Aмаc 8

1

Такую ўяву адкрыў мне Гасподзь Бог: вось, кош са сьпелымі пладамі.

2

І сказаў Ён: што ты бачыш, Амосе? Я адказаў: кош са сьпелымі пладамі. Тады Гасподзь сказаў мне: насьпеў канец народу Майму Ізраілю: ня буду болей дараваць яму.

3

Песьні хорама ў той дзень ператворацца ў галашэньне, кажа Гасподзь Бог; многа будзе трупаў, на кожным месцы будуць кідаць іх моўчкі.

4

Выслухайце гэта, хто прагне праглынуць бедных і загубіць убогіх, -

5

вы, якія кажаце: некалісь прыйдзе час маладзіка, каб мы прадавалі хлеб, і субота — каб адчыніць засекі, паменшыць меру, павялічыць цану сікля і ашукваць няправільнымі вагамі,

6

каб купляць немаёмасных за срэбра і бедных за пару абутку, а высеўкі з хлеба прадаваць.

7

Бажыўся Гасподзь славаю Якава: сапраўды не забуду вавек ніводнага з учынкаў іхніх!

8

Ці не пахісьнецца ад гэтага зямля, і ці не заплача кожны, хто жыве на ёй? Захвалюецца яна як рака, і будзе падымацца і апускацца як рака Егіпецкая.

9

І будзе ў той дзень, кажа Гасподзь Бог: учыню заход сонца апоўдні і азмрочу зямлю сярод сьветлага дня,

10

і абярну сьвяткаваньні вашыя ў бедаваньні і ўсе песьні вашы — у плач, і ўскладу на ўсе сьцёгны вярэту і плешыну на кожную галаву; і ўчыню ў краіне плач, як па адзіным сыне, і канец яе будзе — як горкі дзень.

11

Вось настаюць дні, кажа Гасподзь Бог, калі Я пашлю на зямлю голад,- ня голад хлеба, ня смагу вады, а смагу чуцьця слоў Гасподніх.

12

І будуць хадзіць ад мора да мора і бадзяцца ад поўначы да ўсходу, шукаючы слова Гасподняга, і ня знойдуць яго.

13

У той дзень раставаць будуць ад смагі прыгожыя дзяўчаты і хлопцы,

14

якія божацца грахом Самарыйскім і кажуць: жывы Бог твой, Дане! і жывы шлях у Вірсавію! — Яны ўпадуць і ўжо ня ўстануць.