Лука 21

1

І глянуўшы, Ён убачыў багатых, што клалі дары свае ў скарбонку;

2

убачыў таксама і бедную ўдаву, якая паклала туды дзьве лепты,

3

і сказаў: праўду кажу вам, што гэтая бедная ўдава больш за ўсіх паклала;

4

бо ўсе тыя ад лішку свайго паклалі Богу, а яна ад нястачы сваёй паклала ўвесь пражытак свой, які мела.

5

І калі некаторыя гаварылі пра храм, што ён упрыгожаны дарагімі камянямі і дарамі, Ён сказаў:

6

прыйдуць дні, у якія з таго, што вы тут бачыце, не застанецца каменя на камені; усё будзе разбурана.

7

І спыталіся ў Яго: Настаўнік! калі ж гэта будзе? і якая прыкмета, калі адбыцца павінна?

8

Ён сказаў: сьцеражэцеся, каб вас не ўвялі ў аблуду; бо многія прыйдуць пад імем Маім, кажучы, што гэта Я; і гэты час блізкі. Не хадзеце сьледам за імі.

9

А як пачуеце пра войны і смуты, не жахайцеся: бо гэта павінна быць раней; але не адразу канец.

10

Тады сказаў ім: паўстане народ на народ, і царства на царства;

11

будуць вялікія землятрусы месцамі, і голад і пошасьці, і вусьцішныя зьявішчы і вялікія азнакі зь неба.

12

Але раней за ўсё тое накладуць на вас рукі і будуць гнаць вас, выдаючы ў сынагогі і ў цямніцы, і паставяць перад царамі і правіцелямі за імя Маё,

13

а будзе гэта вам на сьведчаньне.

14

Дык вось, пакладзеце сабе на сэрца не абдумваць наперад, што адказваць;

15

бо Я дам вам вусны і мудрасьць, якой ня здолеюць супярэчыць, ні супрацьстаяць усе, хто супрацівіцца вам.

16

Выдадзены таксама будзеце і бацькамі і братамі, і родзічамі і сябрамі, і некаторых з вас заб’юць;

17

і будзеце зьненавіджаныя ўсімі за імя Маё;

18

але і волас з галавы вашай не прападзе.

19

Цярпеньнем вашым ратуйце душы вашыя.

20

Калі ж убачыце Ерусалім, абложаны войскам, тады ведайце, што наблізіўся заняпад яго:

21

тады ўсе, хто ў Юдэі, хай уцякаюць у горы; і хто ў горадзе, выходзь зь яго; і хто ў навакольлі, не ўваходзь у яго,

22

бо гэта дні помсты, хай збудзецца ўсё напісанае.

23

Ды гора цяжарным і тым, што кормяць грудзьмі ў тыя дні; бо вялікая будзе нягода на зямлі і гнеў на народ гэты:

24

і палягуць ад вострага меча, і павядуцца ў палон ва ўсе народы; і Ерусалім будзе таптаны язычнікамі, дакуль ня скончацца часы язычнікаў.

25

І будуць азнакі ў сонцы і ў месяцы і ў зорках, а на зямлі заняпад духу народаў і недаўмёнасьць; і мора зашуміць і забушуе;

26

людзі будуць здыхаць ад страху і чаканьня нягодаў, што пойдуць на сьвет, бо сілы нябесныя пахіснуцца.

27

І тады ўбачаць Сына Чалавечага, Які будзе ісьці на аблоках у сіле і славе вялікай.

28

А калі пачне гэта збывацца, тады схілецеся і падымеце галовы вашыя, бо набліжацьмецца збавеньне вашае.

29

І сказаў ім прытчу: паглядзеце на смакоўніцу і на ўсе дрэвы:

30

калі яны ўжо распускаюцца, дык, бачачы гэта, ведаеце самі, што ўжо блізка лета.

31

Так, і калі вы ўбачыце, што тое збываецца, ведайце, што блізка Царства Божае.

32

Праўду кажу вам: ня міне род гэты, як ўсё тое будзе:

33

неба і зямля мінуцца, а словы Мае ня мінуць.

34

Глядзеце ж за сабою, каб сэрцы вашыя не абцяжарваліся абжорствам і п’янствам і клопатам будным, і каб дзень той не застаў вас зьнянацку:

35

бо ён, як сетка, накрые ўсіх, хто жыве па ўсім улоньні зямным;

36

дык вось, чувайце ва ўсякі час і малецеся, і хай спадобіцеся ўнікнуць усіх гэтых будучых нягодаў і паўстаць перад Сынам Чалавечым.

37

Удзень Ён вучыў у храме; а ночы, выходзячы, праводзіў на гары, называнай Аліўнай.

38

І ўвесь люд з раніцы прыходзіў да Яго ў храм слухаць Яго.