Осія 5

1

Слухайце гэта, сьвятары, і ўважайце, дом Ізраілеў, і прыхілеце вуха, дом цара; бо вам будзе суд, бо вы былі пасткаю ў Масіфе і сеткаю, раскінутаю ў Таворы.

2

Глыбока загразлі ў распусьце яны; але Я пакараю ўсіх іх.

3

Яфрэма Я ведаю, і Ізраіль не схаваны ад Мяне; бо ты блудадзейнічаеш, Яфрэме, і Ізраіль апаганіўся.

4

Справы іхнія не дазваляюць ім зьвярнуцца да Бога свайго, бо дух распусты ўсярэдзіне ў іх, і Госпада яны не спазналі.

5

І гонар Ізраілеў прыніжаны ў вачах у іх; і Ізраіль і Яфрэм загінуць ад бязбожнасьці сваёй; упадзе і Юда зь імі.

6

З авечкамі сваімі пойдуць шукаць Госпада і ня знойдуць Яго: Ён адыдзе ад іх.

7

Госпаду яны здрадзілі, бо нарадзілі чужых дзяцей; сёньня новы месяц зьесьць іх зь іхняй маёмасьцю.

8

Затрубеце рогам у Гіне, трубою ў Раме; узвышайце голас у Бэтавэме: за табою, Веньяміне!

9

Яфрэм зробіцца пустэльняю ў дзень пакараньня; паміж плямёнамі Ізраілевымі Я ўзьвясьціў гэта.

10

Правадыры Юдавы сталі падобнымі на тых, што перасоўваюць межы: вылью на іх гнеў Мой, як ваду.

11

Прыгнечаны Яфрэм, уражаны судом; бо захацеў хадзіць сьледам за марнымі.

12

І буду як моль Яфрэму і як чарвяк дому Юдаваму.

13

І ўбачыў Яфрэм хваробу сваю і Юда — сваю рану, і пайшоў Яфрэм да Асура і паслаў да цара Ярэва; але ён ня можа ацаліць вас, і ня вылечыць вас ад раны.

14

Бо Я як леў Яфрэму і як ільвяня дому Юдаваму; Я, Я разарву і пайду; панясу — і ніхто ня выратуе.

15

Пайду, вярнуся ў Маё месца, пакуль яны ня прызнаюць сябе вінаватымі і ня знойдуць аблічча Майго.