Левіт 4

1

І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

2

скажы сынам Ізраілевым: калі якая душа згрэшыць з памылкі супроць якіх-небудзь запаведзяў Гасподніх і зробіць што-небудзь, чаго нельга рабіць:

3

калі сьвятар памазаны згрэшыць і зробіць вінаватым народ,— дык за грэх свой, якім зграшыў, няхай прынясе з буйнога быдла цяля, без пахібы, Госпаду ў ахвяру за грэх,

4

і прывядзе цяля да дзьвярэй скініі сходу да Госпада, і пакладзе рукі свае на галаву цяляці, і заколе цяля перад Госпадам;

5

і возьме сьвятар памазаны крыві цяляці і ўнясе яе ў скінію сходу,

6

і ўмочыць сьвятар палец свой у кроў і пакропіць крывёю сем разоў перад Госпадам перад заслонаю сьвятыні;

7

і пакладзе сьвятар крыві перад Госпадам на рогі ахвярніка пахучых дымленьняў, які ў скініі сходу, а астатнюю кроў цяляці вылье да падножжа ахвярніка цэласпаленьняў, які каля ўваходу ў скінію сходу.

8

і выме зь цяляці за грэх увесь тлушч ягоны, лой, што на вантробах і ўвесь здор, што на вантробах,

9

і абедзьве ныркі і здор, што на іх; які на сьцёгнах, і сальнік на печані: з ныркамі аддзеліць ён гэта,

10

як аддзяляецца зь цяляці ахвяры мірнай: і спаліць іх сьвятар на ахвярніку цэласпаленьня;

11

а скуру цяляці і ўсё мяса яго з галавою і з нагамі ягонымі, і вантробы ягоныя і нячыстасьць ягоную,

12

з усяго цяляці няхай вынесе па-за табар на чыстае месца, дзе высыпаецца попел, і спаліць яго агнём на дровах: дзе высыпаецца попел, там няхай спалены будзе.

13

Калі ж усё супольства Ізраілевае згрэшыць з памылкі, і ўтоена будзе дзея ад вачэй сходу, і зробіць хто-небудзь супроць запаведзяў Гасподніх, чаго нельга было рабіць, і будзе вінаватае,

14

дык, калі пазнаны будзе грэх, якім яны зграшылі, няхай ад усяго супольства прынясуць яны з буйнога быдла цяля ў ахвяру за грэх і прывядуць яго да скініі сходу;

15

і пакладуць старэйшыны супольства рукі свае на галаву цяляці перад Госпадам і заколюць цяля перад Госпадам.

16

І ўнясе сьвятар памазаны крыві цяляці ў скінію сходу,

17

і ўмочыць сьвятар палец свой у кроў і пакропіць сем разоў перад Госпадам перад заслонаю,

18

пакладзе крыві на рогі ахвярніка, які перад абліччам Гасподнім у скініі сходу, а астатнюю кроў вылье да падножжа ахвярніка цэласпаленьняў, які каля ўваходу ў скінію сходу;

19

і ўвесь тлушч ягоны выме зь яго і спаліць на ахвярніку;

20

і зробіць зь цялём тое, што робяць зь цялём за грэх: так павінен зрабіць зь ім, і так ачысьціць іх сьвятар, і даравана ім будзе;

21

і вынесе цяля за табар і спаліць яго так, як спаліў першае цяля. Гэта ахвяра за грэх супольства.

22

А калі згрэшыць правадыр і зробіць з памылкі што-колечы супроць запаведзяў Госпада, Бога свайго, чаго не належала рабіць, і будзе вінаваты,

23

дык, калі пазнаны ім будзе грэх, якім ён зграшыў, няхай прывядзе ён у ахвяру казла без пахібы,

24

і пакладзе руку сваю на галаву казла, і заколе яго на месцы, дзе колюць цэласпаленьні перад Госпадам: гэта ахвяра за грэх;

25

і возьме сьвятар пальцам сваім крыві ад ахвяры за грэх і пакладзе на рогі ахвярніка цэласпаленьня, а астатнюю кроў яго вылье да падножжа ахвярніка цэласпаленьня;

26

і ўвесь тлушч ягоны спаліць на ахвярніку, так як і тлушч ахвяры мірнай, і так ачысьціць яго сьвятар ад грэху ягонага, і даравана будзе яму.

27

Калі ж хто зь людзей зямлі згрэшыць з памылкі і зробіць што-колечы супроць запаведзяў Гасподніх, чаго не належала рабіць, і вінаваты будзе,

28

дык, калі пазнаны будзе ім грэх, якім ён зграшыў, няхай прывядзе ён у ахвяру казу без пахібы за грэх свой, якім ён зграшыў,

29

і пакладзе руку сваю на галаву ахвяры за грэх, і заколюць у ахвяру за грэх на месцы,дзе колюць ахвяру цэласпаленьня,

30

і возьме сьвятар крыві яе пальцам сваім і пакладзе на рогі ахвярніка цэласпаленьня, а астатнюю кроў яе вылье да падножжа ахвярніка;

31

і ўвесь тлушч яе аддзеліць, так як аддзяляюць тлушч з ахвяры мірнай, і спаліць яго сьвятар на ахвярніку як прыемную духмянасьць Госпаду; і так ачысьціць яго сьвятар, і даравана будзе яму.

32

А калі са статку авечак захоча ён прынесьці ахвяру за грэх, няхай прынясе саміцу, без пахібы,

33

і пакладзе руку сваю на галаву ахвяры за грэх, і заколе яе ў ахвяру за грэх на тым месцы, дзе колюць ахвяру цэласпаленьня;

34

і возьме сьвятар пальцам сваім крыві ад гэтай ахвяры за грэх і пакладзе на рогі ахвярніка цэласпаленьня, а астатнюю кроў яе вылье да падножжа ахвярніка;

35

і ўвесь тлушч яе аддзеліць, як аддзяляюць тлушч авечкі з ахвяры мірнай, і спаліць гэта сьвятар на ахвярніку ў ахвяру Госпаду; і так ачысьціць яго сьвятар ад грэху, якім ён зграшыў, і даравана будзе яму.