Міхей 6

1

Слухайце, што кажа Гасподзь; устань, судзіся перад гарамі, і пагоркі няхай чуюць голас твой!

2

Слухайце, горы, суд Гасподні, і вы, цьвёрдыя асновы зямлі, бо ў Госпада — суд з народам Сваім, і зь Ізраілем Ён спаборні-чае.

3

Народзе мой! што зрабіў Я табе і чым абцяжарваў цябе? адказвай Мне.

4

Я вывеў цябе зь зямлі Егіпецкай і выкупіў цябе з дома рабства і паслаў перад табою Майсея, Арона і Марыям.

5

Народзе Мой! успомні, што намышляў Валак, цар Маавіцкі, і што адказваў яму Валаам, сын Вэораў і што рабілася ад Сітыма да Галгалаў, каб спазнаць табе праведня дзеі Гасподнія.

6

"З чым стаць мне перад Госпадам, пакланіцца перад Богам Нябесным? Ці стаць перад Ім з цэласпаленьнямі, зь цялятамі-аднагодкамі?

7

Але ці можна дагадзіць Госпаду тысячамі бараноў альбо безьлічнымі патокамі алею? Ці ж бо дам Яму першынца майго за злачынства маё і плод чэрава майго — за грэх душы маёй?"

8

О, чалавеча! сказана табе, што — дабро, і чаго патрабуе ад цябе Гасподзь: дзейнічаць справядліва, любіць справы міласэрнасьці і пакорнамудра хадзіць перад Богам тваім.

9

Голас Госпада кліча да горада, і мудрасьць нямее перад імем Тваім: слухайце жазло і Таго, хто паставіў яго.

10

Ці не знаходзяцца і цяпер у доме ў бязбожнага скарбы бязбожнасьці і паменшаная мера, агідная?

11

Ці магу я быць чысты з вагамі няправільнымі і з падманнымі гірамі ў торбе?

12

Так і гэтак багацеі яго поўныя няпраўды, і жыхары яго кажуць ману, і язык іхні ёсьць падман у вуснах іхніх,

13

дык і Я нявылечна ўражу цябе спусташэньнем за грахі твае.

14

Ты будзеш есьці — і ня будзеш сыты; пустата будзе ўсярэдзіне ў цябе; будзеш ашчаджаць, але не ашчадзіш, а што ашчадзіш, тое аддам мечу.

15

Будзеш сеяць, а жаць ня будзеш; будзеш чавіць алівы — і ня будзеш умашчвацца алеем; начавіш вінаграднага соку, а віна піць ня будзеш.

16

Захаваліся ў вас звычаі Аўрамія і ўсе справы дому Ахававага, і вы робіце паводле парадаў іхніх; і аддам Я цябе спусташэньню і жыхароў тваіх — пасьмяяньню, і вы панесяце нагану народу Майго.