Лука 20

1

У адзін з тых дзён, калі Ён вучыў людзей у храме і зьвеставаў, падступіліся першасьвятары і кніжнікі з старэйшынамі

2

і сказалі Яму: скажы нам, якою ўладаю Ты гэта робіш, альбо хто Табе даў уладу такую?

3

Ён сказаў ім у адказ: і Я ў вас пра адно папытаюся, і скажэце Мне:

4

хрышчэньне Янава зь нябёсаў было, ці ад людзей?

5

А яны, разважаючы паміж сабою, казалі: калі скажам: зь нябёсаў, дык скажа: "чаму ж вы не паверылі яму?",

6

а калі скажам: "ад людзей", дык увесь люд паб’е нас камянямі, бо ён упэўнены, што Ян ёсьць прарок.

7

І адказвалі: ня ведаем адкуль.

8

Ісус сказаў ім: і Я не скажу вам, якою ўладаю гэта раблю.

9

І пачаў Ён гаварыць народу прытчу такую: адзін чалавек насадзіў вінаграднік і аддаў яго вінаградарам, і адлучыўся на доўгі час;

10

і ў свой час паслаў да вінаградараў раба, каб яны далі яму пладоў зь вінаградніка; але вінаградары, прыбіўшы яго, адаслалі ні з чым.

11

Яшчэ паслаў другога раба; але яны і гэтага, прыбіўшы і зганіўшы, адаслалі ні з чым.

12

І яшчэ паслаў трэцяга; але яны і таго, пакалечыўшы, выгналі.

13

Тады сказаў гаспадар вінаградніка: што мне рабіць? пашлю сына майго любаснага; можа, убачыўшы яго, пасаромеюцца.

14

Але вінаградары, убачыўшы яго, разважалі паміж сабою, кажучы: гэта спадчыньнік; хадзем, заб’ём яго, і спадчына ягоная будзе наша.

15

І, вывеўшы яго вонкі зь вінаградніка, забілі. Што ж зробіць зь імі гаспадар вінаградніка?

16

Прыйдзе і загубіць вінаградараў тых і аддасьць вінаграднік іншым. Тыя, што чулі гэта, сказалі: хай ня будзе!

17

Але Ён, зірнуўшы на іх, сказаў: што азначае гэта, напісанае: "камень, які адкінулі будаўнікі, той самы зрабіўся каменем кутнім"?

18

Кожны, хто ўпадзе на той камень, разаб’ецца; а на каго ён упадзе, таго раздушыць.

19

І намышлялі тым часам першасьвятары і кніжнікі, каб накласьці на Яго рукі, але пабаяліся народу, бо зразумелі, што пра іх сказаў Ён гэтую прытчу.

20

І сочачы за Ім, падаслалі падступных людзей, якія прыкінуўшыся пабожнымі, падлавілі б Яго на якім-небудзь слове, каб перадаць Яго начальству і ўладзе правіцеля.

21

І яны спыталіся ў Яго: Настаўнік! мы ведаем, што Ты праўдзіва гаворыш і вучыш, і не зважаеш на аблічча, а праўдзіва шляху Божаму вучыш;

22

ці дазваляецца нам даваць падатак кесару, ці не?

23

А Ён, разгадаўшы злахітрасьць іхную, сказаў ім: што вы Мяне спакушаеце?

24

пакажэце Мне дынар: чыя на ім выява і надпіс? Яны адказвалі: кесаравыя.

25

Ён ім сказаў: дык аддайце кесару кесаравае, а Божае Богу.

26

І не маглі падлавіць Яго ў слове перад людзьмі і, зьдзівіўшыся з адказу Ягонага, замоўклі.

27

Тады падышлі некаторыя з садукеяў, што адмаўляюць уваскрэсеньне, і спыталіся ў Яго:

28

Настаўнік! Майсей напісаў нам, што калі ў каго памрэ брат, які меў жонку, і памрэ бязьдетны, дык брат ягоны павінен узяць ягоную жонку і адрадзіць семя брату свайму.

29

Было сем братоў: першы, узяўшы жонку, памёр бязьдзетны;

30

узяў тую жонку другі, і той памёр бязьдетны;

31

узяў яе трэці, таксама і ўсе сямёра, і памерлі, не пакінуўшы дзяцей;

32

пасьля ўсіх памерла і жонка.

33

Дык вось, ва ўваскрэсеньні, катораму зь іх яна будзе жонкаю? бо сямёра яе мелі за жонку.

34

Ісус сказаў ім у адказ: дзеці веку гэтага жэняцца і выходзяць замуж;

35

а тыя, што спадобіліся дасягнуць таго веку і ўваскрэсеньня зь мёртвых, ні жэняцца, ні замуж ня выходзяць,

36

і памерці ўжо ня могуць, бо яны роўныя анёлам і ёсьць сыны Божыя, будучы сынамі ўваскрэсеньня;

37

а што мёртвыя ўваскрэснуць, і Майсей паказаў пры купіне, калі назваў Госпада Богам Абрагама і Богам Ісака і Богам Якава.

38

Бог жа ня ёсьць Бог мёртвых, а жывых, бо ў Яго ўсе жывыя.

39

На гэта некаторыя з кніжнікаў сказалі: Настаўнік! Ты добра сказаў.

40

І ўжо не адважваліся распытваць Яго ні пра што. А Ён сказаў ім:

41

як кажуць, Хрыстос ёсьць сын Давідаў?

42

А сам Давід кажа ў кнізе Псальмаў: "сказаў Гасподзь Госпаду майму: сядзі праваруч ад Мяне,

43

пакуль пакладу ворагаў Тваіх у падножжа ног Тваіх".

44

Дык вось, Давід Госпадам называе Яго: як жа Ён сын яму?

45

І калі слухаў увесь народ, Ён сказаў вучням Сваім:

46

Асьцерагайцеся кніжнікаў, якія любяць хадзіць у доўгім адзеньні і любяць вітаньні на сходах народных, сядзець наперадзе ў сынагогах, і ляжаць наперадзе на гасьцінах,

47

якія паядаюць дамы ўдоваў і крывадушна доўга моляцца; яны прымуць тым большую асуду.