Захарыя 3

1

І паказаў ён мне Ісуса, вялікага іярэя, які стаяў перад анёлам Гасподнім, і сатану, які стаяў праваруч яго, каб процідзейнічаць яму.

2

І сказаў Гасподзь сатане: Гасподзь хай забароніць табе, сатана, хай забароніць табе Гасподзь, Які выбраў Ерусалім! ці не галавешка ён, выцягнутая з агню?

3

А Ісус быў апрануты ў заплямленую вопратку і стаяў перад анёлам,

4

які адказваў і сказаў тым, што стаялі перад ім, так: здымеце зь яго заплямленую вопратку. А яму самому сказаў: глядзі. Я зьняў зь цябе віну тваю, і апранаю цябе ў адзеньне ўрачыстае.

5

І сказаў: ускладзеце на галаву яго чысты кідар. І ўсклалі чысты кідар на галавау яго і апранулі яго ў адзеньне; а анёл Гасподні стаяў.

6

І засьведчыў анёл Гасподні і сказаў Ісусу:

7

так кажа Гасподзь Саваоф: калі ты будзеш хадзіць Маімі шляхамі і калі будзеш на варце Маёй, дык будзеш судзіць дом Мой і наглядаць за дварамі Маімі. Я дам табе хадзіць паміж гэтымі, што стаяць тут.

8

Выслухай жа, Ісусе, іярэю вялікі, ты і браты твае, што сядзяць перад табою, мужы знакамітыя: вось, Я прыводжу раба Майго, парастка.

9

Бо вось той камень, які Я кладу перад Ісусам; на гэтым адным камені — сем вачэй; вось, я выражу на ім абрысы яго, кажа Гасподзь Саваоф, і згладжу грэх зямлі гэтай за адзін дзень.

10

У той дзень, кажа Гасподзь Саваоф, будзеце адзін аднаго запрашаць пад вінаград і пад смакоўніцу.