Матей 23

1

Тады Ісус прамовіў да люду і вучняў Сваіх,

2

кажучы: на Майсеевым пасадзе селі кніжнікі і фарысэі;

3

дык вось, усё, што яны кажуць вам захоўваць, рабеце і захоўвайце; а паводле ўчынкаў іхніх не рабеце, бо яны гавораць, і ня робяць:

4

зьвязваюць цяжары важкія і непасільныя і ўскладаюць на плечы людзям, а самі ня хочуць і пальцам зрушыць іх;

5

а ўсе справы свае робяць дзеля таго, каб бачылі іх людзі; пашыраюць філактэрыі свае ды павялічваюць кутасы на адзеньні сваім;

6

а таксама любяць ляжаць наперадзе на гасьцінах, і наперадзе сядзець у сынагогах,

7

і вітаньні на плошчах, і каб людзі клікалі іх: "Настаўнік! настаўнік!"

8

А вы не называйцеся настаўнікамі, бо адзін у вас Настаўнік — Хрыстос, а ўсе вы — браты;

9

і айцом сабе не называйце нікога на зямлі, бо адзін у вас Айцец, Які на нябёсах;

10

і не называйцеся правадырамі, бо адзін у вас Правадыр — Хрыстос.

11

Большы з вас хай будзе вам слуга:

12

бо хто ўзвышае сябе, той паніжаны будзе; а хто паніжае сябе, той узвысіцца.

13

Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што зачыняеце Царства Нябеснае перад людзьмі; бо самі не ўваходзіце, і тых, што ўваходзяць, ня пускаеце ўвайсьці.

14

Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што паядаеце дамы ўдоваў і напаказ доўга моліцеся: за тое прымеце тым большую асуду.

15

Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што праходзіце мора і сушу, каб прыдбаць хоць аднаго нававерца; і калі гэта здараецца, робіце яго сынам геены, двойчы горшым за вас.

16

Гора вам, павадыры сьляпыя, што кажаце: "калі хто прысягне храмам, дык нічога; а калі прысягне золатам храма, дык вінаваты".

17

Неразумныя і сьляпыя! што большае: золата, ці храм, які асьвячае золата?

18

і: "калі хто прысягне ахвярнікам, дык нічога; а калі прысягне дарам, які на ім, дык вінаваты".

19

Неразумныя і сьляпыя! што большае: дар, ці ахвярнік, які асьвячае дар?

20

Дык вось, хто прысягне ахвярнікам, прысягае ім і ўсім, што на ім;

21

і той, што прысягае храмам, прысягае ім і Тым, Хто жыве ў ім;

22

і той, хто прысягае небам, прысягае тронам Божым і Тым, Хто сядзіць на ім.

23

Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што даяце дзесяціну зь мяты, анісу і кмену, і адкінулі важнейшае ў законе: суд, міласьць і веру; гэта трэба было рабіць, і таго не пакідаць.

24

Павадыры сьляпыя, што адцэджваеце камара, а вярблюда праглынаеце!

25

Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што ачышчаеце зьнешнасьць кубка і місы, а ўсярэдзіне яны поўныя пахапнасьці і няпраўды.

26

Фарысэй сьляпы! ачысьці сьпярша сярэдзіну кубка і місы, каб чыстая была і зьнешнасьць іхняя.

27

Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што прыпадабняецеся да павапленых магіл, якія звонку здаюцца прыгожымі, а ўсярэдзіне поўныя касьцей мёртвых і ўсякага бруду;

28

так і вы зьнешне здаяцеся людзям праведнымі, а ўсярэдзіне поўныя крывадушнасьці і беззаконьня.

29

Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што будуеце магільніцы прарокам і ўпрыгожваеце помнікі праведнікам,

30

і кажаце: "калі б мы былі ў дні бацькоў нашых, дык ня былі б саўдзельнікамі іхнімі ў праліваньні крыві прарокаў";

31

тым самым вы самі сьведчыце супроць сябе, што вы сыны тых, якія забілі прарокаў;

32

дапаўняйце ж меру бацькоў вашых.

33

Зьмеі, выродзьдзе яхідніна! як унікнеце вы асуджэньня ў геену?

34

Таму, вось, Я пасылаю да вас прарокаў, і мудрых, і кніжнікаў; і некаторых зь іх вы заб’яце і ўкрыжуеце, а некаторых будзеце біць у сынагогах вашых і гнаць з горада ў горад;

35

каб апала на вас уся кроў праведная, пралітая на зямлі, ад крыві Авеля праведнага да крыві Захарыі, сына Варахіевага, якога вы забілі паміж храмам і ахвярнікам.

36

Праўду кажу вам: усё гэта ападзе на род гэты.

37

Ерусаліме, Ерусаліме, што забіваеш прарокаў і каменьнем пабіваеш пасланых да цябе! колькі разоў хацеў Я сабраць дзяцей тваіх, як птушка зьбірае птушанят сваіх пад крылы, і вы не схацелі!

38

Вось, застаецца вам дом ваш пусты.

39

Бо кажу вам: ня ўбачыце Мяне ад сёньня, пакуль ня ўсклікнеце: "дабраславёны Той, Хто ідзе ў імя Гасподняе!".