Матей 5

1

Убачыўшы люд, Ён узышоў на гару; і калі сеў, прыступілі да Яго вучні Ягоныя.

2

І, адкрыўшы вусны Свае, Ён вучыў іх, кажучы:

3

Дабрашчасныя ўбогія духам, бо іх ёсьць Царства Нябеснае.

4

Дабрашчасныя тыя, што плачуць, бо яны суцешацца.

5

Дабрашчасныя лагодныя, бо яны ўспадкуюць зямлю.

6

Дабрашчасныя тыя, хто жадае і прагне праўды, бо яны спатоляцца.

7

Дабрашчасныя міласэрныя, бо яны памілаваны будуць.

8

Дабрашчасныя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць.

9

Дабрашчасныя міратворцы, бо яны сынамі Божымі назавуцца.

10

Дабрашчасныя гнаныя за праўду, бо іх ёсьць Царства Нябеснае.

11

Дабрашчасныя вы, калі будуць вас ганьбіць і гнаць і ўсякім словам ліхім несправядліва зьневажаць за Мяне.

12

Радуйцеся і весялецеся, бо ўзнагарода ваша вялікая на нябёсах: так гналі прарокаў, што былі перад вамі.

13

Вы — соль зямлі. Калі ж соль страціць сілу, дык чым асоліш яе? Яна ўжо ні на што ня прыдатная, хіба што выкінуць яе прэч на патаптаньне людзям.

14

Вы — сьвятло сьвету: ня можа схавацца горад, які стаіць на версе гары.

15

І запаліўшы сьвечку, ня ставяць яе пад пасудзінаю, а на сьвечніку, і сьвеціць усім, хто ў доме.

16

Так няхай сьвеціць сьвятло ваша перад людзьмі, каб яны бачылі вашыя добрыя ўчынкі і ўслаўлялі Айца вашага, Які ёсьць у нябёсах.

17

Ня думайце, што Я прыйшоў парушыць закон, альбо прарокаў: не парушыць прыйшоў Я, а зьдзейсьніць.

18

Бо праўду кажу вам: пакуль ня мінецца неба і зямля, ані ёта адна, ані рыска адзіная ня мінецца з закона, пакуль ня збудзецца ўсё.

19

Дык вось, хто парушыць адну з запаведзяў гэтых найменшых і навучыць гэтак людзей, той найменшым назавецца ў Царстве Нябесным; а хто выканае і навучыць, той вялікім назавецца ў Царстве Нябесным.

20

Бо, кажу вам, калі праведнасьць ваша не пераважыць праведнасьці кніжнікаў і фарысэяў, дык ня ўвойдзеце вы ў Царства Нябеснае.

21

Вы чулі, што сказана продкам: "не забівай; а хто заб’е, падпадае суду".

22

А Я кажу вам, што кожны, хто гневаецца на брата свайго марна, падпадае суду; хто ж бо скажа брату свайму "пусты чалавек", падпадае сынедрыёну ; а хто скажа "неразумны", падпадае геене вогненнай.

23

Дык вось, калі ты прынясеш дар твой да ахвярніка і ўспомніш там, што брат твой мае нешта супроць цябе,

24

пакінь там дар твой перад ахвярнікам, і ідзі сьпярша памірыся з братам тваім, і тады прыйдзі і прынясі дар твой.

25

Мірыся з праціўнікам тваім хутчэй, пакуль ты яшчэ ў дарозе зь ім, каб не аддаў цябе праціўнік судзьдзі, а судзьдзя не аддаў цябе слузе, і ня ўкінуў цябе ў цямніцу;

26

праўду кажу табе: ня выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошняга кадранта .

27

Вы чулі, што сказана продкам: "Ня чыні пералюбу".

28

А Я вам кажу, што кожны, хто глядзіць на жанчыну з пажадаю, ужо ўчыніў пералюб зь ёю ў сэрцы сваім.

29

Калі ж правае вока тваё спакушае цябе, вырві яго і кінь ад сябе; бо лепей табе, каб загінуў адзін з чэлесаў тваіх, а ня ўсё цела тваё было ўкінута ў геену.

30

І калі правая твая рука спакушае цябе, адатні яе і кінь ад сябе; бо лепей табе, каб загінуў адзін з чэлесаў тваіх, а ня ўсё цела тваё было ўкінута ў геену.

31

Сказана таксама, што, калі хто разьвядзецца з жонкаю сваёю, няхай дасьць ёй разводны ліст.

32

А Я вам кажу: кожны, хто разводзіцца з жонкаю сваёю, акрамя як з прычыны распусты, той даводзіць яе да пералюбу; і хто ажэніцца з разьведзенай, той чыніць пералюб.

33

Зноў жа чулі вы, што сказана продкам: "Не давай ілжывай прысягі, а выконвай прад Госпадам прысягі твае".

34

А Я вам кажу: не прысягай зусім: ні небам, бо яно — Трон Божы;

35

ні зямлёю, бо яна падножжа нагам Ягоным; ні Ерусалімам, бо ён горад Вялікага Цара;

36

ні галавою тваёю не прысягай, бо ня можаш ніводнай валасінкі зрабіць белаю альбо чорнаю.

37

А хай будзе слова ваша: "так — так", "не — не"; а што звыш гэтага, тое ад ліхога.

38

Вы чулі, што сказана: "Вока за вока, і зуб за зуб".

39

А Я кажу вам не працівіцца злому. Калі хто цябе ўдарыць па правай шчацэ тваёй, падстаў яму і другую;

40

і калі хто захоча судзіцца з табою і ўзяць у цябе кашулю, аддай яму і вопратку;

41

і калі хто цябе змусіць ісьці зь ім адно попрышча , ідзі зь ім два.

42

Таму, хто просіць у цябе, дай і ад таго, хто хоча пазычыць у цябе, не адварочвайся.

43

Вы чулі, што сказана: "Любі блізкага твайго і ненавідзь ворага твайго".

44

А Я кажу вам: любеце ворагаў вашых, дабраслаўляйце кляцьбітоў вашых, рабеце дабро ненавісьнікам вашым і малецеся за крыўдзіцеляў вашых і за ганіцеляў вашых;

45

каб сталіся вы сынамі Айца вашага, Які ёсьць у нябёсах; бо Ён загадвае сонцу Свайму ўзыходзіць над ліхімі і добрымі і пасылае дождж на праведных і няправедных.

46

Бо, калі вы будзеце любіць тых, што любяць вас, якая вам узнагарода? Ці ж ня тое самае робяць і мытнікі ?

47

І калі вы вітаеце братоў вашых толькі, што асаблівага робіце? Ці ж ня гэтак тое самае робяць і язычнікі?

48

Дык вось, будзьце дасканалыя, як дасканалы Айцец ваш Нябесны.