Марко 1

1

Пачатак Дабравесьця Ісуса Хрыста, Сына Божага,

2

як напісана ў прарокаў: "вось, Я пасылаю анёла Майго перад Табою".

3

"Голас таго, хто кліча ў пустыні: падрыхтуйце шлях Госпаду, простымі зрабеце сьцежкі Яму".

4

Зьявіўся Ян, хрысьцячы ў пустыні і прапаведуючы хрышчэньне пакаяньня на дараваньне грахоў.

5

І выходзілі да яго ўся краіна Юдэйская і Ерусалімляне; і хрысьціліся ў яго ўсе ў рацэ Ярдане, спавядаючыся ў грахах сваіх.

6

А ў Яна была вопратка зь вярблюджага воласу і скураны пояс на паясьніцы ягонай, і еў акрыды і дзікі мёд.

7

І прапаведаваў, кажучы: ідзе за мною Мацнейшы за мяне, у Якога я ня варты, нахіліўшыся, разьвязаць рэмень абутку Ягонага;

8

я хрысьціў вас вадою, а Ён будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым.

9

І было ў тыя дні, прыйшоў Ісус з Назарэта Галілейскага і хрысьціўся ў Яна ў Ярдане.

10

І калі выходзіў з вады, убачыў адразу Ян, як адчыніліся нябёсы, і Духа, як голуба, Які сыходзіў на Яго.

11

І голас быў зь нябёсаў: "Ты Сын Мой Любасны, Якога Я ўпадабаў".

12

І адразу пасьля гэтага Дух вядзе Яго ў пустыню.

13

І быў Ён там у пустыні сорак дзён, спакушаны сатаною, і быў са зьвярамі; і анёлы слугавалі Яму.

14

А пасьля таго, як прададзены быў Ян, прыйшоў Ісус ў Галілею, прапаведуючы Дабравесьце Царства Божага,

15

і кажучы, што прыйшоў час і наблізілася Царства Божае: пакайцеся і веруйце ў Дабравесьце.

16

А праходзячы каля мора Галілейскага, убачыў Сымона і Андрэя, брата ягонага, якія закідвалі мярэжы ў мора, бо яны былі рыбакі.

17

І сказаў ім Ісус: ідзеце за Мною, і Я зраблю вас лаўцамі людзей.

18

І яны адразу, пакінуўшы мярэжы свае, пайшлі за Ім.

19

І прайшоўшы адтуль далей, Ён угледзеў Якава Зевядзеевага і Яна, брата ягонага, таксама ў лодцы; яны ладзілі мярэжы,

20

і адразу заклікаў іх. І яны, пакінуўшы бацьку свайго Зевядзея ў лодцы з работнікамі, пайшлі за Ім.

21

І прыходзяць у Капернаум; і неўзабаве ў суботу ўвайшоў Ён у сынагогу і вучыў.

22

І зьдзіўляліся з вучэньня Ягонага, бо Ён вучыў іх як той, хто ўладу мае, а не як кніжнікі.

23

У сынагозе іхняй быў чалавек, апанаваны духам нячыстым, і закрычаў:

24

кінь, што Табе да нас, Ісусе Назаранін? Ты прыйшоў пагубіць нас! ведаю Цябе, хто Ты, Сьвяты Божы.

25

Але Ісус загразіў яму, кажучы: змоўкні і выйдзі зь яго.

26

Тады дух нячысты, скалануўшы яго і закрычаўшы зычным голасам, выйшаў зь яго.

27

І жахнуліся ўсе, і пыталіся адзін у аднаго: што гэта? што гэта за вучэньне новае, што Ён і духам нячыстым загадвае і яны слухаюцца Яго.

28

І хутка разышлася пра Яго пагалоска па ўсіх землях вакол Галілеі.

29

Выйшаўшы неўзабаве з сынагогі, прыйшлі ў дом Сымона і Андрэя зь Якавам і Янам.

30

А Сымонава цешча ляжала ў гарачцы; і адразу кажуць Яму пра яе.

31

Падышоўшы, Ён падняў яе, узяў яе за руку; і гарачка адразу пакінула яе, і яна пачала слугаваць ім.

32

А як зьмяркалася, калі заходзіла сонца, прыносілі да Яго ўсіх хворых і апанаваных дэманамі.

33

І ўвесь горад сабраўся да дзьвярэй.

34

І Ён ацаліў многіх, што цярпелі ад розных хваробаў; выгнаў шмат дэманаў і не дазваляў дэманам гаварыць, бо яны ведалі, што Ён Хрыстос.

35

А нараніцу, устаўшы на досьвітку, выйшаў і пайшоў у пустэльнае месца, і там маліўся.

36

Сымон і тыя, хто быў зь Ім, пайшлі за Ім;

37

і, знайшоўшы Яго, кажуць Яму: усе шукаюць Цябе.

38

Ён кажа ім: хадзем у бліжэйшыя селішчы і гарады, каб Мне і там зьвеставаць, бо Я на тое і прыйшоў.

39

І Ён зьвеставаў у сынагогах іхніх па ўсёй Галілеі, і выганяў дэманаў.

40

Прыходзіць да Яго пракажоны і, просячы Яго на каленях, кажа Яму: калі хочаш, можаш мяне ачысьціць.

41

Ісус, умілажаліўшыся зь яго, працягнуў руку, дакрануўся да яго і сказаў яму: хачу, ачысьціся.

42

Пасьля гэтага слова праказа адразу сыйшла зь яго, і ён стаўся чыстым.

43

І гнеўна выгаварыўшы яму, адразу прагнаў яго

44

і сказаў яму: глядзі, нікому нічога не кажы; а ідзі, пакажыся сьвятару і ахвяруй за ачышчэньне тваё, што загадаў Майсей, на сьведчаньне ім.

45

А ён, выйшаўшы, пачаў абвяшчаць і расказваць пра тое, што адбылося, так што Ісус ня мог ужо адкрыта ўвайсьці ў горад, а быў звонку, у мясьцінах пустэльных. І прыходзілі да Яго адусюль.