Матей 13

1

Выйшаўшы таго ж дня з дома, Ісус сеў каля мора.

2

І сабралася да Яго мноства людзей, так што Ён увайшоў у лодку і сеў; а ўвесь люд стаяў на беразе.

3

І гаварыў ім шмат прытчамі, кажучы: вось, выйшаў сейбіт сеяць.

4

І калі сеяў ён, адно ўпала пры дарозе, і наляцелі птушкі і падзяўблі тое;

5

іншае ўпала на мясьціны камяністыя, дзе няшмат было зямлі, і неўзабаве ўзышло, таму што зямля была ня глыбокая.

6

А калі ўзышло сонца, завяла і, як ня мела карэньня, засохла;

7

іншае ўпала ў церне, і вырасла церне і заглушыла яго;

8

іншае ўпала на добрую зямлю і ўрадзіла плод: адно ў сто разоў, а другое ў шэсьцьдзясят, а тое ў трыццаць.

9

Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!

10

І прыступіўшы, вучні сказалі Яму: чаму прытчамі гаворыш ім?

11

Ён сказаў ім у адказ: таму, што вам дадзена ведаць таямніцы Царства Нябеснага, а ім ня дадзена;

12

бо хто мае, таму дадзена будзе і памножыцца; а хто ня мае, у таго адымецца і тое, што мае;

13

дзеля таго прытчамі прамаўляю ім, што яны бачачы ня бачаць, і чуючы ня чуюць, і не разумеюць;

14

і збываецца над імі прароцтва Ісаі, якое кажа: "слыхам пачуеце, і не ўразумееце; і вачыма глядзець будзеце, і ня ўбачыце;

15

агрубела бо сэрца ў людзей гэтых, і вушыма цяжка чуюць, і вочы свае зьмежылі, каб ня ўгледзець вачыма, і вушыма не пачуць, і сэрцам не ўразумець, і ня зьвернуцца, каб Я ацаліў іх".

16

А вашы дабрашчасныя вочы, што бачаць; і вушы вашыя, што чуюць:

17

бо праўду кажу вам, што многія прарокі і праведнікі жадалі бачыць, што вы бачыце, і ня бачылі, і чуць, што вы чуеце, і ня чулі.

18

Але ж вы пачуйце прытчу пра сейбіта:

19

да кожнага, хто слухае слова пра Царства і не разумее, прыходзіць ліхадзей і крадзе пасеянае ў сэрцы ягоным: вось каго азначае пасеянае пры дарозе.

20

А пасеянае на камяністых мясьцінах азначае таго, хто чуе слова і адразу з радасьцю прымае яго;

21

але ня мае кораня ў сабе і нясталы: калі настане ўціск альбо ганеньне за слова, адразу спакушаецца.

22

А пасеянае ў церне азначае таго, хто чуе слова, але клопат веку гэтага і панада багацьця заглушае слова, і яно стаецца бясплодным.

23

А пасеянае на добрай зямлі азначае таго, хто чуе слова і разумее, які і плод прыносіць і дае адзін сто, другі шэсьцьдзясят, а той трыццаць.

24

Другую прытчу прапанаваў Ён ім, кажучы: Царства Нябеснае падобнае на чалавека, які пасеяў добрае насеньне на полі сваім;

25

калі ж людзі спалі, прыйшоў вораг яго і пасеяў куколь сярод пшаніцы, і пайшоў;

26

калі ўзышла рунь і завязала плод, тады зьявіўся і куколь.

27

Прыйшоўшы, рабы гаспадара дома сказалі яму: гаспадар! ці ж ня добрае насеньне пасеяў ты на полі тваім? адкуль жа на ім куколь?

28

А ён сказаў ім: варожы чалавек гэта зрабіў. А рабы сказалі яму: хочаш, мы пойдзем, выпалем яго?

29

А ён сказаў: не, каб, выбіраючы куколь, вы не павырывалі разам зь ім і пшаніцы;

30

пакіньце расьці разам тое і другое да жніва; а ў час жніва я скажу жняцам: зьбярэце перш куколь і зьвяжэце яго ў снапы, каб спаліць яго; а пшаніцу зьбярэце ў засекі мае.

