Матей 18

1

У той час прыступілі вучні да Ісуса, кажучы: хто ж большы ў Царстве Нябесным?

2

І паклікаўшы дзіця, Ісус паставіў яго сярод іх

3

і сказаў: праўду кажу вам, калі не навернецеся і ня будзеце, як дзеці, ня ўвойдзеце ў Царства Нябеснае;

4

дык вось, хто ўпакорыцца, як гэтае дзіця, той большы ў Царстве Нябесным;

5

і хто прыме адно такое дзіця ў імя Маё, той Мяне прымае;

6

а хто спакусіць аднаго з малых гэтых, што веруюць у Мяне, таму лепей было б, каб павесілі жарон млынскі на шыю яго і ўтапілі яго ў глыбіні марской.

7

Гора сьвету ад спакусаў, бо павінны прыйсьці спакусы; але гора таму чалавеку, празь якога спакусы прыходзяць.

8

Калі ж рука твая, альбо нага твая спакушае цябе, адатні яе і кінь ад сябе: лепш табе ўвайсьці ў жыцьцё бяз рукі альбо без нагі, чым зь дзьвюма рукамі і дзьвюма нагамі быць укінутым у вагонь вечны;

9

і калі вока тваё спакушае цябе, вырві яго і кінь ад сябе: лепш табе з адным вокам ў жыцьцё ўвайсьці, чым з двума вачыма быць укінутым у геену вогненную.

10

Глядзеце, не пагарджайце ніводным з малых гэтых; бо кажу вам, што анёлы іх на нябёсах заўсёды бачаць аблічча Айца Майго Нябеснага.

11

Бо прыйшоў Сын Чалавечы вышукаць і выратаваць пагіблае.

12

Як вам здаецца? Калі б у нейкага чалавека было сто авечак і заблудзілася адна зь іх; ці не пакіне ён дзевяноста дзевяцёх ў горах і ці ня пойдзе тую шукаць, што заблудзілася?

13

і калі дасца знайсьці яе, дык, праўду кажу вам, ён радуецца за яе болей, чым за дзевяноста дзевяць, што не заблудзіліся.

14

Так няма волі Айца вашага Нябеснага, каб загінуў адзін з малых гэтых.

15

А калі згрэшыць супроць цябе брат твой, ідзі і выкрый яго паміж табою і ім адным; калі паслухаецца цябе, дык здабыў ты брата твайго;

16

калі ж не паслухаецца, вазьмі з сабою яшчэ аднаго альбо двух, каб вуснамі двух альбо трох сьведкаў пацьвердзілася кожнае слова;

17

калі ж не паслухаецца іх, скажы царкве; а калі і царквы не паслухаецца, дык няхай будзе ён табе, як язычнік і мытнік.

18

Праўду кажу вам: што вы зьвяжаце на зямлі, тое будзе зьвязана на небе; і што разьвяжаце на зямлі, тое будзе разьвязана на небе.

19

Праўду таксама кажу вам, што калі двое з вас пагодзяцца на зямлі прасіць за любую справу, дык чаго б ні папрасілі, будзе ім ад Айца Майго, Які ёсьць у нябёсах;

20

бо дзе двое альбо трое сабраныя ў імя Маё, там Я сярод іх.

21

Тады прыступіў Пётр і сказаў Яму: Госпадзе! колькі разоў дараваць брату майму, які грэшыць супроць мяне? ці да сямі разоў?

22

Кажа яму Ісус: не кажу табе: "да сямі", а да сямі разоў па семьдзесят.

23

Таму Царства Нябеснае падобнае на цара, які захацеў зрахавацца з рабамі сваімі.

24

Калі ён пачаў рахавацца, прывялі да яго аднаго, хто быў вінен яму дзесяць тысяч талянтаў;

25

а як ён ня меў, чым заплаціць, дык уладар ягоны загадаў прадаць яго, і жонку ягоную, і дзяцей, і ўсё, што ён меў, і заплаціць.

26

Тады раб той упаў і, кланяючыся яму, казаў: "уладару! пацярпі на мне, і ўсё табе заплачу".

27

Уладар, зьлітаваўшыся з раба таго, адпусьціў яго і доўг дараваў яму.

28

А раб той, выйшаўшы, знайшоў аднаго з субратоў сваіх, які вінен яму быў сто дынараў, і, схапіўшы яго, душыў, кажучы: "аддай мне, што вінен".

29

Тады субрат ягоны ўпаў да ног яму, умольваў яго і казаў: "пацярпі на мне, і ўсё аддам табе".

30

Але той не схацеў, а пайшоў і ўвязьніў яго ў цямніцу, пакуль не аддасьць доўгу.

31

Субраты ягоныя, убачыўшы тое, засмуціліся вельмі, і прыйшоўшы расказалі ўладару свайму пра ўсё, што было.

32

Тады ўладар ягоны заклікае яго і кажа: "ліхі раб, увесь доўг той я дараваў табе, бо ўпрасіў ты мяне;

33

ці ня варта было і табе памілаваць субрата твайго, як і я цябе памілаваў?".

34

І, угневаўшыся, уладар ягоны аддаў яго ктам, пакуль не аддасьць яму ўсяго доўгу свайго.

35

Так і Айцец Мой Нябесны зробіць з вамі, калі не даруеце кожны брату свайму ад сэрца свайго правінаў ягоных.