Лука 1

1

Як ужо многія пачалі складаць аповесьці пра добра вядомыя сярод нас падзеі,

2

як пераказалі нам тое ўсе, хто з самага пачатку быў сьведкамі і слугамі Слова,

3

дык надумаўся і я, рупліва дасьледаваўшы ўсё з пачатку, па парадку апісаць табе, глыбокашаноўны Феафіле,

4

каб ты ўведаў цьвёрдую аснову таго вучэньня, у якім быў настаўлены.

5

У дні Ірада, цара Юдэйскага, быў сьвятар з Авіевай чаргі, імем Захар, і жонка ягоная з роду Ааронавага, імя ейнае Элізабэта.

6

Абое яны былі праведныя перад Богам, жывучы паводле ўсіх запаведзяў і ўстанаўленьняў Гасподніх беспахібна.

7

У іх ня было дзяцей, бо Элізабэта была няплодная, і абое былі ўжо ў сталым веку.

8

Аднаго разу, калі ён у парадку сваёй чаргі служыў перад Богам,

9

па жэрабі, як заведзена было ў сьвятароў, прыпала яму ўвайсьці ў храм Гасподні кадзіць,

10

а ўсё мноства людзей малілася звонку ў часе каджэньня,

11

тады зьявіўся яму анёл Гасподні, стоячы па правы бок да ахвярніка кадзільнага,

12

і Захар, убачыўшы яго, сумеўся, і страх агарнуў яго.

13

Анёл жа сказаў яму: ня бойся, Захар, бо пачута малітва твая, і жонка твая Элізабета народзіць табе сына, і дасі яму імя Ян;

14

і будзе табе радасьць і весялосьць, і многія нараджэньню ягонаму ўзрадуюцца;

15

бо ён вялікі будзе перад Госпадам; ня будзе піць віна і сікеру, і Духам Сьвятым прасякнецца яшчэ ад улоньня маці сваёй;

16

і многіх з-паміж сыноў Ізраілевых наверне да Госпада Бога іхняга;

17

і пройдзе перад імі ў духу і ў сіле Ільлі, каб вярнуць сэрцы бацькоў дзецям, і непакорлівым лад думак праведнікаў, каб зьявіць Госпаду народ падрыхтаваны.

18

І сказаў Захар анёлу: па чым я пазнаю гэта? бо я стары, і жонка мая ў сталым веку.

19

Анёл сказаў яму ў адказ: я Гаўрыіл, стаю перад Богам, і пасланы гаварыць з табою і паведаміць табе гэта;

20

і вось ты будзеш маўчаць і ня зможаш гаварыць да таго дня, калі гэта збудзецца, за тое, што ты не паверыў словам маім, якія спраўдзяцца ў свой час.

21

Тым часам люд чакаў Захара і зьдзіўляўся, што ён марудзіў у храме.

22

А ён, выйшаўшы, ня мог гаварыць да іх; і яны зразумелі, што ён бачыў уяву ў храме; і ён рабіў ім знакі і заставаўся нямы.

23

А як скончыліся дні службы ягонай, вярнуўся ў дом свой.

24

Пасьля гэтых дзён зачала Элізабэта, жонка ягоная, і таілася пяць месяцаў, і казала:

25

так учыніў мне Гасподзь у дні тыя, калі паглядзеў на мяне, каб зьняць зь мяне ганьбу сярод людзей.

26

А на шостым месяцы пасланы быў анёл Гаўрыіл ад Бога ў горад Галілейскі, які называўся Назарэт,

27

да Дзевы, заручанай з мужам, імем Язэп, з дому Давідавага; а імя ў Дзевы: Марыя.

28

Анёл, увайшоўшы да Яе, сказаў: радуйся, Дабрадатная! Гасподзь з Табою; дабраславёная Ты сярод жанчын.

29

А Яна, угледзеўшы яго, сумелася ад словаў ягоных і разважала, што б гэта было за вітаньне.

30

І сказаў Ёй анёл: ня бойся, Марыя, бо Ты здабыла мілату ў Бога;

31

і вось, зачнеш ва ўлоньні, і народзіш Сына, і дасі Яму імя: Ісус;

32

Ён будзе вялікі і будзе названы Сынам Усявышняга; і дасьць Яму Гасподзь Бог пасад Давіда, бацькі Ягонага;

33

і будзе валадарыць над домам Якава вечна, і Царству Ягонаму ня будзе канца.

34

А Марыя сказала анёлу: як будзе гэта, калі Я мужа ня знаю?

35

Анёл сказаў Ёй у адказ: Дух Сьвяты сыйдзе на Цябе, і сіла Усявышняга ахіне Цябе; таму і народжанае Сьвятое назавецца Сынам Божым;

36

вось, і Элізабэта, сваячка Твая, называная няплоднаю, і яна зачала сына ў старасьці сваёй, і ёй ужо шосты месяц;

37

бо ў Бога не застанецца бясьсілым ніякае слова.

