Матей 4

1

Тады Ісус быў паведзены Духам у пустыню, на спакушэньне ад д’ябла.

2

І, пасьціўшы сорак дзён і сорак начэй, напасьледак згаладаўся.

3

І падступіўся да Яго спакусьнік і сказаў: калі Ты Сын Божы, скажы, каб камяні гэтыя сталі хлябамі.

4

А Ён сказаў яму ў адказ: напісана: "ня хлебам адным будзе жыць чалавек, а ўсякім словам, якое зыходзіць з вуснаў Божых".

5

Тады бярэ Яго д’ябал у сьвяты горад і ставіць Яго на крыле храма,

6

і кажа Яму: калі Ты Сын Божы, кінься ўніз; бо напісана: "Анёлам Сваім накажа пра Цябе, і на руках панясуць Цябе, каб не спатыкнуўся Ты аб камень нагою Тваёю".

7

Сказаў яму Ісус: напісана яшчэ: "не спакушай Госпада Бога твайго".

8

Зноў бярэ Яго д’ябал на вельмі высокую гару, і паказвае Яму ўсе царствы сьвету і славу іх,

9

і кажа Яму: усё гэта Табе дам, калі ўпаўшы паклонішся мне.

10

Тады кажа яму Ісус: адыдзі ад мяне, сатана; бо напісана: "Госпаду Богу твайму пакланяйся, і Яму аднаму служы".

11

Тады пакідае Яго д’ябал, — і вось, анёлы прыступілі і слугавалі Яму.

12

Ісус, пачуўшы, што Ян аддадзены варце, адышоў у Галілею,

13

і, пакінуўшы Назарэт, прыйшоў і пасяліўся ў Капернауме прыморскім, у межах Завулонавых і Нэфталімавых,

14

каб збылося сказанае праз прарока Ісаю, які кажа:

15

"Зямля Завулонава і зямля Нэфталімава, на дарозе прыморскай за Ярданам, Галілея язычніцкая,

16

народ, што сядзеў у цемры, убачыў сьвятло вялікае, і ўсім, хто сядзеў у краіне і цяні сьмерці, зазьзяла сьвятло".

17

З таго часу Ісус пачаў прапаведаваць і казаць: пакайцеся, бо наблізілася Царства Нябеснае.

18

А праходзячы каля мора Галілейскага, угледзеў Ён двух братоў: Сымона, якога завуць Пятром, і Андрэя, брата ягонага, якія закідвалі мярэжы ў мора, бо яны былі рыбакі.

19

І кажа ім: ідзеце за Мною, і Я зраблю вас лаўцамі людзей.

20

І яны адразу, пакінуўшы мярэжы, пайшлі за Ім.

21

Адтуль прайшоўшы далей, угледзеў Ён іншых двух братоў, Якава Зэвядзеевага і Яна, брата ягонага, у лодцы з Зэвядзеем, бацькам іхнім, якія ладзілі мярэжы свае, і заклікаў іх.

22

І яны адразу, пакінуўшы лодку і бацьку свайго, пайшлі за Ім.

23

І хадзіў Ісус па ўсёй Галілеі, навучаючы ў сынагогах іхніх і прапаведуючы Дабравесьце Царства і ацаляючы ўсякую хваробу і ўсякую немач у людзях.

24

І прайшоў пра Яго погалас па ўсёй Сірыі; і прыводзілі да Яго ўсіх нямоглых, рознымі хваробамі і пакутамі ахопленых, і апанаваных дэманамі, і лунатыкаў, і спаралізаваных, і Ён ацаляў іх.

25

І за Ім ішло мноства люду з Галілеі і Дзесяцігародзьдзя, і зь Ерусаліма, і зь Юдэі, і з-за Ярдана.