Езекііль 28

1

І было мне слова Гасподняе:

2

сыне чалавечы! скажы начальніку ў Тыры: так кажа Гасподзь Бог: за тое, што ўзьнеслася сэрца тваё і ты кажаш: "я бог, сяджу на пасадзе божым, у сэрцы мораў", і, як што я чалавек, а ня Бог, ставіш розум твой нароўні з розумам Божым,

3

і вось, ты мудрэйшы за Данііла, няма таямніцы, схаванай ад цябе;

4

твёй мудрасьцю і тваім розумам ты здабыў сабе багацьце і ў свае скарбніцы сабраў золата і срэбра;

5

вялікай тваёй мудрасьцю, шляхам твайго гандлю, ты памножыў сваё багацьце, і твой розум заганарыўся тваім багацьцем,

6

за тое так кажа Гасподзь Бог: як што ты свой розум ставіш нароўні з розумам Божым,

7

вось, Я навяду на цябе іншаземцаў, самых лютых з народаў, і яны аголяць свае мечы супроць красы тваёй мудрасьці і запамрочаць твой бляск;

8

зьвядуць цябе ў магілу, і памрэш у сэрцы мораў сьмерцю забітых.

9

Ці скажаш тады перад тваім забойцам: "я бог", тым часам як у руцэ ў таго, хто цябе пабівае, ты будзеш чалавек, а ня бог?

10

Ты памрэш ад рукі іншаземцаў сьмерцю неабрэзаных; бо я сказаў гэта, кажа Гасподзь Бог.

11

І было мне слова Гасподняе:

12

сыне чалавечы! плач па цары Тырскім і скажы яму: так кажа Гасподзь Бог: ты пячатка дасканаласьці, паўната мудрасьці і вянок прыгажосьці.

13

Ты быў у Эдэме, у садзе Божым; твая вопратка была ўпрыгожана рознымі каштоўнымі камянямі; рубін, тапаз і алмаз, хрызаліт, анікс, ясьпіс, сапфір, карбункул і смарагд і золата, усё па-майстэрску пасаджанае ў цябе ў гнязьдзечках і нанізанае на цябе, прыгатавана было ў дзень твайго стварэньня.

14

Ты быў памазаны херувім, каб асяняць, і Я паставіў цябе на тое; ты быў на сьвятой гары Божай, хадзіў сярод агнявых камянёў.

15

Ты беззаганны быў на шляхах тваіх з дня твайго стварэньня, пакуль не знайшлося ў табе пахібы.

16

Ад пашыранасьці гандлю твайго сярэдзіна твая напоўнілася няпраўдаю, і ты зграшыў; і Я скінуў цябе, як нячыстага, з гары Божай, выгнаў цябе, херувіме асяняльны, з асяродзьдзя агністых камянёў.

17

Ад прыгажосьці тваёй заганарылася сэрца тваё, ад славалюбства твайго загубіў сваю мудрасьць; за тое Я скіну цябе на зямлю, перад царамі аддам цябе на ганьбу.

18

Мноствам пахібаў тваіх у няправедным тваім гандлі ты апаганіў свае сьвятыні; і Я дастану спасярод цябе агонь, які і зжарэ цябе: і Я ператвару цябе ў попел на зямлі перад вачыма ўсіх, хто цябе бачыць.

19

Усе, хто ведаў цябе сярод народаў, дзіву дадуцца зь цябе; ты зробішся жахам, і ня будзе цябе вавекі.

20

І было мне слова Гасподняе:

21

сыне чалавечы! павярні аблічча тваё да Сідона і вымаві на яго прароцтва,

22

і скажы: вось, Я на цябе, Сідоне, і праслаўлюся сярод цябе, і ўведаюць, што Я — Гасподзь, калі ўчыню суд над ім і яўлю ў ім сьвятасьць Маю;

23

і пашлю на яго згубную пошасьць і праліцьцё крыві на вуліцы яго, і ўпадуць сярод яго забітыя мечам, які пажырацьме яго адусюль; і ўведаюць, што Я — Гасподзь.

24

І ня будзе ён больш дому Ізраілеваму калючым цернем і болепрычынным ваўчком, больш за ўсіх суседзяў зласьлівым да яго, і ўведаюць, што Я — Гасподзь Бог.

25

Так кажа Гасподзь Бог: калі я зьбяру дом Ізраілеў з народаў, сярод якіх яны расьсеяныя, і абэяўлю сярод іх сьвятасьць Маю перад вачыма плямёнаў, і яны будуць жыць на сваёй зямлі, якую Я даў рабу Майму Якаву;

26

тады яны будуць жыць на ёй ў бясьпецы і пабудуюць дамы, і насадзяць вінаграднікі і жыцьмуць у бясьпецы, бо Я ўчыню суд над усімі зласьліўцамі іхнімі і вакол іх, і ўведаюць, што Я — Гасподзь Бог іхні.