Лічбы 19

1

І наказаў Гасподзь Майсею і Аарону сказаць:

2

вось статут закона, які запавядаў Гасподзь, кажучы: скажы сынам Ізраілевым, няхай прывядуць табе рыжую цялушку без пахібы, у якое няма заганы, на якой ня было ярма;

3

і аддайце яе Элеазару сьвятару, і выведзе яе прэч з табара, і заколюць яе пры ім;

4

і няхай возьме Элеазар сьвятар пальцам сваім крыві яе і крывёю пакропіць да пярэдняга боку скініі сходу сем разоў;

5

і спаляць цялушку на вачах у яго: скуру зь яе і мяса яе і кроў зь яе зь нячыстасьцю няхай спаляць;

6

і няхай возьме сьвятар кедровых дроў і ізопу і нітку з чырванёнай воўны і кіне на спальваную цялушку;

7

і няхай вымые сьвятар вопратку сваю і абмые цела сваё вадою, і потым увойдзе ў табар, і нячысты будзе сьвятар да вечара;

8

і той, хто паліў, няхай вымые вопратку сваю вадою, і абмые цела сваё вадою, і нячысты будзе да вечара;

9

і хто-небудзь чысты няхай зьбярэ попел ад цялушкі і пакладзе за табарам на чыстым месцы, і будзе ён захоўвацца для супольства сыноў Ізраілевых, дзеля вады ачышчальнай: гэта ахвяра за грэх;

10

і той, хто зьбіраў попел ад цялушкі, няхай вымые вопратку сваю, і нячысты будзе да вечара. Гэта сыным Ізраілевым і прыхадням, якія жывуць у іх, хай будзе статутам вечным.

11

Хто дакранецца да мёртвага цела якога-небудзь чалавека, нячысты будзе сем дзён;

12

ён павінен ачысьціць сябе гэтаю вадою на трэці дзень і на сёмы дзень, і будзе чысты; а калі ён не ачысьціць сябе на трэці дзень і на сёмы дзень, дык ня будзе чысты;

13

кожны, хто дакрануўся да мёртвага цела якога-небудзь чалавека, што памёр, і не ачысьціў сябе, апаганіць жытлішча Госпада: зьнішчыцца чалавек той спасярод Ізраіля, бо ён не акроплены ачышчальнаю вадою, ён нячысты, яшчэ нячыстасьць ягоная на ім.

14

Вось закон: калі чалавек памрэ ў намёце, дык кожны, хто прыйдзе ў намёт, і ўсё ў намёце нячыстае будзе сем дзён;

15

кожны адкрыты посуд, які не абвязаны і не накрыты, нячысты.

16

Кожны, хто дакранецца на полі да забітага мечам, альбо да памерлага, альбо да косткі чалавечай, альбо да дамавіны, нячысты будзе сем дзён.

17

Нячыстаму няхай возьмуць попелу з той спаленай ахвяры за грэх і нальюць на яго жывой вады ў посуд;

18

і няхай хто-небудзь чысты возьме ізопу, і абмочыць яго ў вадзе, і акропіць намёт і ўвесь посуд і людзей, якія ў ім, і таго, хто дакрануўся да косткі, альбо да забітага, альбо да памерлага, альбо да дамавіны;

19

і няхай акропіць чысты нячыстага на трэці і на сёмы дзень і ачысьціць яго на сёмы дзень; і вымые ён вопратку сваю, і абмые вадою, і пад вечар будзе чысты.

20

А калі хто будзе нячысты і не ачысціць сябе, дык вынішчыцца чалавек той спасярод народу, бо ён апаганіў сьвяцілішча Госпада: ачышчальнаю вадою ён не акроплены, ён нячысты.

21

І няхай будзе гэта ім устанаўленьнем вечным. І той, хто крапіў ачышчальнаю вадою, няхай вымые вопратку сваю; і хто дакрануўся да ачышчальнай вады, нячысты будзе да вечара.

22

І ўсё, да чаго дакранецца нячысты, будзе нячыстае; і той чалавек, які дакрануўся, нячысты будзе да вечара.