Лука 24

1

А ў першы дзень тыдня, вельмі рана, нясучы прыгатаваныя пахошчы, прыйшлі яны да магілы, і разам зь імі некаторыя іншыя;

2

але знайшлі камень адвалены ад магілы,

3

і ўвайшоўшы, не знайшлі Цела Госпада Ісуса.

4

Калі ж яны зьнедаўмяваліся з гэтага, раптам паўсталі перад імі два мужы ў строях бліскучых.

5

І калі яны былі ў страху і схілілі абліччы свае да зямлі, — сказалі ім: што вы шукаеце жывога сярод мёртвых?

6

Яго няма тут: Ён уваскрэс; успомніце, як Ён казаў вам, калі быў яшчэ ў Галілеі,

7

кажучы, што Сын Чалавечы мае быць аддадзены ў рукі людзям грэшным, і быць укрыжаваным, і на трэці дзень уваскрэснуць.

8

І ўзгадалі яны словы Ягоныя

9

і, вярнуўшыся ад магілы, абвясьцілі ўсё гэта адзінаццаці і ўсім астатнім.

10

То была Магдаліна Марыя, і Яна, і Марыя, маці Якава, і іншыя зь імі, якія сказалі пра гэта Апосталам.

11

І здаліся ім словы іхнія пустымі, і не паверылі ім.

12

Але Пётр, устаўшы, пабег да магілы і, нахіліўшыся, убачыў толькі, што ляжаць палатніны, і пайшоў назад, сам сабе дзівуючы з таго, што сталася.

13

У той самы дзень двое зь іх ішлі ў селішча, што адлягала стадый на шэсьцьдзясят ад Ерусаліма, называнае Эмаус.

14

і размаўлялі паміж сабою пра ўсе гэтыя падзеі.

15

І калі яны размаўлялі і разважалі паміж сабою, Сам Ісус, наблізіўшыся, пайшоў зь імі;

16

але вочы ў іх былі заслоненыя, так што яны не пазналі Яго.

17

І Ён сказаў ім: пра што гэта вы, ідучы, разважаеце паміж сабою, і чаго вы засмучаныя?

18

Адзін зь іх, на імя Клеопа, сказаў Яму ў адказ: няўжо ты адзін з тых, што прыйшлі ў Ерусалім, ня ведаеш, што адбылося ў ім гэтымі днямі?

19

І сказаў ім: што Яны сказалі Яму: што было зь Ісусам Назаранінам, Які быў прарок, моцны ў дзеі і ў слове перад Богам і ўсім народам;

20

як выдалі яго першасьвятары і начальнікі нашыя на засуджэньне на сьмерць і ўкрыжавалі Яго;

21

а мы спадзяваліся былі, што Ён ёсьць Той, Хто павінен уратаваць Ізраіля; але разам з усім тым, ужо трэці дзень сёньня, як гэта сталася;

22

але і некаторыя жанчыны з нашых падзівілі нас: яны былі раніцай каля магілы

23

і не знайшлі Цела Ягонага, і прыйшоўшы, маўлялі, што бачылі зьяўленьне анёлаў, якія кажуць, што Ён жывы;

24

і пайшлі некаторыя з нашых да магілы і засталі ўсё так, як і жанчыны казалі; але Яго ня бачылі.

25

Тады Ён сказаў ім: о, няцямныя і марудныя сэрцам, каб верыць ва ўсё, што прадказвалі прарокі!

26

Ці ж ня так і належала пацярпець Хрысту і ўвайсьці ў славу Сваю?

27

І пачаўшы ад Майсея, з усіх прарокаў тлумачыў ім сказанае пра Яго ва ўсім Пісаньні.

28

І наблізіліся яны да таго селішча, у якое ішлі; і Ён паказаў ім выглядам, што хоча ісьці далей;

29

але яны стрымлівалі яго, кажучы: застанься з намі, бо дзень ужо схіліўся на вечар. І Ён увайшоў і застаўся зь імі.

30

І калі Ён ляжаў зь імі, дык, узяўшы хлеб, дабраславіў, разламаў і падаў ім,

31

тады разамкнуліся ў іх вочы, і яны пазналі Яго; але Ён зрабіўся нябачны ім.

32

І яны сказалі адзін аднаму: ці ж не палала ў нас сэрца наша, калі Ён казаў нам на дарозе і калі тлумачыў нам Пісаньне?

33

І ўстаўшы ў тую самую хвіліну, вярнуліся ў Ерусалім, і знайшлі разам адзінаццаць апосталаў і тых, што былі зь імі,

34

якія казалі, што Гасподзь сапраўды ўваскрэс і зьявіўся Сымону.

35

І яны расказвалі пра здарэньне на дарозе, і як Ён быў пазнаны імі пры ламаньні хлеба.

36

Калі яны казалі пра гэта, Сам Ісус стаў сярод іх і сказаў ім: мір вам.

37

Яны, сумеўшыся і спалохаўшыся, падумалі, што бачаць духа;

38

але Ён сказаў ім: што бянтэжыцеся, і навошта такія думкі ўваходзяць у сэрцы вашыя?

39

Паглядзеце на рукі Мае і на ногі Мае; гэта — Я сам; дакранецеся да Мяне і разгледзьце; бо дух ня мае плоці і касьцей, як бачыце ў Мяне.

40

І сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і ногі.

41

А калі яны ад радасьці яшчэ ня верылі і дзіваваліся, Ён сказаў ім: ці ёсць у вас тут якая ежа?

42

Яны падалі Яму частку печанай рыбы і сотавага мёду.

43

І ўзяўшы, еў перад імі.

44

І сказаў ім: вось тое, пра што Я вам казаў, яшчэ калі быў з вамі, што належыць спраўдзіцца ўсяму, напісанаму пра Мяне ў законе Майсеевым і ў прароках і ў псальмах.

45

Тады адчыніў ім розум на ўразуменьне Пісаньняў

46

і сказаў ім: так напісана, і так належала адпакутаваць Хрысту і ўваскрэснуць зь мёртвых на трэці дзень,

47

і абвешчаным быць у імя Ягонае пакаяньню і дараваньню грахоў ува ўсіх народах, пачынаючы зь Ерусаліма;

48

а вы сьведкі гэтага;

49

і я пашлю абяцанае Айцом Маім на вас; вы ж заставайцеся ў горадзе Ерусаліме, пакуль не прасякнецеся сілаю згары.

50

І вывеў іх вонкі з горада да Віфаніі і, падняўшы рукі Свае, дабраславіў іх.

51

І калі дабраславіў іх, пачаў аддаляцца ад іх і ўзносіцца на неба.

52

Яны пакланіліся яму і вярнуліся ў Ерусалім зь вялікаю радасьцю,

53

і былі заўсёды ў храме, славячы і дабраслаўляючы Бога. Амін.