Лука 2

1

У тыя дні выйшаў ад кесара Аўгуста загад зрабіць перапіс па ўсёй зямлі.

2

Гэты перапіс быў першы ў праўленьне Квірынія Сірыяй.

3

І пайшлі ўсе запісвацца, кожны ў свой горад.

4

Пайшоў таксама і Язэп з Галілеі, з горада Назарэта, у Юдэю, у горад Давідаў, называны Віфляемам, бо ён быў з дому і роду Давідавага,

5

запісацца з Марыяю, заручанаю яму жонкай, якая была цяжарная.

6

Калі ж былі яны там, настаў час радзіць Ёй;

7

і нарадзіла Сына Свайго першынца, і спавіла Яго, і паклала яго ў ясьлі, бо ня было ім месца ў гасьцініцы.

8

У той краіне былі на полі пастухі, якія трымалі начную варту каля статку свайго.

9

Раптам зьявіўся ім анёл Гасподні, і слава Гасподняя апраменіла іх; і спалохаліся страхам вялікім.

10

І сказаў ім анёл: ня бойцеся; я ўзьвяшчаю вам вялікую радасьць, якая будзе ўсім людзям:

11

бо сёньня нарадзіўся вам у горадзе Давідавым Збаўца, Які ёсьць Хрыстос Гасподзь;

12

і вось вам знак: вы знойдзеце Дзіця ў пялюшках, Яно ляжыць у ясьлях.

13

І раптоўна зьявілася з анёлам шматлікае войска нябеснае, славячы Бога і заклікаючы:

14

слава ў вышынях Богу, і на зямлі мір, і ў людзях добрая воля.

15

Калі анёлы адыйшлі ад іх на неба, пастухі сказалі адзін аднаму: хадзем у Віфляем і паглядзім, што там сталася, пра што абвясьціў нам Гасподзь.

16

І пасьпяшаўшыся, прыйшлі, і знайшлі Марыю і Язэпа, і Дзіцятка, Якое ляжала ў ясьлях.

17

А ўбачыўшы, расказалі пра тое, што было абвешчана ім пра Дзіцятка Гэтае.

18

І ўсе, хто чуў, дзівавалі з таго, што расказвалі ім пастухі.

19

А Марыя прымала ўсе словы гэтыя, складаючы ў сэрцы Сваім.

20

І вярнуліся пастухі, славячы і хвалячы Бога за ўсё тое, што чулі і бачылі, як ім сказана было.

21

Як прайшло восем дзён, калі трэба было абрэзаць Дзіцятка, далі яму імя Ісус, названае анёлам раней зачацьця Ягонага ва ўлоньні.

22

А калі споўніліся дні ачышчэньня іхняга паводле закону Майсеевага, прынесьлі Яго ў Ерусалім, каб явіць Госпаду,

23

як прадпісана ў законе Гасподнім, каб усякае дзіцятка мужчынскага полу, якое размыкае ўлоньне, было прысьвечана Госпаду;

24

і каб прынесьлі ў ахвяру, паводле сказанага ў законе Гасподнім, дзьве галубкі альбо два птушаняты галубіныя.

25

Тады быў у Ерусаліме чалавек, імем Сымон. Ён быў муж праведны і пабожны, чакаў суцяшэньня Ізраілевага; і Дух Сьвяты быў на ім.

26

Яму было прадказана Духам Сьвятым, што ён ня ўбачыць сьмерці, пакуль ня ўбачыць Хрыста Гасподняга.

27

І прыйшоў ён па натхненьні ў храм. І калі бацькі прынесьлі Дзіцятка Ісуса, каб выканаць над Ім законны абрад,

28

ён узяў Яго на рукі, праславіў Бога і сказаў:

29

сёньня адпускаеш раба Твайго, Уладыка, паводле слова Твайго, зь мірам;

30

бо бачылі вочы мае збавеньне Тваё,

31

якое Ты ўгатаваў перад абліччам усіх народаў,

32

сьвятло на асьвятленьне язычнікаў, і славу народу Твайго Ізраіля.

33

А Язэп і Маці Ягоная дзівавалі ад сказанага пра Яго.

34

І дабраславіў іх Сымон, і сказаў Марыі, Маці Ягонай: вось, ляжыць Гэты на ўпадак і на ўзвышэньне многіх у Ізраілі і на азнаку нязгодаў,

35

і Табе Самой зброя пратне душу, каб адкрыліся помыслы многіх сэрцаў.

36

І была таксама Ганна прарочыца, дачка Фануілава, з роду Асіравага, якая дажыла да глыбокай старасьці, пражыўшы з мужам ад дзявоцтва свайго сем гадоў,

37

удава гадоў васьмідзесяці чатырох, якая не адыходзіла ад храма, постам і малітваю служачы Богу дзень і ноч.

38

І яна, у тую самую гадзіну падышоўшы, славіла Госпада і казала пра Яго ўсім, хто чакаў ратунку ў Ерусаліме.

39

І калі яны зрабілі ўсё паводле закону Гасподняга, вярнуліся ў Галілею, у горад свой Назарэт.

40

А Дзіця расло і мацавалася духам, напаўняючыся мудрасьцю; і мілата Божая была на Ім.

41

Кожны год бацькі Ягоныя хадзілі ў Ерусалім на сьвята Пасхі.

42

І калі Яму было дванаццаць гадоў, прыйшлі яны таксама як звычайна ў Ерусалім на сьвята;

43

калі ж, пасьля заканчэньня дзён сьвята, вярталіся, застаўся Хлопчык Ісус у Ерусаліме; і не заўважылі таго Язэп і Маці Ягоная;

44

але думалі, што Ён ідзе зь іншымі; прайшоўшы ж дзённы шлях, пачалі шукаць Яго сярод родзічаў і знаёмых;

45

і не знайшоўшы Яго, вярнуліся ў Ерусалім, шукаючы Яго.

46

Праз тры дні знайшлі яго ў храме, сядзеў сярод настаўнікаў, слухаў іх і распытваў іх;

47

усе, хто слухаў Яго, зьдзіўляліся з розуму і адказаў Ягоных.

48

І ўбачыўшы Яго, зьдзівіліся; і Маці ягоная сказала Яму: Дзіця! што Ты зрабіў з намі? вось, бацька Твой і Я зь вялікаю скрухаю шукалі Цябе.

49

Ён сказаў ім: навошта было вам шукаць Мяне? ці вы ня ведалі, што Я павінен быць у тым, што належыць Айцу Майму?

50

Але яны не зразумелі сказаных Ім словаў.

51

І Ён пайшоў зь імі і прыйшоў у Назарэт; і быў у паслушэнстве ім. І Маці Ягоная захоўвала ўсе словы гэтыя ў сэрцы Сваім.

52

А Ісус мацаваўся ў мудрасьці і росьце і ў любові ў Бога і людзей.