Лічбы 28

1

І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

2

загадай сынам Ізраілевым і скажы ім: сачэце, каб прынашэньне Маё, хлеб Мой у ахвяру Мне, дзеля прыемнай духмянасьці Мне, прыносілі Мне своечасова.

3

І скажы ім: вось агнявая ахвяра, якую вы павінны прыносіць Госпаду: два ягняці адналеткі без пахібы на дзень, на цэласпаленьне пастаяннае;

4

адно ягня прынось раніцай, а другое ягня прынось увечары;

5

і ў прынашэньне хлебнае дзясятую долю эфы пшанічнай мукі, зьмяшанай з чацьвярцінаю гіна чаўленага алею;

6

гэта цэласпаленьне пастаяннае, якое ўчынена было каля гары Сінай, дзеля прыемнай духмянасьці, у ахвяру Госпаду;

7

і паліваньне пры ёй чацьвярціну гіна на адно ягня; на сьвятым месцы палівай паліваньне, віно Госпаду.

8

Другое ягня прынось увечары, з такім хлебным прынашэньнем, як раніцай, і з такім самым паліваньнем пры ім прынось яго ў ахвяру, дзеля прыемнай духмянасьці Госпаду.

9

А ў суботу прыносьце два ягняці адналеткі без пахібы, і ў прынашэньне хлебнае дзьве дзясятыя долі эфы пшанічнай мукі, зьмяшанай з алеем, і паліваньне пры ім:

10

гэта суботняе цэласпаленьне кожнае суботы, звыш пастаяннага цэласпаленьня і паліваньня пры ім.

11

І на маладзікі вашыя прыносьце цэласпаленьне Госпаду: з буйнога быдла два цяляці, аднаго барана і сем ягнят-адналетак без пахібы,

12

і тры дзясятыя долі эфы пшанічнай мукі, зьмяшанай з алеем, у прынашэньне хлебнае на адно цяля, і дзьве дзясятыя долі эфы пшанічнай мукі, зьмяшанай з алеем, у прынашэньне хлебнае на барана,

13

і па дзясятай долі эфы пшанічнай мукі, зьмяшанай з алеем, у прынашэньне хлебнае на кожнае ягня; гэта цэласпаленьне, прыемная духмянасьць, ахвяра Госпаду;

14

і паліваньня пры іх павінна быць паўгіна віна на цяля, траціна гіна на барана і чацьвярціна гіна на ягня; гэта цэласпаленьне на час кожнага маладзіка ў кожны месяц года.

15

І аднаго казла прыносьце Госпаду ў ахвяру за грэх; звыш цэласпаленьня пастаяннага трэба прыносіць яго з паліваньнем яго.

16

У першы месяц, на чатырнаццаты дзень месяца Пасха Гасподняя.

17

І на пятнаццаты дзень гэтага месяца сьвята; сем дзён трэба есьці праснакі.

18

У першы дзень сьвяшчэнны сход; ніякай працы не рабеце;

19

і прыносьце ахвяру, цэласпаленьне Госпаду: з буйнога быдла два цяляці, аднаго барана і сем ягнят-адналетак; без пахібы яны павінны быць у вас;

20

і пры іх у прынашэньне хлебнае прыносьце пшанічнай мукі, зьмяшанай з алеем, тры дзясятыя долі эфы на кожнае цяля, і дзьве дзясятыя долі эфы на барана,

21

і па дзясятай долі эфы прынось на кожнае зь сямі ягнят,

22

і аднаго казла ў ахвяру за грэх, для ачышчэньня вас;

23

звыш ранішняга цэласпаленьня, якое ёсьць цэласпаленьне пастаяннае, прыносьце гэта.

24

Так прыносьце і ў кожны зь сямі дзён; гэта хлеб, ахвяра, прыемная духмянасьць Госпаду; звыш цэласпаленьня пастаяннага і паліваньня яго, трэба прыносіць гэта.

25

І на сёмы дзень хай будзе ў вас сьвяшчэнны сход; ніякай працы не рабеце.

26

І ў дзень першых пладоў, калі прыносіце Госпаду новае прынашэньне хлебнае ў сяміцы вашыя, хай будзе сьвяшчэнны сход; ніякай працы не рабеце;

27

і прыносьце цэласпаленьне дзеля прыемнай духмянасьці Госпаду: з буйнога быдла два цяляці, аднаго барана і сем ягнят-адналетак,

28

і пры іх у прынашэньне хлебнае пшанічнай мукі, зьмяшанай з алеем, тры дзясятыя долі эфы на кожнае цяля, дзьве дзясятыя эфы на барана;

29

і па дзясятай долі эфы на кожнае зь сямі ягнят,

30

і аднаго казла, дзеля ачышчэньня вас,

31

звыш пастаяннага цэласпаленьня і хлебнага прынашэньня пры ім, прыносьце з паліваньнем іх; без пахібы павінны быць яны ў вас.