Осія 13

1

Калі Яфрэм гаварыў, усе трапяталі. Ён быў высокі ў Ізраілі; але зрабіўся вінаватым праз Ваала — і загінуў.

2

І сёньня дадалі яны да грэху: нарабілі сабе літых ідалаў з срэбра свайго паводле разуменьня свайго,— поўная праца мастакоў,— і кажуць яны людзям, якія прыносяць ахвяру: "цалуйце цяльцоў!"

3

За тое яны будуць — як ранішні туман, як раса, што скора зьнікае як мякіна, што зьвяваецца з гумна, і як дым з коміна.

4

Але Я — Гасподзь Бог твой ад зямлі Егіпецкай, — і ты не павінен ведаць іншага бога апрача Мяне, і няма Збаўцы апрача Мяне.

5

Я прызнаў цябе ў пустыні, у зямлі сасьмяглай.

6

Маючы палеткі, яны былі сытныя; а калі насычаліся, дык узьвесялялася сэрца іхняе, і таму Яны забывалі Мяне.

7

І Я буду ім як леў, як ільвяня буду высочваць пры дарозе.

8

Буду нападаць на іх, як пазбаўленая дзяцей мядзьведзіха, разьдзіраць зьмесьцішча сэрца іхняга, есьці іх там, як ільвіца; польныя зьвяры будуць ірваць іх.

9

Загубіў ты сябе, Ізраіле, бо толькі ўва Мне — апора твая!

10

Дзе цар твой цяпер? Хай ён ратуе цябе ва ўсіх гарадах тваіх! Дзе судзьдзі твае, пра якіх казаў ты: "дай нам цара і начальнікаў?"

11

І Я даў табе цара ў гневе Маім і забраў — у абурэньні.

12

Зьвязаны ў вузел беззаконьне Яфрэмава, захаваны ягоны грэх.

13

Мукі парадзіхі спасьцігнуць яго; ён — сын неразумны, інакш не стаяў бы доўга ў становішчы, у якім нараджаюцца дзеці.

14

Ад улады пекла Я адкуплю іх, ад сьмерці выбаўлю іх. Сьмерць! дзе тваё джала? пекла! дзе твая перамога? раскаяньня ў гэтым ня будзе ў Мяне.

15

Хоць Яфрэм пладавіты паміж братамі, але прыйдзе ўсходні вецер, падымецца вецер Гасподні з пустыні,— і высахне крыніца яго: ён спустошыць скарбніцу ўсіх каштоўных сасудаў.