Матей 22

1

І ў адказ Ісус зноў прамовіў да іх у прытчах, кажучы:

2

падобнае Царства Нябеснае на чалавека-цара, які справіў вясельле сыну свайму

3

і паслаў рабоў сваіх клікаць запрошаных на вясельле; і не хацелі прыйсьці.

4

Зноў паслаў іншых рабоў, сказаўшы: скажэце запрошаным: "вось я прыгатаваў абед мой, цяляты мае і што ўкормлена, заколата, і ўсё гатова; прыходзьце на вясельле".

5

Але яны, ня даўшы ўвагі, пайшлі, хто на поле сваё, а хто да гандлю свайго.

6

Астатнія ж, схапіўшы рабоў ягоных, зьняважылі і забілі іх.

7

І пачуўшы, цар той угневаўся, і, паслаўшы войскі свае, вынішчыў забойцаў тых і горад іхні спаліў.

8

Тады кажа ён рабам сваім: вясельле гатова, а запрошаныя ня былі вартыя.

9

Дык вось, ідзеце на ростані і ўсіх, каго спаткаеце, клічце на вясельле.

10

І рабы тыя, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго толькі знайшлі, і благіх і добрых; і напоўнілася вясельле бяседнікамі.

11

Цар, увайшоўшы паглядзець на бяседнікаў, убачыў там чалавека, апранутага не ў вясельныя строі,

12

і кажа яму: дружа! як ты ўвайшоў сюды не ў вясельных строях? А той маўчаў.

13

Тады сказаў цар слугам: зьвязаўшы яму рукі і ногі, вазьмеце яго і выкіньце ў цемру вонкавую: там будзе плач і скрыгат зубоў;

14

бо шмат пакліканых, ды мала выбраных.

15

Тады фарысэі пайшлі і дамаўляліся, як падлавіць Яго на слове.

16

І пасылаюць да Яго вучняў сваіх зь ірадыянамі, кажучы: Настаўнік! мы ведаем, што Ты справядлівы, і шляху Божаму праўдзіва вучыш, і не стараешся дагадзіць каму-небудзь, бо не глядзіш на абліччы;

17

дык вось скажы нам: як Табе здаецца? ці дазваляецца даваць падатак кесару, ці не?

18

Але Ісус, убачыўшы зламыснасьць іхнюю, сказаў: што спакушаеце Мяне, крывадушнікі?

19

пакажэце Мне манету, якою плаціцца падатак. Яны прынесьлі Яму дынар.

20

І кажа ім: чыя гэта выява і надпіс?

21

І кажуць Яму: кесаравы. Тады кажа ім: дык аддавайце кесарава кесару, а Божае Богу.

22

Пачуўшы гэта, яны зьдзівіліся і пакінуўшы Яго, пайшлі.

23

У той дзень падступіліся да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрэсеньня, і спыталіся ў Яго:

24

Настаўнік! Майсей сказаў: "калі хто памрэ, ня маючы дзяцей, хай возьме брат ягоны жонку ягоную і адродзіць семя брату свайму".

25

Было ў нас сем братоў: першы, ажаніўшыся, памёр і, ня маючы дзяцей, пакінуў жонку сваю брату свайму;

26

гэтак сама і другі, і трэці, нават да сёмага;

27

а пасьля ўсіх памерла і жонка.

28

Дык вось, ва ўваскрэсеньні, катораму зь сямі будзе яна за жонку? бо ўсе мелі яе?

29

Ісус сказаў ім у адказ: памыляецеся, ня ведаючы Пісаньняў, ні сілы Божай;

30

бо ва ўваскрэсеньні ні жэняцца, ні выходзяць замуж, а жывуць, як анёлы Божыя на нябёсах.

31

А пра ўваскрэсеньне мёртвых ці ня чыталі вы сказанага вам Богам:

32

"Я Бог Абрагама, і Бог Ісаака, і Бог Якава"? Бог ня ёсьць Бог мёртвых, а жывых".

33

І пачуўшы, люд зьдзіўляўся з вучэньня Ягонага.

34

А фарысэі, пачуўшы, што Ён прывёў садукеяў у маўчаньне, сабраліся разам.

35

І спытаўся адзін зь іх, законьнік, спакушаючы Яго і кажучы:

36

Настаўнік! якая запаведзь найбольшая ў законе?

37

Ісус жа сказаў яму: "палюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім разуменьнем тваім";

38

гэта найбольшая і першая запаведзь;

39

а другая падобная да яе: "палюбі блізкага твайго, як самога сябе";

40

на гэтых дзьвюх запаведзях грунтуецца ўвесь закон і прарокі.

41

Калі ж сабраліся фарысэі, спытаўся ў іх Ісус:

42

што вы думаеце пра Хрыста? чый Ён сын? Кажуць Яму: Давідаў.

43

Кажа ім: як жа Давід, з натхненьня, Госпадам Яго называе, калі кажа:

44

"Сказаў Гасподзь Госпаду майму: сядзі праваруч ад Мяне, пакуль пакладу ворагаў Тваіх у падножжа ног Тваіх"?

45

Дык вось, калі Давід называе Яго Госпадам, як жа Ён сын яму?

46

І ніхто ня мог адказаць Яму ні слова; і не адважваўся ўжо ніхто з таго дня дапытвацца ў Яго.