Марко 16

1

Як прайшла субота, Марыя Магдаліна і Марыя Якаўлева і Саломія купілі пахошчаў, каб ісьці - намасьціць Яго.

2

І даволі рана, у першы дзень тыдня, прыходзяць да магілы, на ўзыходзе сонца,

3

і гавораць паміж сабою: хто адваліць нам камень ад магільных дзьвярэй?

4

І зірнуўшы, бачаць, што камень адвалены; а ён быў досыць вялікі.

5

І ўвайшоўшы ў магілу, убачылі юнака, які сядзеў з правага боку, адзетага ў белыя шаты: і жахнуліся.

6

А ён кажа ім: не жахайцеся. Ісуса шукаеце Назараніна, укрыжаванага; Ён уваскрэс, Яго няма тут. Вось месца, дзе Ён быў пакладзены.

7

Але ідзеце, накажэце вучням Ягоным і Пятру, што Ён запабегне вас у Галілеі; там Яго ўгледзіце, як Ён сказаў вам.

8

І выйшаўшы, пабеглі ад магілы; іх апанаваў жах, і нікому нічога не сказалі, бо баяліся.

9

Уваскрэснуўшы рана ў першы дзень тыдня, Ісус зьявіўся спачатку Марыі Магдаліне, зь якое быў выгнаў сем дэманаў.

10

Яна пайшла і абвясьціла тым, што былі зь Ім, што плакалі і галасілі;

11

але яны, пачуўшы, што Ён жывы, і яна бачыла Яго, - не паверылі.

12

Пасьля гэтага зьявіўся ў іншым вобразе двум зь іх на дарозе, калі яны ішлі ў селішча.

13

І тыя, вярнуўшыся, абвясьцілі астатнім; але і ім не паверылі.

14

Нарэшце зьявіўся самім адзінаццацём, калі яны ляжалі на вячэры, і дакараў іх за няверства і жорсткасьць сэрца, што не паверылі тым, якія бачылі Яго ўваскрэслага.

15

І сказаў ім: ідзеце па ўсім сьвеце і абвяшчайце Дабравесьце ўсяму стварэньню.

16

Хто будзе верыць і хрысьціцца, выратаваны будзе; а хто ня будзе верыць, асуджаны будзе.

17

Тым, што ўверуюць, дадзены будуць гэтыя азнакі: імем Маім будуць выганяць нячыстых, будуць гаварыць новымі мовамі;

18

будуць браць зьмей; і калі што сьмертагубнае вып’юць, не зашкодзіць ім; ускладуць рукі на хворых, і яны будуць здаровыя.

19

І так Гасподзь, пасьля гутаркі зь імі, узьнёсься на неба і сеў праваруч Бога.

20

А яны пайшлі і прапаведавалі ўсюды, пры Гасподнім садзеяньні і падмацаваньні слова наступнымі азнакамі. Амін.