Езекііль 40

1

У дваццаць пятым годзе пасьля перасяленьня нашага, на пачатку года, у дзясяты дзень месяца, у чатырнаццатым годзе пасьля разбурэньня горада, у той самы дзень была на мне рука Госпада, і Ён павёў мяне туды.

2

Ва ўявах Божых, прывёў Ён мяне ў зямлю Ізраілевую і паставіў мяне на даволі высокай гары, і на ёй з паўднёвага боку былі як бы гарадскія будынкі,

3

і прывёў мяне туды. І вось муж, выгляд у якога як бы выгляд бліскучай медзі, і льняная вяроўка ў руцэ ў яго і трысьціна для вымярэньня, і стаяў ён каля брамы.

4

І сказаў мне гэты муж: сыне чалавечы! глядзі вачыма тваімі і слухай вушамі тваімі, і прыкладвай сэрца тваё да ўсяго, што я буду паказваць табе, бо ты на тое і прыведзены сюды, каб я паказаў табе гэта; усё, што ўгледзіш, абвясьці дому Ізраілеваму.

5

І вось, па-за храмам — мур з усіх бакоў яго, і ў руцэ ў таго мужа — трысьціна для вымярэньня ў шэсьць локцяў, калі лічыць кожны локаць локцем з далоню; і намерыў ён у гэтым будынку адну трысьціну таўшчыні і адну трысьціну вышыні.

6

Потым пайшоў да брамы, тварам на ўсход, і падняўся па прыступках яе і знайшоў меры ў адным парозе брамы адну трысьціну шырыні і ў другім парозе адну трысьціну шырыні.

7

І ў кожным бакавым пакоі адна трысьціна даўжыні і адна трысьціна шырыні, а паміж пакоямі пяць локцяў, і ў парозе брамы каля бабінца брамы ўсярэдзіне адна трысьціна.

8

І зьмерыў ён у бабінцы брамы ўсярэдзіне адну трысьціну,

9

а ў бабінцы каля брамы намерыў восем локцяў і два локці ў слупах. Гэты бабінец каля брамы — з боку храма.

10

Бакавых пакояў каля ўсходняй брамы: тры — з аднаго боку і тры — з другога; адна мера ва ўсіх трох і адна мера ў слупах з таго і з другога боку.

11

Шырыні ў пройме брамы ён намерыў дзесяць локцяў, а даўжыні брамы — трынаццаць локцяў.

12

А перад пакоямі выступ у адзін локаць, і ў адзін локаць — з другога боку выступ; гэтыя пакоі з аднаго боку мелі шэсьць локцяў і шэсьць локцяў з другога боку.

13

Потым намерыў ён у браме ад даху аднаго пакоя да даху другога дваццаць пяць локцяў шырыні; дзьверы былі насупраць дзьвярэй.

14

А ў слупах ён налічыў шасьцьдзясят локцяў — у кожным слупе каля двара і каля брамы,

15

і ад пярэдняга боку ўваходу ў браму да пярэдняга боку ўнутранае брамы — пяцьдзясят локцяў.

16

Кратаваныя вокны былі і ў бакавых пакоях і ў слупах іх, уся-рэдзіну брамы вакол, таксама і ў бабінцах вокны былі вакол на зьнешні бок, і на слупах — пальмы.

17

І прывёў ён мяне на зьнешні двор, і вось там — пакоі і каменны памост вакол двара; трыццаць пакояў на тым памосьце.

18

І памост гэты быў абапал брамы, адпаведна даўжыні брамы; гэты памост быў ніжэй.

19

І намерыў ён у шырыню ад ніжняе брамы да зьнешняга краю ўнутранага двара сто локцяў — на ўсход і на поўнач.

20

Ён зьмерыў таксама даўжыню і шырыню брамы зьнешняга двара, які выходзіў на поўнач,

21

і бакавыя пакоі пры іх, тры з аднаго боку і тры з другога; і слупы іх і выступы іх былі такой самай меры, як у ранейшае брамы: даўжыня іх — пяцьдзясят локцяў, а шырыня — дваццаць пяць локцяў.

22

І вокны іх і выступы іх і пальмы іх — той самай меры, як у брамы, якая выходзіць на ўсход; і ўваходзяць у яе па сямі прыступках, і перад імі выступы.

23

І ва ўнутраны двор ёсьць брама насупраць брамаў паўночнай і ўсходняй; і намерыў ён ад брамы да брамы сто локцяў.

