Матей 14

1

У той час Ірад тэтрарх пачуў погалас пра Ісуса

2

і сказаў служкам сваім: гэта Ян Хрысьціцель; ён паўстаў зь мёртвых, і таму цуды ўчыняюцца ім.

3

Бо Ірад, узяўшы Яна, зьвязаў яго і пасадзіў у цямніцу празь Ірадыяду, жонку Піліпа, брата свайго;

4

таму што Ян казаў яму: нельга табе мець яе.

5

І хацеў яго забіць, але пабаяўся народу, бо яго ўважалі за прарока.

6

А ў дзень народзін Ірада, скакала дачка Ірадыяды перад усімі і дагадзіла Іраду;

7

таму ён пад прысягаю абяцаў ёй даць, чаго толькі яна ні папросіць.

8

А яна, падбухтораная маці сваёю, сказала: дай мне тут у місе галаву Яна Хрысьціцеля.

9

І засмуціўся цар; але дзеля прысягі і тых, што ляжалі зь ім, загадаў даць ёй,

10

і паслаў адцяць Яну галаву ў цямніцы.

11

І прынесьлі галаву яго ў місе, і далі дзяўчыне; а яна занесла маці сваёй.

12

А вучні яго, прыйшоўшы, узялі яго цела і пахавалі яго;

13

І пачуўшы, адплыў Ісус адтуль на лодцы ў пустэльнае месца адзін; а люд, пачуўшы пра тое, пайшоў за Ім з гарадоў пяшком.

14

І выйшаўшы, Ісус убачыў мноства людзей і пашкадаваў іх, і ацаліў хворых іх.

15

Калі ж зьвечарэла, прыступілі да Яго вучні Ягоныя і сказалі: пустэльная тут мясьціна, і час ужо позьні; адпусьці людзей, каб яны пайшлі ў селішчы і купілі ежы сабе.

16

Але Ісус сказаў ім: ня трэба ім ісьці, вы дайце ім есьці.

17

Яны ж кажуць Яму: у нас тут толькі пяць хлябоў і дзьве рыбіны.

18

Ён сказаў: прынясеце іх Мне сюды.

19

І загадаў народу легчы на траву і, узяўшы пяць хлябоў і дзьве рыбіны, узьвёў вочы ў неба, дабраславіў, разламаў і даў хлябы вучням, а вучні — народу.

20

І елі ўсе, і наеліся; і набралі рэшты кавалкаў дванаццаць кашоў поўных;

21

а тых, што елі, было каля пяці тысяч чалавек, апроч жанчын і дзяцей.

22

І адразу прымусіў Ісус вучняў Сваіх увайсьці ў лодку і выправіцца раней за Яго на той бок, пакуль Ён адпусьціць людзей.

23

І адпусьціўшы людзей, Ён узышоў на гару сам-насам памаліцца; і калі зьвечарэла, застаўся там адзін.

24

А лодка была ўжо на сярэдзіне мора, і яе біла хвалямі, бо вецер быў супраціўны.

25

А ў чацьвёртую варту ночы пайшоў да іх Ісус, ідучы па моры.

26

І вучні, убачыўшы Яго, што ішоў Ён па моры, сумеліся і казалі: гэта прывід; і ад страху закрычалі.

27

Але Ісус адразу загаварыў зь імі і сказаў: падбадзёрцеся; гэта Я, ня бойцеся.

28

Пётр сказаў Яму ў адказ: Госпадзе! калі гэта Ты, загадай мне прыйсьці да Цябе па вадзе.

29

А Ён сказаў: ідзі. І выйшаўшы з лодкі, Пётр пайшоў па вадзе, каб падысьці да Ісуса.

30

але, бачачы моцны вецер, спалохаўся і, пачаўшы тануць, закрычаў: Госпадзе! уратуй мяне.

31

Ісус адразу, працягнуўшы руку, падтрымаў яго і кажа яму: малаверны! навошта ты засумняваўся?

32

І калі ўвайшлі яны ў лодку, вецер аціх.

33

А тыя, што ў лодцы былі, падышлі, пакланіліся Яму і сказалі: сапраўды, Ты Сын Божы.

34

І пераправіўшыся, прыбылі ў зямлю Генісарэцкую.

35

І, пазнаўшы Яго, жыхары той мясьціны паслалі ва ўсё навакольле тое і прынесьлі да Яго ўсіх хворых,

36

і прасілі Яго, каб толькі дакрануцца да краю адзеньня Ягонага; і каторыя дакраналіся, ацаляліся.