Малахія 3

1

Вось, Я пасылаю анёла Майго, і ён падрыхтуе шлях перад Мною, і нянаджана прыйдзе ў храм Свой Гасподзь, Якога вы шукаеце, і анёл запавету, якога вы жадаеце; вось, ён ідзе, кажа Гасподзь Саваоф.

2

І хто вытрымае дзень прышэсьця Яго, і хто ўстоіць, калі Ён явіцца? Бо Ён — як агонь, што расплаўляе, і як шчолак, што ачышчае,

3

і сядзе пераплаўляць і ачышчаць срэбра, і ачысьціць сыноў Лявія і пераплавіць іх, як золата і як срэбра, каб прыносілі ахвяру Госпаду ў праўдзе.

4

Тады даспадобы будзе Госпаду ахвяра Юды і Ерусаліма, як у дні старадаўнія і як у гады ранейшыя.

5

І прыйду да вас судзіць і буду хутка выкрываць чарадзеяў і пералюбцаў, і тых, якія прысягаюць ілжыва і забіраюць плату ў найміта, уціскаюць удаву і сірату і адпіхваюць прыхадня, і Мяне не баяцца, кажа Гасподзь Саваоф.

6

Бо Я — Гасподзь, Я не мяняюся; і тады вы, сыны Якава, ня зьнішчыліся.

7

Зь дзён бацькоў вашых вы адступіліся ад пастановаў Маіх і ня трымаецеся іх; зьвярнецеся да Мяне, і Я зьвярнуся да вас, кажа Гасподзь Саваоф. Вы скажаце: як нам зьвярнуцца?

8

Ці можна чалавеку абкрадваць Бога? А вы абкрадваеце Мяне. Скажаце: чым абкрадваем мы Цябе? дзесяцінаю і прынашэньнямі.

9

Праклёнам вы праклятыя, бо вы — увесь народ — абкрадваеце Мяне.

10

Прынясеце мне дзесяціны ў дом сховішча, каб у доме Маім была ежа, і хоць бы ў гэтым выпрабуйце Мяне, кажа Гасподзь Саваоф: ці не адчыню Я вам адтулін нябесных і ці ня вылью на вас дабраславеньня да краю?

11

Я ў вас забараню пажыральнікам зьнішчаць вашыя плады зямныя, і вінаградная лаза на полі не пазбудзецца пладоў сваіх, кажа Гасподзь Саваоф.

12

І шчаснымі называцьмуць вас усе народы, бо вы будзеце зямлёю бажавольнаю, кажа Гасподзь Саваоф.

13

Дзёрзкія прад Мною словы вашыя, кажа Гасподзь. Вы скажаце: што мы гаворым супроць Цябе?

14

Вы кажаце: марнае служэньне Богу, і якая карысьць, што мы трымаліся пастановаў Яго і хадзілі ў жалобнай вопратцы перад абліччам Госпада Саваофа?

15

І сёньня мы лічым пагардлівых шчасьлівымі: лепей уладжваюцца тыя, якія робяць беззаконна, і хоць спакушаюць Бога, але застаюцца цэлыя.

16

Тыя, што не баяцца Бога, кажуць адно аднаму: уважае Гасподзь і чуе гэта, і перад абліччам Яго пішацца памятная кніга пра тых, што баяцца Госпада і шануюць імя Яго.

17

І яны будуць Мае, кажа Гасподзь Саваоф, уласнасьцю Маёю ў той дзень, які Я зраблю, і буду літаваць іх, як літуе чалавек сына свайго, што служыць яму.

18

І тады зноў убачыце розьніцу паміж праведнікам і бязбожным, паміж службітом Бога і неслухам Ягоным.