Плач Ераміі 5

1

Успомні, Госпадзе, што над намі зьдзейсьнілася; паглядзі, падзівіся на паганьбеньне нашае:

2

спадчына нашая перайшла да чужых, дамы нашыя — да іншапляменцаў;

3

Мы асірацелі, бяз бацькі; маці нашыя — аўдавелі.

4

Ваду сваю п’ем за срэбра, дровы нашыя нам за грошы даюць.

5

Нас паганяюць у карак, мы працуем — і ня маем спачыну.

6

Працягваем руку да Егіпцянаў, да Асірыянаў, каб наесьціся хлеба.

7

Бацькі нашыя грэшнікі: іх больш няма, а мы кару нясем за беззаконьні іхнія.

8

Рабы пануюць над намі, і няма каму выбавіць з-пад рукі іхняй.

9

Свой хлеб здабываем з пагрозай жыцьцю ад меча.

10

Счарнела, як печ, нашая скура ад пякучага голаду.

11

Жанок на Сіёне няславяць, дзяўчат — у гарадах Юдэйскіх.

12

Князі павешаны рукамі іхнімі, абліччы старцаў не ўшанаваны.

13

Юнакоў бяруць да жорнаў, і падлеткі падаюць пад ношкамі дроў.

14

Старцы не сядзяць больш каля варотаў; хлопцы не сьпяваюць.

15

Аціхла радасьць сэрца нашага: карагоды нашыя ў енк абярнуліся.

16

Упаў вянок з галавы нашай; гора нам, што мы зграшылі!

17

Ад гэтага вось зьнемаглося нашае сэрца; ад гэтага нашыя вочы зацьміліся.

18

Ад таго, што апусьцела гара Сіён, лісы ходзяць па ёй.

19

Ты, Госпадзе, жывеш вечна; трон твой — род у род.

20

Дзеля чаго зусім забываеш нас, пакідаеш на доўгі час?

21

Навярні нас да Цябе, Госпадзе, і мы навернемся; абнаві дні нашыя, як спрадвеку было.

22

Няўжо ты зусім адкінуў нас, прагневаўся на нас бязь меры?