24

І павёў мяне на поўдзень, і вось там — брама паўднёвая; і намерыў ён у слупах і выступах такую самую меру.

25

І вокны ў іх і перад дзьвярыма ў іх — такія самыя, як тыя вокны: даўжыні пяцьдзясят локцяў, а шырыні дваццаць пяць локцяў.

26

Падэём да іх — у сем прыступак, і пераддзьверэе перад імі; і пальмавыя акрасы — адно з аднаго боку і адно з другога — на слупах іх.

27

І ва ўнутраны двор была паўднёвая брама; і намерыў ён ад брамы да брамы паўднёвай сто локцяў.

28

І прывёў ён мяне праз паўднёвую браму ва ўнутраны двор; і намерыў у паўднёвай браме тую самую меру.

29

І бакавыя пакоі іх і слупы іх і бабінцы іх — той самай меры, і вокны ў іх і ў бабінцах іх былі вакол; усяго ў даўжыню — пацьдзясят локцяў, а ў шырыню — дваццаць пяць локцяў.

30

Бабінцы былі вакол у дваццаць пяць локцяў, а шырынёю ў пяць локцяў.

31

І бабінцы былі ў іх на зьнешні двор, і пальмы былі на слупах іх; падэём да іх — на восем прыступак.

32

І павёў мяне ўсходняю брамаю на ўнутраны двор; і намерыў у гэтай браме тую самую меру.

33

І бакавыя пакоі іх і слупы іх былі вакол; даўжыня на пяцьдзясят локцяў, і шырыня — дваццаць пяць локцяў.

34

Бабінцы ў іх былі на зьнешні двор, і пальмы на слупах іх з таго і другога боку; падэём да іх, на восем прыступак.

35

Потым прывёў мяне да паўночнае брамы і намерыў у ёй тую самую меру.

36

Бакавыя пакоі пры ёй, слупы яе былі вакол; усяго ў даўжыню — пяцьдзясят локцяў і ў шырыню — дваццаць пяць локцяў.

37

Бабінцы ў ёй былі на зьнешні двор і пальмы на слупах яе з таго і з другога боку; падэём да яе — на восем прыступак.

38

Быў таксама пакой, з уваходам у яго, каля слупоў брамы: там абмываюць ахвяры цэласпаленьня.

39

А ў бабінцы каля брамы два сталы — з аднаго боку і два — з другога боку, каб калоць на іх ахвяры цэласпаленьня і ахвяры за грэх і ахвяры за злачынства.

40

І са зьнешняга боку каля ўваходу ў праёміну паўночнае брамы былі два сталы, і з другога боку каля бабінца пад брамай — два сталы.

41

Чатыры сталы — з аднаго боку і чатыры сталы — з другога боку і абапал брамы: усяго восем сталоў, на якіх колюць ахвяры.

42

І чатыры сталы для прыгатаваньня цэласпаленьня былі з часаных камянёў, даўжынёю ў паўтара локця і шырынёю ў паўтара локця, а вышынёю ў адзін локаць; на іх кладуць прылады для заколу ахвяры цэласпаленьня і іншыя ахвяры.

43

І гакі ў адну далоню ўроблены былі ў сьцены будынка вакол, а на сталах клалі ахвярнае мяса.

44

Звонку ўнутранае брамы былі пакоі для сьпевакоў; на ўнутраным двары, з боку паўночнае брамы, адна на поўдзень, а другая, з боку паўднёвае брамы, на поўнач.

45

І сказаў ён мне: гэты пакой, які выходзіць на поўдзень — для сьвятароў, якія чуваюць на варце храма;

46

а пакой, які выходзіць на поўнач — для сьвятароў, якія чуваюць на варце ахвярніка: гэта сыны Садока, якія адны з сыноў Лявія набліжаюцца да Госпада, каб служыць Яму.

47

І намерыў ён у двары сто локцяў даўжыні і сто локцяў шырыні: ён быў чатырохкутны: а перад храмам стаяў ахвярнік.

48

І прывёў ён мяне да бабінца храма і намерыў у слупах бабінца пяць локцяў з аднаго боку і пяць локцяў з другога; а ў браме — тры локці шырыні з аднаго боку і тры локці з другога.

49

Даўжыня бабінца — дваццаць локцяў, а шырыня — адзінаццаць локцяў, і ўзыходзяць у яго па дзесяці прыступках; і былі падпоры ў слупоў: адна — з аднаго боку, а другая -з другога.