Левіт 8

1

І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

2

вазьмі сыноў Аарона і сыноў ягоных зь ім, і вопратку і алей памазаньня, і цяля на ахвяру за грэх і двух бараноў, і кош праснакоў,

3

і зьбяры ўсё супольства каля ўваходу ў скінію сходу.

4

Майсей зрабіў так, як загадаў яму Гасподзь, і сабралася супольства каля ўваходу ў скінію сходу.

5

І сказаў Майсей супольству: вось што загадаў Гасподзь зрабіць.

6

І прывёў Майсей Аарона і сыноў ягоных і абмыў іх вадою;

7

І ўсклаў на яго хітон, і аперазаў яго поясам, і апрануў на яго верхнюю шату, і ўсклаў на яго эфод, і аперазаў яго поясам эфода і змацаваў ім эфод на ім,

8

і ўсклаў на яго нагруднік, і на нагруднік паклаў урым і тумім,

9

і ўсклаў на галаву яму кідар, а на кідар зь відавога боку яго паклаў паліраваную дошчачку, дыядэму сьвятыні, як загадаў Гасподзь Майсею.

10

І ўзяў Майсей алей памазаньня, і памазаў скінію і ўсё, што ў ёй, і асьвяціў гэта;

11

і пакрапіў ім на ахвярнік сем разоў, і памазаў ахвярнік і ўсе прылады яго, і ўмывальнік і падножжа яго, каб асьвяціць іх;

12

і выліў алей памазаньня на галаву Аарону і памазаў яго, каб асьвяціць яго.

13

І прывёў Майсей сыноў Ааронавых, і апрануў іх у хітоны, і аперазаў іх поясам, і ўсклаў на іх кідары, як загадаў Гасподзь Майсею.

14

І прывёў цяля дзеля ахвяры за грэх, і Аарон і сыны ягоныя паклалі рукі свае на галаву цяляці за грэх;

15

і закалоў яго і ўзяў крыві, і пальцам сваім паклаў на рогі ахвярніка з усіх бакоў, і ачысьціў ахвярнік, а рэшту крыві выліў да падножжа ахвярніка, і асьвяціў яго, каб зрабіць яго чыстым.

16

І ўзяў увесь тлушч, што на вантробах, і сальнік на печані, і абедзьве ныркі і здор зь іх, і спаліў Майсей на ахвярніку;

17

а цяля і скуру зь яго, і мяса яго, і нячыстасьць яго спаліў на агні па-за табарам, як загадаў Гасподзь Майсею.

18

І прывёў барана на цэласпаленьне, і ўсклаў Аарон і сыны ягоныя рукі свае на галаву барана;

19

і закалоў яго Майсей і пакрапіў крывёю на ахавярнік з усіх бакоў;

20

і расьцяў барана на кавалкі, і спаліў Майсей галаву і кавалкі і тлушч,

21

а вантробы і ногі вымыў вадою, і спаліў Майсей усяго барана на ахвярніку: гэта ўсё спаленьне дзеля прыемнай духмянасьці, гэта ахвяра Госпаду, як загадаў Гасподзь Майсею.

22

І прывёў другога барана, барана прысьвячэньня, і паклалі Аарон і сыны ягоныя рукі свае на галаву барана;

23

і закалоў яго Майсей, і ўзяў крыві зь яго, і паклаў на край правага вуха Ааронавага і на вялікі палец правай рукі ягонай і на вялікі палец правай нагі ягонай.

24

І прывёў Майсей сыноў Ааронавых, і паклаў крыві на край правага вуха іхняга і на вялікі палец правай рукі іхняй і на вялікі палец правай нагі іхняй, і пакрапіў Майсей крывёю на ахвярнік з усіх бакоў.

25

І ўзяў тлушч і курдзюк і ўвесь здор, што на вантробах, і сальнік на печані, і абедзьве ныркі і здор зь іх і правую лапатку;

26

і з каша з праснакамі, які перад Госпадам, узяў адзін праснак і адзін хлеб з алеем і адну ляпёшку, і паклаў на тлушч і на правую лапатку;

27

і паклаў усё гэта на рукі Аарону і на рукі сынам ягоным, і прынёс гэта, трасучы перад абліччам Гасподнім;

28

і ўзяў гэта Майсей з рук іхніх і спаліў на ахвярніку з цэласпаленьнем: гэта ахвяра прысьвячэньня ў прыемную духмянасьць, гэта ахвяра Госпаду.

29

І ўзяў Майсей грудзіну і прынёс яе, трасучы перад абліччам Гасподнім: гэта была доля Майсеевая ад барана прысьвячэньня, як загадаў Гасподзь Майсею.

30

І ўзяў Майсей алею памазаньня і крыві, якая на ахвярніку, і пакрапіў Аарона і вопратку ягоную, і сыноў ягоных і вопратку сыноў ягоных зь ім; і так асьвяціў Аарона і вопратку ягоную, і сыноў ягоных і вопратку сыноў ягоных зь ім.

31

І сказаў Майсей Аарону і сынам ягоным: згатуйце мяса каля ўваходу ў скінію сходу і там ежце яго з хлебам, які ў кашы прысьвячэньня, як мне загадана і сказана: Аарон і сыны ягоныя павінны есьці яго;

32

а рэшту мяса і хлеба спалеце на агні;

33

сем дзён не адыходзьце ад дзьвярэй скініі сходу, пакуль ня мінуцца дні прысьвячэньня вашага, бо сем дзён павінна доўжыцца прысьвячэньне ваша;

34

як сёньня было зроблена, так загадаў Гасподзь рабіць дзеля ачышчэньня вас:

35

каля ўваходу ў скінію сходу будзьце дзень і ноч на працягу сямі дзён і будзьце на варце ў Госпада, каб не памерці, бо так мне загадана.

36

І выканаў Аарон і сыны ягоныя ўсё, што загадаў Гасподзь праз Майсея.