Осія 11

1

І на золку загіне цар Ізраілеў! Калі Ізраіль быў малады, Я любіў яго і зь Егіпта выклікаў сына Майго.

2

Клікалі іх, а яны ішлі прэч ад аблічча іх; прыносілі ахвяру Ваалам і кадзілі ідалам.

3

Я Сам прывучаў Яфрэма хадзіць, насіў яго на руках Сваіх, а яны не ўсьведамлялі, што я лекаваў іх.

4

Путамі чалавечымі цягнуў Я іх, путамі любові, і быў ім як бы тым, хто падымае ярмо са сківіцаў іхніх, і ласкава падкладваў ежу ім.

5

Ня вернецца ён у Егіпет; але Асур — ён будзе царом яго, бо яны не схацелі зьвярнуцца да Мяне.

6

І ўпадзе меч на гарады яго — і зьнішчыць замкі ягоныя і зжарэ іх за намыслы іхнія.

7

Народ Мой закасьцянеў у адпадзеньні ад Мяне, хоць і заклікаюць яго да вышэйшага, ён не ўзвышаецца аднадушна.

8

Што зраблю з табою, Яфрэме? як здраджу табе, Ізраіле? Ці зраблю з табою, як з Адамам, ці зраблю табе, як Сэваіму? Павярнулася ўва Мне сэрца Маё, загарэлася шкадоба Мая!

9

Не зраблю паводле лютасьці гневу Майго, ня зьнішчу Яфрэма, бо Я — Бог, а не чалавек; сярод цябе — Сьвяты; Я не ўвайду ў горад.

10

Сьледам за Госпадам пойдуць яны. Як леў, Ён дасьць голас Свой; дасьць голас Свой,— страпянуцца да Яго сыны з захаду,

11

страпянуцца зь Егіпта як птушкі, і зь зямлі Асірыйскай, як галубы. і ўсялю іх у дамы іхнія, кажа Гасподзь.

12

Акружыць Мяне Яфрэм маною і дом Ізраілеў — хітрынаю; Юда трымаўся яшчэ Бога і верны быў са сьвятымі.