38

Тады Марыя сказала: вось, раба Гасподняя; хай будзе Мне паводле слова твайго. І адышоў ад Яе анёл.

39

І ўстаўшы, Марыя ў дні тыя, пасьпяшалася ў нагорную краіну, у горад Юдаў,

40

і ўвайшла ў дом Захара, і прывітала Элізабэту.

41

Калі Элізабэта пачула вітаньне Марыіна, варухнулася дзіцятка ў чэраве ў яе; і Элізабэта напоўнілася Духам Сьвятым,

42

і ўсклікнула моцным голасам, і сказала: Дабраславёная Ты сярод жанчын, і дабраславёны плод улоньня Твайго!

43

І адкуль гэта мне, што прыйшла Маці Госпада майго да мяне?

44

Бо калі голас вітаньня Твайго дайшоў да слыху майго, варухнулася дзіцятка радасна ў чэраве маім.

45

і дабрашчасная Тая, Якая паверыла, бо збудзецца сказанае Ёй ад Госпада.

46

І сказала Марыя: праслаўляе душа Мая Госпада,

47

і ўзрадаваўся дух мой у Богу, Збаўцы Маім,

48

што дагледзеў Ён пакорлівасьць рабы Сваёй; бо ад сёньня будуць шчасьціць Мяне ўсе роды,

49

бо ўчыніў Мне веліч Магутны і сьвятое імя Ягонае,

50

і ласка Ягоная ў роды родаў да тых, што баяцца Яго;

51

зьявіў сілу рукі Сваёй; расьсеяў тых, што заносяцца думкамі сэрца свайго;

52

скінуў моцных з тронаў, і ўзвысіў пакорлівых;

53

галодных напоўніў дабром, а багатых пусьціў ані з чым;

54

прыгарнуў Ізраіля, слугу Свайго, памятаючы пра міласэрнасьць;

55

як казаў бацькам нашым, Абрагаму і семені ягонаму давеку.

56

А Марыя прабыла зь ёю каля трох месяцаў і вярнулася ў дом Свой.

57

А Элізабэце прысьпеў час радзіць, і яна нарадзіла сына.

58

І пачулі суседзі і родзічы ейныя, што прасьцёр Гасподзь ласку Сваю над ёю, і радаваліся зь ёю.

59

На восьмы дзень прыйшлі абрэзаць дзіця, і хацелі назваць яго імем бацькі ягонага, Захарам.

60

На гэта маці ягоная сказала: не; а назваць яго Янам.

61

І сказалі ёй: нікога няма ў радзіне тваёй, хто б называўся гэтым імем.

62

І пыталіся знакамі ў бацькі ягонага, як бы ён хацеў назваць яго.

63

Ён папрасіў дошчачку і напісаў: Ян імя яму. І ўсе зьдзівіліся.

64

І адразу разамкнуліся вусны ягоныя і язык ягоны, і ён загаварыў, славячы Бога.

65

І быў страх на ўсіх, што жылі вакол іх; і расказвалі пра ўсё гэта па ўсёй нагорнай краіне Юдэйскай.

66

Усе, хто чуў, паклалі гэта ў сэрца сваё і казалі: што будзе зь дзіцятка гэтага? І рука Гасподняя была зь ім.

67

І Захар, бацька Ягоны, напоўніўся Духам Сьвятым і прарочыў, кажучы:

68

Дабраславёны Гасподзь Бог Ізраілеў, што наведаў народ Свой і даў ратунак яму,

69

і паслаў моцнага выратавальніка нам, нашчадка Давіда, слугі Свайго,

70

як узьвясьціў вуснамі былых ад веку сьвятых прарокаў Сваіх,

71

што ўратуе нас ад ворагаў нашых; і ад рукі ўсіх ненавісьнікаў нашых;

72

учыніць міласэрнасьць бацькам нашым і ўспомніць сьвятую дамову Сваю,

73

прысягу, якою прысягаў Ён Абрагаму, бацьку нашаму, даць нам,

74

каб бяз страху, пасьля збавеньня ад рук ворагаў нашых,

75

мы служылі Яму ў сьвятасьці і праўдзе перад Ім ва ўсе дні жыцьця нашага.

76

А ты, дзіця, назавешся прарокам Усявышняга, бо ідзеш перад абліччам Госпада — падрыхтаваць шляхі Яму,

77

каб разумеў народ Ягоны ратунак у дараваньні грахоў іхніх,

78

праз шчырую міласэрнасьць Бога нашага, якой наведаў нас Усход з вышыні,

79

прасьвятліць тых, што сядзяць у цемры і цяні сьмяротным, скіраваць ногі нашыя на шлях міру.

80

А дзіця расло і мацавалася духам, і заставалася ў пустынях да дня зьяўленьня свайго Ізраілю.