31

Іншую прытчу прапанаваў Ён ім, кажучы: падобнае Царства Нябеснае на зерне гарчычнае, якое чалавек узяў і пасеяў на полі сваім,

32

якое, хоць меншае за ўсякае насеньне, але, калі вырастае, бывае большае за ўсякую траву і робіцца дрэвам, так што прылятаюць птушкі нябесныя і ўюць гнёзды ў гольлі яго.

33

Іншую прытчу сказаў Ён ім: падобнае Царства Нябеснае на закваску, якую жанчына ўзяўшы паклала ў тры меры мукі, пакуль не закісла ўсё.

34

Гэта ўсё казаў Ісус прытчамі люду, і бяз прытчы нічога не казаў ім,

35

каб збылося сказанае праз прарока, які кажа: "Разамкну ў прытчах вусны Мае; выкажу ўтоенае ад стварэньня сьвету".

36

Тады Ісус, адпусьціўшы людзей, увайшоў у дом. І прыступіўшы да Яго, вучні Яго сказалі: растлумач нам прытчу пра куколь на полі.

37

А Ён ім сказаў у адказ: сейбіт добрага насеньня ёсьць Сын Чалавечы;

38

поле ёсьць сьвет; добрае насеньне гэта — сыны Царства, а куколь — сыны ліхога;

39

вораг, які пасеяў яго, ёсьць д’ябал; жніво ёсьць сканчэньне веку, а жняцы — анёлы.

40

А таму, як зьбіраюць куколь і агнём паляць, гэтак сама будзе пры сканчэньні веку гэтага:

41

пашле Сын Чалавечы анёлаў Сваіх, і зьбяруць з Царства Яго ўсе спакусы і тых, што чыняць беззаконьне,

42

і ўкінуць іх у печ вогненную; там будзе плач і скрыгат зубоў;

43

тады праведныя зазьзяюць, як сонца, у Царстве Айца іх. Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!

44

Яшчэ падобнае Царства Нябеснае на скарб, схаваны на полі, які, знайшоўшы, чалавек утоіў, і ў радасьці ад гэтага ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе поле тое.

45

Яшчэ падобнае Царства Нябеснае на купца, які шукае прыгожых пэрлаў,

46

які, знайшоўшы адзін шматкаштоўны пэрл, пайшоў і прадаў усё, што меў, і купіў яго.

47

Яшчэ падобнае Царства Нябеснае на нерат, закінуты ў мора і поўны рыбы ўсялякага роду,

48

які, калі ён напоўніўся, выцягнулі на бераг і, сеўшы, добрае склалі ў начыньне, а благое кінулі прэч.

49

Так будзе пры сканчэньні веку: выйдуць анёлы і аддзеляць ліхіх з асяродзьдзя праведных,

50

і ўкінуць іх у печ вогненную: там будзе плач і скрыгат зубоў.

51

Сказаў ім Ісус: ці зразумелі вы гэта ўсё? Яны кажуць яму: так, Госпадзе!

52

А Ён сказаў ім: таму ўсякі кніжнік, навучаны Царству Нябеснаму, падобны на гаспадара дома, які выносіць са скарбніцы сваёй новае і старое.

53

І сталася, калі скончыў Ісус прытчы гэтыя, пайшоў адтуль.

54

І прыйшоўшы на бацькаўшчыну Сваю, вучыў іх у сынагозе іхняй, так што яны зьдзіўляліся і казалі: адкуль у Яго гэтая мудрасьць і сілы?

55

ці не цесьляроў Ён Сын? ці не Ягоную Маці завуць Марыя, і браты Яго Якаў і Ёсій, і Сымон і Юда?

56

і сёстры Яго ці ня ўсе сярод нас? адкуль жа ў Яго ўсё гэта?

57

І паняверыліся ў Ім. А Ісус сказаў ім: ня бывае прарока без пашаны, хіба што толькі на бацькаўшчыне сваёй, і ў доме сваім.

58

І ня ўчыніў там многіх цудаў з-за няверства іхняга.