Лука 7

1

Калі Ён скончыў усе словы Свае люду, які слухаў, дык увайшоў у Капернаум.

2

У аднаго сотніка слуга, якім ён даражыў, быў хворы пры сьмерці.

3

Пачуўшы пра Ісуса, ён паслаў да Яго юдэйскіх старэйшынаў прасіць Яго, каб прыйшоў ацаліць слугу ягонага.

4

І яны, прыйшоўшы да Ісуса, прасілі Яго моцна, кажучы: ён варты, каб Ты зрабіў дзеля яго гэта,

5

бо ён любіць народ наш і збудаваў нам сынагогу.

6

Ісус пайшоў зь імі. І калі Ён недалёка ўжо быў ад дома, сотнік прыслаў да Яго сяброў сказаць Яму: ня турбуйся, Госпадзе, бо я ня варты, каб Ты ўвайшоў пад мой дах;

7

таму і сябе самога не палічыў я вартым прыйсьці да Цябе; але скажы слова, і паправіцца слуга мой;

8

бо я і падуладны чалавек, але, маючы ў сябе ў падначаленьні вояў, кажу аднаму: "ідзі", і ідзе; і другому: "прыйдзі", і прыходзіць; і слузе майму: "зрабі тое", і робіць.

9

Пачуўшы гэта, Ісус зьдзівіўся яму і, павярнуўшыся, сказаў народу, які ішоў за Ім: кажу вам, што і ў Ізраілі не знайшоў Я такое веры.

10

Пасланцы, вярнуўшыся ў дом, знайшлі хворага слугу здаровым.

11

Пасьля гэтага Ісус пайшоў у горад, які называўся Наін, і зь Ім ішлі многія вучні Ягоныя і мноства людзей.

12

Калі ж Ён наблізіўся да гарадзкое брамы, тут выносілі памерлага, адзінага сына ў маці, а яна была ўдава; і шмат людзей ішло зь ёю з горада.

13

Убачыўшы яе, Гасподзь умілажаліўся зь яе і сказаў ёй: ня плач.

14

І падышоўшы, дакрануўся да мараў; тыя, што несьлі, спыніліся; і Ён сказаў: хлопча! табе кажу, устань.

15

Мёртвы, падняўшыся, сеў і пачаў гаварыць; і аддаў яго Ісус маці ягонай.

16

І ўсіх апанаваў страх, і славілі Бога, кажучы: вялікі прарок паўстаў сярод нас, і Бог наведаў народ Свой.

17

Такая пагалоска пра Яго разышлася па ўсёй Юдэі і па ўсім навакольлі.

18

І абвясьцілі Яну вучні ягоныя пра ўсё тое.

19

Ян, паклікаўшы двух вучняў сваіх, паслаў да Ісуса спытацца: ці Той Ты, Які павінен прыйсьці, ці чакаць нам другога?

20

Яны, прыйшоўшы да Ісуса, сказалі: Ян Хрысьціцель паслаў нас да Цябе спытацца: ці Той Ты, Які мае прыйсьці, ці чакаць нам другога?

21

А тым часам Ён многіх ацаліў ад хваробаў і немачаў і ад злых духаў, і многім сьляпым даў зрок.

22

І сказаў ім Ісус у адказ: ідзеце, скажэце Яну, што вы бачылі і чулі: сьляпыя робяцца відушчымі, кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца, глухія чуюць, мёртвыя ўваскрасаюць і ўбогім абвяшчаецца дабравесьце;

23

і дабрашчасны, хто не спакусіцца празь Мяне.

24

І калі пайшлі пасланцы Янавыя, Ён пачаў гаварыць людзям пра Яна: што глядзець хадзілі вы ў пустыню? ці ня трысьцінку, ветрам калыханую?

25

што ж глядзець хадзілі вы? ці не чалавека, у мяккія шаты апранутага? Але тыя, хто апранаецца пышна і раскошна жыве, яны пры дварах царскіх.

26

Што ж глядзець хадзілі вы? ці не прарока? Таму, кажу вам, нават больш, чым прарока.

27

Гэта той, пра якога напісана: "вось, Я пасылаю анёла Майго перад абліччам Тваім, які падрыхтуе шлях Твой перад Табою".

28

Бо кажу вам: сярод народжаных жанчынамі няма ніводнага прарока большага за Яна Хрысьціцеля; але найменшы ў Царстве Божым большы за яго.

29

І ўвесь народ, які слухаў, і мытнікі ўзьнесьлі Богу славу, ахрысьціўшыся хрышчэньнем Янавым;

30

а фарысэі і законьнікі адверглі волю Божую пра сябе, ня хрысьціўшыся ў яго.

31

Тады Гасподзь сказаў: з кім параўнаю людзей роду гэтага? і да каго яны падобныя?

32

яны падобныя да дзяцей, якія сядзяць на рынку, клічуць адно аднаго і кажуць: мы гралі вам на жалейцы, а вы не скакалі; мы сьпявалі вам песьні журботныя, а вы не галасілі.

33

Бо прыйшоў Ян Хрысьціцель, ні хлеба ня есьць, ні віна ня п’е; і кажаце: "у ім дэман".

34

Прыйшоў Сын Чалавечы, есьць і п’е; і кажаце: "вось чалавек, які любіць есьці і піць віно, прыяцель мытнікаў і грэшнікаў".

35

І апраўдана мудрасьць усімі дзецьмі яе.

36

Нехта з фарысэяў прасіў Яго паесьці зь ім ежы; і Ён, увайшоўшы ў дом фарысэя, лёг.

37

І вось, жанчына з таго горада, якая была грэшніца, даведаўшыся, што Ён ляжыць у доме ў фарысэя, прынесла алавастравы посуд зь мірам;

38

і, стаўшы ззаду каля ног Ягоных і плачучы, пачала абліваць ногі Ягоныя сьлязьмі і абціраць валасамі галавы сваёй, і цалавала ногі Яму, і мазала мірам.

39

Бачачы гэта, фарысэй, які запрасіў Яго, сказаў сам сабе: калі б Ён быў прарок, дык ведаў бы, хто і якая жанчына дакранаецца да Яго, бо яна грэшніца.

40

Зьвярнуўшыся да яго, Ісус сказаў: Сымоне! Я маю нешта сказаць табе. Ён кажа: скажы, Настаўнік.

41

Ісус сказаў: у аднаго пазыкоўца было два даўжнікі: адзін вінен быў пяцьсот дынараў, а другі пяцьдзясят;

42

але як што яны ня мелі чым заплаціць, ён дараваў абодвум. Дык скажы, каторы зь іх болей палюбіць яго?

43

Сымон адказаў: думаю, той, каму больш даравана. Ён сказаў яму: правільна ты разважыў.

44

І абярнуўшыся да жанчыны, сказаў Сымону: ці бачыш ты гэтую жанчыну? Я прыйшоў у дом твой, і ты вады Мне на ногі ня даў: а яна сьлязьмі абліла Мне ногі і валасамі галавы свае абцерла.

45

Ты цалаваньня Мне ня даў; а яна, з той хвіліны, як Я прыйшоў, не перастае цалаваць Мне ногі.

46

Ты галавы Мне алеем не памазаў; а яна мірам намасьціла Мне ногі.

47

А таму кажу табе: даруюцца грахі ёй многія за тое, што яна палюбіла многа: а каму мала даруецца, той мала любіць.

48

А ёй сказаў: даруюцца табе грахі.

49

І тыя, што ляжалі зь Ім, пачалі гаварыць самі сабе: хто гэта, што і грахі даруе?

50

А Ён сказаў жанчыне: вера твая ўратавала цябе; ідзі зь мірам.