Езекііль 10

1

І бачыў я: і вось на скляпеньні, якое над галовамі ў херувімаў, як бы камень сапфір, як бы нешта падобнае на прастол відаць было над імі.

2

І гаварыў Ён чалавеку, які быў апрануты ў ільняную вопратку, і сказаў: увайдзі паміж калёсамі херувімаў і вазьмі поўныя прыгаршчы жару, і кінь на горад; і ён увайшоў на маіх вачах.

3

А херувімы стаялі па правы бок Дома, калі ўвайшоў той чалавек, і воблака напаўняла ўнутраны двор.

4

І паднялася слава Гасподняя з херувіма да парога Дома, і дом напоўніўся воблакам, і двор напоўніўся зьзяньнем славы Госпада.

5

І шум ад крылаў херувімаў чутны быў нават на зьнешнім двары, як бы голас Бога ў семагутнага, калі Ён гаворыць.

6

І калі Ён даў загад чалавеку, апранутаму ў ільняную вопратку, сказаўшы: "вазьмі агню паміж коламі, паміж херувімамі", і калі ён увайшоў і стаяў каля кола,

7

тады спасярод херувімаў адзін херувім працягнуў руку сваю да агню, які паміж херувімамі, і ўзяў і даў у прыгаршчы апранутаму ў ільняную вопратку. Ён узяў, і выйшаў.

8

І відаць было ў херувімаў падабенства рук чалавечых пад крыламі іхнімі.

9

І бачыў я: вось чатыры колы каля херувімаў, па адным коле каля кожнага херувіма, і колы з выгляду — як бы з каменя тапаза.

10

І з выгляду ўсе чатыры падобныя, быццам кола было ў коле.

11

Калі ішлі яны, дык ішлі па чатыры свае бакі; падчас шэсьця свайго не азіраліся, але да таго месца, куды павернута была галава, і яны туды ішлі; падчас шэсьця свайго не азіраліся.

12

І ўсё цела іх і сьпіна іх, і рукі іх і крылы іх, і колы навокал былі поўныя вачэй, — усе чатыры колы іхнія.

13

Колы гэтыя, як я чуў, былі названы: "галгал";.

14

І ў кожнае жывёліны чатыры твары: першы твар — твар херувімавы, другі твар — твар чалавечы, трэці твар — ільвіны і чацьвёрты — твар арліны.

15

Херувімы падняліся. Гэта былі тыя самыя жывёліны, якіх бачыў я каля ракі Хавар.

16

І калі ішлі херувімы, тады ішлі каля іх і колы; і калі херувімы падымалі крылы свае, каб падняцца ад зямлі, і колы не аддзяляліся, а былі каля іх.

17

Калі тыя стаялі, стаялі і яны; калі тыя падымаліся, падымаліся і яны, бо ў іх быў дух жывёлін.

18

І адышла слава Гасподняя ад парога Дома і стала над херувімамі.

19

І паднялі херувімы крылы свае і падняліся на маіх вачах ад зямлі; калі яны адыходзілі, дык і колы каля іх; і сталі каля ўваходу ва ўсходнюю браму Дома Гасподняга, і слава Бога Ізраілевага ўгары над імі.

20

Гэта былі тыя самыя жывёліны, якіх бачыў я каля падножжа Бога Ізраілевага каля ракі Хавар. І я пазнаў, што гэта — херувімы.

21

У кожнага — па чатыры твары, і ў кожнага — па чатыры крылы, і пад крыламі ў іх падабенства рук чалавечых.

22

А падабенства твараў іхніх — тое самае, якія твары бачыў я каля ракі Хавар, — і выгляд у іх, і самыя яны. Кожны ішоў проста ў той бок, які быў перад абліччам ягоным.