова Божага і выканаўцы яго.

22

Аднаго дня Ён увайшоў з вучнямі Сваімі ў лодку і сказаў ім: пераправімся на той бок возера. І выправіліся.

23

У час плаваньня іхняга Ён заснуў. На возеры падняўся бурны вецер, і залівала іх хвалямі, і яны былі ў небясьпецы.

24

І падышоўшы, разбудзілі Яго і сказалі: Настаўнік! Настаўнік! гінем. Але Ён, устаўшы, загразіў ветру і хваляваньню вады: і перасталі, і зрабілася цішыня.

25

Тады Ён сказаў ім: дзе вера ваша? А яны ў страху і зьдзіўленьні казалі адзін аднаму: хто ж гэта, што і вятрам загадвае і вадзе, і слухаюцца Яго?

26

І прыплылі ў краіну Гадарынскую, якая насупраць Галілеі.

27

Калі ж выйшаў Ён на бераг, сустрэў Яго адзін чалавек з горада, апанаваны дэманамі з даўняга часу, і ў вопратку не апранаўся, і жыў ня ў доме, а ў магілах.

28

Ён, убачыўшы Ісуса, закрычаў, упаў перад Ім і моцным голасам сказаў: што Табе да мяне, Ісусе, Сыне Бога Ўсявышняга? прашу Цябе, ня мучы мяне.

29

Бо Ісус загадаў нячыстаму духу выйсьці з гэтага чалавека; бо ён доўгі час мучыў яго, так што яго вязалі ланцугамі і путамі, аберагаючы яго: але ён разрываў путы, і быў гнаны дэманам у пустыні.

30

Ісус спытаўся ў яго: як тваё імя? Той сказаў: "легіён", бо шмат дэманаў увайшло ў яго.

31

І яны прасілі Ісуса, каб не загадаў ім ісьці ў бездань.

32

А тут на гары пасьвіўся вялікі гурт сьвіней: і дэманы прасілі ў Яго, каб дазволіў ім увайсьці ў іх. Ён дазволіў ім.

33

Дэманы, выйшаўшы з чалавека, увайшлі ў сьвіней: і кінуўся гурт з урвішча ў возера, і патануў.

34

Пастухі, убачыўшы, што сталася, пабеглі і расказалі ў горадзе і ў селішчах.

35

І выйшлі пабачыць, што сталася; і прыйшоўшы да Ісуса, знайшлі чалавека, зь якога выйшлі дэманы; ён сядзеў каля ног Ісуса, апрануты і ў здаровым розуме: і жахнуліся.

36

А тыя, што бачылі, расказалі ім, як выздаравеў шаленец.

37

І прасіў у Яго ўвесь люд Гадарынскага навакольля сысьці ад іх, бо яны агорнутыя былі вялікім страхам. Ён увайшоў у лодку і вярнуўся.

38

А чалавек, зь якога выйшлі дэманы, прасіўся ў Яго, каб быць зь Ім. Але Ісус адпусьціў яго, сказаўшы:

39

вярніся ў дом твой і раскажы, што ўтварыў табе Бог. Ён пайшоў і абвяшчаў па ўсім горадзе, што ўтварыў яму Ісус.

40

А калі вярнуўся Ісус, люд прыняў Яго, бо ўсе чакалі Яго.

41

І вось, прыйшоў чалавек, якога звалі Яір, які быў начальнікам сынагогі: і ўпаўшы да ног Ісуса, прасіў Яго ўвайсьці да яго ў дом,

42

бо ў яго была адна дачка, гадоў дванаццаці, і тая была пры сьмерці. А калі Ён ішоў, люд націскаў на Яго.

43

І жанчына, якая пакутавала ад крывацечы дванаццаць гадоў, якая, патраціўшы на лекараў усю маёмасьць, ніводным не магла быць вылечана,

44

падышоўшы ззаду, кранулася краю вопраткі Ягонай: і адразу цеча крыві ў яе перастала.

45

І сказаў Ісус: хто дакрануўся да Мяне? Калі ж усе адмовіліся, Пётр і ўсе, хто быў зь Ім, сказалі: Настаўнік! людзі атачаюць Цябе і націскаюць, — і Ты кажаш: "хто дакрануўся да Мяне"?

46

Але Ісус сказаў: дакрануўся да Мяне нехта: бо Я адчуваў сілу, якая выйшла зь Мяне.

47

Жанчына, бачачы, што яна ня ўтоілася, з трымценьнем падышла і, упаўшы перад Ім, абвясьціла Яму перад усімі людзьмі, зь якой прычыны дакранулася да Яго, і як адразу ацалілася.

48

Ён сказаў ёй: дзей, дачка! вера твая ўратавала цябе; ідзі зь мірам.

49

Калі Ён яшчэ гаварыў гэта, прыходзіць нехта з дому начальніка сынагогі і кажа яму: дачка твая памерла: не дакучай Настаўніку.

50

Але Ісус, пачуўшы гэта, сказаў яму: ня бойся, толькі веруй, і ўратаваная будзе.

51

А прыйшоўшы ў дом, не дазволіў увайсьці нікому, апрача Пятра, Яна і Якава, і бацькі дзяўчыны, і маці.

52

Усе плакалі і галасілі па ёй. Але Ён сказаў: ня плачце; яна не памерла, а сьпіць.

53

І сьмяяліся зь Яго, ведаючы, што яна памерла.

54

А Ён, выслаўшы ўсіх прэч і ўзяўшы яе за руку, усклікнуў: дзяўчына! устань!

55

І вярнуўся дух ейны; яна адразу ўстала; і Ён загадаў даць ёй есьці.

56

І зьдзівіліся бацькі ейныя. А Ён загадаў ім не расказваць нікому пра тое, што сталася.