Данііл 12

1

І паўстане ў той час Міхаіл, вялікі князь, які будзе стаяць за сыноў свайго народу; і настане цяжкі час, якога ня бывала з тых часоў, як існуюць людзі, да гэтага часу; і ўратуюцца ў гэты час з народу твайго ўсе, якія знойдзены будуць запісанымі ў кнізе.

2

І многія, якія сьпяць у пыле зямлі, прачнуцца, адны на жыцьцё вечнае, другія на вечнае паганьбеньне і пасарамленьне.

3

І разумныя будуць зьзяць, як сьвяцілы на цьвердзі, і тыя, што павярнулі людзей да праўды,— як зоркі, вавекі, назаўсёды.

4

А ты, Данііле, захавай гэтыя словы і запячатай гэтую кнігу да апошняга часу; многія прачытаюць яе, і памножацца веды".

5

Тады я, Данііл, паглядзеў, і вось, стаяць два другія, адзін па гэты бок ракі, другі па той бок ракі.

6

І адзін сказаў мужу ў ільняной вопратцы, які стаяў над водамі ракі: "калі будзе канец гэтых дзівосных здарэньняў?"

7

І пачуў я, як муж у льняной вопратцы, які быў над водамі ракі, падняўшы правую і левую руку да неба, прысягнуў Жывым вавекі, што да канца часу і часоў і паўчасу і пасьля поўнага паламаньня сілы сьвятога народу ўсё гэта зьдзейсьніцца.

8

Я чуў гэта, але не зразумеў і таму сказаў: "гаспадару мой! Што ж пасьля гэтага будзе?"

9

І адказаў ён: "ідзі, Данііле; бо захаваны і запячатаны словы гэтыя да апошняга часу.

10

Многія ачысьцяцца, адбеляцца і ператоплены будуць у спакушэньні; несправядлівыя будуць несправядлівымі, і не зразумее гэтага ніхто з несправядлівых, а мудрыя зразумеюць.

11

З часу, калі будзе прыпынена штодзённая ахвяра і будзе пастаўлена гідота запусьценьня, пройдзе тысяча дзьвесьце дзевяноста дзён.

12

Шчасны той, хто чакае і дасягне тысячы трохсот трыццаці пяці дзён.

13

А ты ідзі да твайго канца, і супакоішся і паўстанеш на атрыманьне тваёй долі ў канцы дзён".