Осія 1

1

Слова Гасподняе, якое было да Асіі, сына Бээрыінавага, у дні Азіі, Ёатама, Ахаза, Эзэкіі, цароў Юдэйскіх, і ў дні Ераваама, сына Ёасавага, цара Ізраільскага.

2

Пачатак слова Гасподняга Асію. І сказаў Гасподзь Асію: "ідзі, вазьмі сабе жонку блудніцу і дзяцей блуду; бо моцна блудадзеіць зямля гэтая, адступіўшыся ад Госпада".

3

І пайшоў ён і ўзяў Гомер, дачку Дыўлаіма; і яна зачала і нарадзіла яму сына.

4

І Гасподзь сказаў яму: "дай яму імя Ізрэель, бо яшчэ крыху пройдзе, і Я спаганю кроў Ізрэеля з дома Іуевага і пакладу канец царству дома Ізраілевага,

5

і будзе ў той дзень, Я зламаю лук Ізраілеў у даліне Ізрэель".

6

І зачала яшчэ і нарадзіла дачку, і Ён сказаў яму: "дай ёй імя Ларухама ; бо я ўжо ня буду больш літаваць дома Ізраілевага, каб дараваць ім.

7

І дом Юдаў умілажалю і ўратую іх у Госпадзе Богу іхнім, уратую іх ня лукам, ня мечам, не вайною, ня конямі і вершнікамі".

8

І выкарміўшы грудзьмі Непамілаваную, яна зачала і нарадзіла сына.

9

І сказаў Ён: "дай яму імя Лаамі , бо вы — ня Мой народ, і Я ня буду вашым.

10

Але будзе лік сыноў Ізраілевых як пясок марскі, якога нельга ні вымераць, ні палічыць; і там, дзе казалі ім: вы ня Мой народ, будуць казаць ім: вы сыны Бога жывога.

11

І зьбяруцца сыны Юдавыя і сыны Ізраілевыя разам і паставяць сабе адну галаву і выйдуць зь зямлі перасяленьня; бо вялікі дзень Ізрэеля!