Езекііль 5

1

А ты, сыне чалавечы, вазьмі сабе востры нож, брытву цырульніцкую вазьмі сабе і вадзі ёю па галаве тваёй і па барадзе тваёй, і вазьмі сабе вагі і разьдзялі валасы на часткі.

2

Траціну спалі агнём пасярод горада, калі закончацца дні аблогі; траціну вазьмі і пасячы нажом у ваколіцах яго; і траціну разьвей па ветры; а Я агалю меч следам за імі.

3

І вазьмі з гэтага невялікую колькасьць і завяжы іх сабе ў крысьсе.

4

Але і з гэтага вазьмі яшчэ і кінь у агонь, і спалі гэта ў агні. Адтуль выйдзе агонь на ўвесь дом Ізраілеў.

5

Так кажа Гасподзь Бог: гэта — Ерусалім! Я паставіў яго сярод народаў, і вакол яго — землі.

6

А ён зрабіў насуперак пастановам Маім бязбожней за язычнікаў, і насуперак статутам Маім — горш, чым землі вакол яго; бо яны адкінулі пастановы Мае і паводле статутаў Маіх ня чыняць.

7

Таму так кажа Гасподзь Бог: за тое, што вы памножылі правіны вашыя болей, чым язычнікі, якія вакол вас, паводле статутаў Маіх ня чыніце і пастановаў Маіх ня выконваеце, і нават ня робіце паводле пастановаў язычнікаў, якія вакол вас,

8

таму так кажа Гасподзь Бог: вось і Я супроць цябе, Я Сам, і ўчыню сярод цябе суд на вачах у язычнікаў.

9

І зраблю над табою тое, чаго Я ніколі не рабіў і чагосьці падобнага далей не рабіцьму, за ўсе твае гідоты.

10

Затое бацькі будуць есьці сыноў сярод цябе, і сыны будуць есьці бацькоў сваіх; і ўчыню над табою суд, і ўсю рэшту тваю расьсею па ўсіх вятрах.

11

Таму, жыву Я, кажа Гасподзь Бог: за тое, што ты апаганіў сьвятыню Маю ўсімі гідотамі і ўсімі гнюсотамі тваімі, Я зьнікчэмню, і не пашкадуе вока Маё, і Я не ўмілажалюся зь цябе.

12

Траціна ў цябе памрэ ад пошасьці і загіне з голаду сярод цябе; траціна загіне ад меча ў ваколіцах тваіх; а траціну разьвею па ўсіх вятрах, і агалю меч сьледам за імі.

13

І распаліцца гнеў Мой, і наталю лютасьць Маю імі, і задаволюся; і даведаюцца, што Я, Гасподзь, гаварыў у клопаце Маім, калі ўчыніцца над імі лютасьць Мая.

14

І зраблю цябе пустэльняю і ганьбаю сярод народаў, якія вакол цябе, на вачах у кожнага, хто праходзіць міма.

15

І будзеш пасьмешышчам і ганьбаю, прыкладам і жахам у народаў, якія вакол цябе, калі я зьдзейсьню над табою суд у гневе і лютасьці, і ў лютых карах, Я Гасподзь мовіў гэта,

16

і калі пашлю на іх лютыя стрэлы голаду, якія будуць нішчыць, калі пашлю іх на пагібель вам і ўзмацню голад сярод вас, і струшчу хлебную апору ў вас,

17

і пашлю на вас голад і лютых зьвяроў, і пазбавяць цябе дзяцей; і пошасьць і кроў пройдзе па табе, і меч навяду на цябе; Я, Гасподзь, мовіў гэта.