Навум 2

1

Падымаецца на цябе разбуральнік: ахоўвай цьвярдыні, ахоўвай дарогу, умацуй сьцёгны, зьбірай сілу.

2

Бо адновіць Гасподзь веліч Якава, як веліч Ізраіля, бо спустошылі іх спусташальнікі і вінаградныя галіны іх вынішчылі.

3

Шчыт герояў ягоных прыгожы; воіны яго ў адзеньні барвовым; агнём блішчаць калясьніцы ў дзень падрыхтоўкі да бою, і лес дзідаў хвалюецца.

4

Па вуліцах нясуцца калясьніцы, грымяць на плошчах; бляск ад іх, як ад агню; бліскаюць, як маланкі.

5

Ён выклікае адважных сваіх, але яны спатыкаюцца на хаду сваім; сьпяшаюцца на муры горада, але аблога наладжана ўжо.

6

Рачная брама адчыняецца, а палац разбураецца.

7

Вырашана: яна будзе аголена і зьведзена ў палон, і рабыні яе будуць стагнаць, як галубы, бэючы сябе ў грудзі.

8

Нінэвія з часу свайго існаваньня была як сажалка, запоўненая вадою, а яны бягуць. "Стойце, стойце!" Але ніхто не азіраецца.

9

Рабуйце срэбра, рабуйце золата! няма канца запасам усякага каштоўнага начыньня.

10

Разрабавана, спустошана і спляжана яна, — і растае сэрца, калені трасуцца; ва ўсіх сьцёгнах моцны боль, і твары ва ўсіх пацямнелі.

11

Дзе цяпер логвішча ільвоў і тая паша для ільвянят, па якой хадзіў леў, ільвіца і львяня, і ніхто не палохаў іх,

12

леў, які хапае для насычэньня шчанюкоў сваіх і душыць для ільвіц сваіх, і напаўняе здабычаю пячоры свае і логвішчы свае — схопленым?

13

Вось Я — на цябе! кажа Гасподзь Саваоф. І спалю ў дыме калясьніцы твае, і меч зжарэ ільвянят тваіх, і зьнішчу зь зямлі здабычу тваю, і ня будзе болей чуцен голас паслоў тваіх.