Осія 10

1

Ізраіль — галінасты вінаград, памнажае сабе плод; чым болей у яго пладоў, тым болей памнажае ахвярнікі; чым лепшая зямля ў яго, тым болей упрыгожваюць яны куміраў.

2

Падзялілася сэрца іхняе, за гэта яны і будуць пакараныя: Ён разбурыць ахвярнікі іхнія, скрышыць куміраў іхніх.

3

Цяпер яны кажуць: "няма ў нас цара, бо мы не збаяліся — Госпада! а цар— што нам зробіць?"

4

Кажуць словы пустыя, божацца ілжыва, заключаюць пагадненьні; за гэта явіцца суд над імі, як атрутная трава на барознах поля.

5

За цяля Бэт-Авэна затрымцяць жыхары Самарыі; заплача па ім народ, і жрацы яго, што радаваліся за яго, будуць плакаць па славе ягонай, бо яна адыдзе ад яго.

6

А сам ён аднесены будзе ў Асірыю — у дарунак цару Ярэву; пасаромлены будзе Яфрэм, і пасароміцца Ізраіль ад намыслу свайго.

7

Зьнікне ў Самарыі цар яе — як шум на паверхні вады.

8

І вынішчаны будуць вышыні Авэна — за грэх Ізраіля; церне і ваўчкі вырастуць на ахвярніках іхніх, і скажуць яны горам: "пакрыйце нас", і пагоркам: "упадзеце на нас!"

9

Больш, чым у дні Гівы, грашыў ты, Ізраіле; там яны ўстоялі; вайна ў Гаваоне супроць сыноў бязбожнасьці не спасьцігла іх.

10

Паводле жаданьня Майго пакараю іх,— і зьбяруцца супроць іх народы, і яны будуць зьвязаныя за двайное злачынства іхняе.

11

Яфрэм — навучанае цяля, прывычнае да малацьбы, і Я сам, пакладу ярмо на тлустую шыю яго; на Яфрэме будуць вярхом езьдзіць, Юда будзе араць, Якаў будзе баранаваць.

12

Сейце ў сабе праўду — і пажняце міласьць; разворвайце ў сябе навіну, бо час — знайсьці Госпада, каб Ён, калі прыйдзе, дажджом выліў на вас праўду.

13

Вы ўраблялі беззаконьні, ясьце плод ілжы, бо ты спадзяваўся на шлях твой, на мноства ваяроў тваіх.

14

І адбудзецца розрух у народзе тваім, і ўсе цьвярдыні твае будуць разбураныя, як Салман разбурыў Бэт-Арбэл у дзень бітвы: маці была забітая зь дзецьмі.

15

Вось, што ўчыніў вам Вэтыль за край бязбожнасьці вашай.