Данііл 1

1

На трэцім годзе цараваньня Ёакіма, цара Юдэйскага, прыйшоў Навухаданосар, цар Вавілонскі, да Ерусаліма і атачыў яго аблогаю.

2

І аддаў Гасподзь у рукі ягоныя Ёакіма, цара Юдэйскага, і частку посуду Божага дома, і ён адправіў іх у зямлю Сэнаар, у дом свайго бога, і ўнёс гэты посуд у скарбніцу бога свайго.

3

І сказаў цар Асфэназу, начальніку сваіх еўнухаў, каб ён з сыноў Ізраілевых, з роду царскага і княскага, прывёў

4

хлопчыкаў, у якіх няма ніякай цялеснай хібы, прыгожых сабою і цямных да ўсякай мудрасьці, і здатных да навук і кемлівых і здольных служыць у царскіх харомах, і каб навучыў іх кнігам і мове Халдэйскай.

5

І прызначыў ім цар штодзённую ежу з царскага стала і віно, якое сам піў, і загадаў выхоўваць іх тры гады, па сканчэньні якіх яны меліся стаць перад царом.

6

Сярод іх былі і зь Юдавых сыноў Данііл, Ананія, Місаіл і Азарыя.

7

І пераназваў іх начальнік еўнухаў — Данііла Валтасарам, Ананію Сэдрахам, Місаіла Місахам і Азарыю Аўдэнагам.

8

Данііл паклаў сабе на сэрца не апаганьвацца прысмакамі з царскага стала і віном, якое п'е цар, і таму прасіў у начальніка еўнухаў, каб не апаганьвацца яму.

9

Бог даў Даніілу ласку і добрую прыхільнасьць начальніка еўнухаў;

10

і начальнік еўнухаў сказаў Даніілу: "баюся я гаспадара майго, цара, які сам вызначыў вам ежу і пітво: калі ён убачыць вашыя твары худзейшымі, чым у хлопчыкаў, вашых равесьнікаў, дык вы зробіце галаву маю вінаватаю перад царом".

11

Тады сказаў Данііл Амэлсару, якога начальнік еўнухаў прыставіў да Данііла, Ананіі, Місаіла і Азарыя:

12

"зрабі выпрабаваньне рабам тваім: дзесяць дзён няхай даюць нам на ежу гародніну, а піць — ваду;

13

і потым няхай явяцца перад табою нашыя твары і твары тых хлопчыкаў, якія кормяцца царскаю ежаю, і потым рабі з тваімі рабамі, як убачыш".

14

Той паслухаўся іх у гэтым і выпрабоўваў іх дзесяць дзён.

15

А як прайшло дзесяць дзён, твары іх былі прыгажэйшыя, і зь цела яны былі здаравейшыя за ўсіх тых хлопчыкаў, якія карміліся царскімі прысмакамі.

16

Тады Амэлсар забіраў іхнюю ежу і віно на пітво, а даваў ім гародніну.

17

І даў Бог чатыром гэтым падлеткам веданьне і разуменьне ўсякай кнігі і мудрасьці, а Даніілу яшчэ даў разумець і ўсякія ўявы і сны.

18

Як мінуліся тыя дні, калі цар загадаў прывесьці іх, начальнік еўнухаў прывёў іх да Навухаданосара.

19

І цар гаварыў зь імі, і з усіх хлопчыкаў не знайшлося падобных на Данііла, Ананію, Місаіла і Азарыю, і пачалі яны служыць перад царом.

20

І ў кожнай справе мудрага ўразуменьня, пра што ні пытаўся ў іх цар, ён знаходзіў у іх дзесяць разоў вышэй за ўсіх чарадзеяў і заклінальнікаў, якія былі ва ўсім яго царстве.

21

І быў там Данііл да першага года цара Кіра.