Захарыя 8

1

І было слова Госпада Саваофа:

2

так кажа Гасподзь Саваоф: зарупіўся я пра Сіён руплівасьцю вялікаю, і зь вялікім гневам зарупіўся Я пра яго.

3

Так кажа Гасподзь: зьвярнуўся Я да Сіёна і буду жыць у Ерусаліме, і будзе называцца Ерусалім горадам праўды, і гара Госпада Саваофа — гарою сьвятыні.

4

Так кажа Гасподзь Саваоф: зноў старцы і старыцы сядзецьмуць на вуліцах Ерусаліма, кожны з посахам у руцэ, ад сталасьці веку свайго.

5

І вуліцы горада гэтага напоўняцца хлопчыкамі і дзяўчаткамі, якія гуляцьмуць на вуліцах яго.

6

Так кажа Гасподзь Саваоф: калі гэта ў вачах пазасталага народу здасца дзівосным у тыя дні, дык няўжо яно дзівоснае і ў вачах Маіх? кажа Гасподзь Саваоф.

7

Так кажа Гасподзь Саваоф: вось, Я ўратую народ Мой з краіны ўсходу і з краіны заходу сонца;

8

і прывяду іх, і будуць яны жыць у Ерусаліме, і будуць Маім народам, і Я буду іхнім Богам, у ісьціне і ў праўдзе.

9

Так кажа Гасподзь Саваоф: умацуйце рукі вашыя вы, хто чуе сёньня словы гэтыя з вуснаў прарокаў, якія былі пры заснаваньні дому Госпада Саваофа, для будаўніцтва храма.

10

Бо раней дзён тых ня было аддзякі ні чалавеку, ні аддзякі за працу жывёлам; ні адыхадню, ні прыхадню ня было спакою ад ворага; і патураў Я кожнаму чалавеку варагаваць з другім.

11

А сёньня рэшце народу гэтага Я не такі, як у былыя дні, кажа Гасподзь Саваоф.

12

Бо пасеяна будзе ў сьвеце; вінаградная лаза дасьць плод свой, і зямля дасьць плады свае, і нябёсы будуць даваць расу сваю: і ўсё гэта Я аддам у валоданьне астатку народу гэтага.

13

І будзе: як вы, дом Юдаў і дом Ізраілеў, былі пракляцьцем у народаў, так Я выратую вас, і будзеце дабраславеньнем; ня бойцеся; хай умацуюцца рукі вашыя!

14

Бо так кажа Гасподзь Саваоф: як Я вызначыў пакараць вас, калі бацькі вашыя гнявілі Мяне, кажа Гасподзь Саваоф, і не адмяніў,

15

так зноў Я назначыў у гэтыя дні ўтварыць добрае Ерусаліму і дому Юдаваму; ня бойцеся!

16

Вось дзеі, якія вы павінны чыніць: кажэце праўду адзін аднаму; па праўдзе і міралюбна судзеце каля брамаў вашых.

17

Ніхто з вас хай не намышляе ў сэрцы сваім ліхога супроць блізкага свайго, і ілжывай клятвы ня любеце; бо ўсё гэта Я ненавіджу, кажа Гасподзь.

18

І было мне слова Госпада Саваофа:

19

так кажа Гасподзь Саваоф: пост чацьвёртага месяца і пост пятага, і пост сёмага і пост дзясятага зробіцца дому Юдаваму радасьцю і вясёлым сьвятам; толькі любеце праўду і мір.

20

Так кажа Гасподзь Саваоф: яшчэ будуць прыходзіць народы і жыхары многіх гарадоў;

21

і пойдуць жыхары аднаго горада да жыхароў другога і скажуць: хадзем маліцца перад аблічча Госпада Саваофа; і кожны скажа : пайду і я.

22

І будуць прыходзіць многія плямёны і моцныя народы, каб знайсьці Госпада Саваофа ў Ерусаліме і памаліцца абліччу Госпада.

23

Так кажа Гасподзь Саваоф: будзе ў тыя дні, возьмуцца дзесяць чалавек з усіх рознамоўных народаў, возьмуцца за крысо Юдэя і будуць казаць: мы пойдзем з табою, бо мы чулі, што з вамі — Бог.