Aмаc 3

1

Слухайце слова гэтае, якое Гасподзь прамовіў на вас, сыны Ізраіля,- на ўсё племя, якое вывеў Я зь зямлі Егіпецкай,- кажучы:

2

толькі вас прызнаў Я з усіх плямёнаў зямлі, таму і спаганю з вас за ўсе беззаконьні вашыя.

3

Ці пойдуць двое разам, не згаварыўшыся паміж сабою?

4

Ці раве леў у лесе, калі няма перад ім здабычы? ці падае свой голас ільвяня з логвішча свайго, калі ён нічога не злавіў?

5

Ці трапіць птушка ў пятлю на зямлі, калі сілы няма ёй? Ці падымецца зь зямлі пятля, калі нічога не трапіла ў яе?

6

Ці трубіць у горадзе труба, — і каб народ не спалохаўся? Ці бывае ў горадзе бедства, якое не Гасподзь наслаў бы?

7

Бо Гасподзь Бог нічога ня робіць, не адкрыўшы сваёй таямніцы рабам Сваім прарокам.

8

Леў пачаў рыкаць, — хто не здрыганецца? Гасподзь Бог сказаў, хто ня будзе прарочыць?

9

Абвясьцеце на дахах у Азоце і на дахах у зямлі Егіпецкай і скажэце: зьбярэцеся на горы Самарыі і паглядзеце на вялікае бясчынства ў ёй і на ўціскі сярод яе.

10

Яны не ўмеюць чыніць справядліва, кажа Гасподзь: гвалтам і рабункам зьбіраюць скарбы ў харомы свае.

11

Таму так кажа Гасподзь Бог: вось няпрыяцель, і прытым вакол усёй зямлі! ён скіне магутнасьць тваю, і абабраны будуць харомы твае.

12

Так кажа Гасподзь: як часам пастух вырывае з пашчы ільвінай дзьве галені альбо частку вуха, так уратаваныя будуць сыны Ізраілевыя, якія сядзяць у Самарыі ў кутку пасьцелі і ў Дамаску на ложку.

13

Слухайце і засьведчыце дому Якава, кажа Гасподзь Бог, Бог Саваоф.

14

Бо ў той дзень, калі Я спаганю зь Ізраіля за злачынствы ягоныя, спаганю і за ахвярнікі ў Вэтылі, — адцятыя будуць рогі алтара і ўпадуць на зямлю.

15

І пакараю дом зімовы разам з домам летнім, і зьнікнуць дамы з украсамі са слановай касьці, і ня стане многіх дамоў, кажа Гасподзь.