Лічбы 12

1

І дакаралі Марыям і Аарон Майсея за жонку Эфіопку, якую ён узяў,— бо ён узяў за сябе Эфіопку,—

2

і сказалі: ці ж аднаму Майсею гаварыў Гасподзь? ці не гаварыў Ён і нам? І пачуў гэта Гасподзь.

3

А Майсей быў чалавек найрахманейшы з усіх людзей на зямлі.

4

І сказаў Гасподзь зьнянацку Майсею і Аарону і Марыям: выйдзіце вы трое да скініі сходу. І выйшлі ўсе трое.

5

І сышоў Гасподзь у воблачным слупе, і стаў каля ўваходу ў скінію, і паклікаў Аарона і Марыям, і выйшлі яны абое.

6

І сказаў: слухайце словы Мае: калі бывае ў вас прарок Гасподні, дык Я адкрываюся яму ва ўяве, у сьне гутару зь ім;

7

але ня так, як з рабом Маім Майсеем,— ён верны ва ўсім дому Майму:

8

вусны ў вусны гавару Я зь ім, і яўна, а не ва ўявах, і вобраз Госпада бачыць ён; як жа не пабаяліся вы дакараць раба Майго Майсея?

9

І ўспалымніўся гнеў Гасподні на іх, і Ён адышоў.

10

І воблака адышло ад скініі, і вось, Марыям пакрылася праказаю, як сьнегам. Аарон зірнуў на Марыям, і вось яна ў праказе.

11

І сказаў Аарон Майсею: гаспадару мой! не палічы нам за грэх, што мы зрабілі неразумна і зграшылі;

12

не дапусьці, каб яна была,як дзіця, што нарадзілася мёртвае, у якога, калі яно выходзіць з чэрава маці сваёй, стлела ўжо палавіна цела.

13

І залямантаваў Майсей да Госпада, кажучы: Божа, ацалі яе!

14

І сказаў Гасподзь Майсею: калі б бацька яе плюнуў ёй у твар, дык ці ня мусіла б яна саромецца сем дзён? дык вось, няхай будзе яна ў затачэньні сем дзён па-за табарам, а пасьля зноў вернецца.

15

І прабыла Марыям у затачэньні па-за табарам сем дзён, і народ не выпраўляўся ў дарогу, пакуль не вярнулася Марыям.